Не дазвалялі — пратэставалі, дазволілі — не прыйшлі

Першыя сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі ў рэгіёнах нярэдка праходзяць у паўпустых залях. Апазыцыя пакуль не скарыстоўвае нават тыя магчымасьці, якія дазваляе сёлета мясцовая ўлада. Прычыны гэтага высьвятлялі рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

МЕНШЧЫНА


У мінулую сераду ў Барысаве ў гарадзкім кінатэатры «Кастрычнік» адбывалася сустрэча кандыдата на прэзыдэнта Яраслава Раманчука з выбарцамі. Разам з госьцем у залі было менш чым два дзясяткі чалавек, паведаміў «Свабодзе» барысаўскі дэмакратычны актывіст Віктар Гарбачоў. Суразмоўца ўдакладніў і прычыны, чаму пуставала заля:

«Я мяркую, што такія сустрэчы трэба рыхтаваць загадзя. Хаця б дні тры-чатыры аддаць на падрыхтоўку. Гэтым разам не пасьпелі па часе. Напэўна, пасьпяшаліся. Трэба было загадзя агітацыю правесьці, распаўсюдзіць аб’явы і толькі пасьля правесьці сустрэчу».

Паводле слоў Віктара Гарбачова, наступная сустрэча ў тым жа кінатэатры «Кастрычнік» заплянаваная з кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым. «Пакуль інфармацыі пра гэта ў Барысаве зноў недастаткова», — кажа суразмоўца.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Замест сустрэчы з кандыдатам прапаноўваюць балет


На Гарадзеншчыне мясцовыя ўлады не рэагуюць на патрабаваньні і скаргі штабоў апазыцыйных кандыдатаў. Тыя дамагаюцца, каб ім дазволілі праводзіць агітацыйную кампанію ў людных месцах і вялікіх залях.

У Горадні дырэктар абласной філярмоніі толькі ад прадстаўнікоў штабу Яраслава Раманчука даведаўся, што заля філярмоніі прызначана гарвыканкамам для правядзеньня сустрэч з кандыдатамі ў прэзыдэнты.

У горадзе гэта адна з самых вялікіх заляў. Яна ў цэнтры горада, сюды зручна дабірацца. У бліжэйшую нядзелю актывісты штабу Яраслава Раманчука плянавалі правесьці тут сустрэчу свайго кандыдата з выбарцамі, але так і не дамовіліся з дырэктарам.

Кіраўнік абласнога штабу Юры Істомін: «Заля філярмоніі занятая ўсе выходныя, там праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, на якія прадаюцца білеты. І менавіта ў нядзелю там будуць паказваць менскі балет. Нам прапанавалі праводзіць сустрэчу толькі а 10-й гадзіне раніцы».

У Слоніме для сустрэч з кандыдатамі выдзелілі залю кінатэатру «Мір», якая зьмяшчае да 200 чалавек. Як жартуюць мясцовыя актывісты, калі прыйдзе паўтысячы ахвотных, то давядзецца ісьці на танцпляцоўку ў парк, бо там таксама дазволена, а месца болей.

Мясцовы актывіст: «Кінатэатар разьлічаны на 200 месцаў. Калі прыйдзе некалькі тысяч, то яны ня зьмесьцяцца. У горадзе ёсьць заля раённага Дома культуры на 600 месцаў, але там зьбірацца нельга. Закрытае памяшканьне адно на ўвесь горад, дзе можна сустрэцца з кандыдатам».

У Мастах адбылася сустрэча з даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага — Паўлам Севярынцам. На сустрэчу прыйшло ўсяго каля 40 чалавек. Праўда, яна адбывалася а 13-й гадзіне.

Мастоўскі актывіст Зьміцер Кухлей кажа, што ў такі час складана, каб прыйшло болей народу. Але і паведамляць людзям пра сустрэчу даводзілася праз самавыдатаўскія ўлёткі, якія неўзабаве зрывалі невядомыя. Спрабавалі запрашаць людзей на гарадзкім рынку, але там — не дазволена.

Кухлей: «Зьявіліся кіраўнік мастоўскага РАУС і тэрытарыяльнай камісіі ды папярэдзілі нас, што гэта незаконна. Прычым папярэджаньне гэтае міліцыянты здымалі на відэакамэру.

Давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец сустракаецца з выбарцамі ў Мастах.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Сабраць людзей на агітацыйныя сустрэчы будзе складана»

Першыя сустрэчы з кандыдатамі на прэзыдэнта ў Віцебскай вобласьці яшчэ толькі плянуюцца. І першым горадам, куды прыедуць кандыдаты, будзе Ворша. Але мясцовыя актывісты выказваюць меркаваньні, што сабраць людзей на агітацыйныя сустрэчы будзе нялёгка.

Алесь Шутаў, старшыня раённай суполкі партыі БНФ, арганізуючы сустрэчу з Рыгорам Кастусёвым, мусіў пагадзіцца на ня самае зручнае памяшканьне:

«Да нас у Воршу 26 лістапада прыедзе Рыгор Кастусёў, а 27 лістапада — Ўладзімер Някляеў. Аказалася, цяжка знайсьці прыдатнае памяшканьне. Вялікая заля ў цэнтры гораду, у мастацкай школе № 1, як высьветлілася, занятая — там будзе імпрэза да юбілею Ўладзімера Караткевіча. А іншыя залі — гэта на ўскраінах. Пераважна гэта актавыя залі агульнаадукацыйных школ, і хіба некалькі дзясяткаў чалавек можна разьмясьціць у такой залі».

26 лістапада ў Воршы адзначаюць 80-я ўгодкі Караткевіча, славутага пісьменьніка-земляка. Таму пагадзіцца давялося на залю Дома культуры інвалідаў зроку, кажа Алесь Шутаў. Заля там неблагая, але ж сам дом культуры месьціцца далёка ад цэнтру, на вуліцы Шаўчэнкі, і дабірацца праз увесь горад на сустрэчы з кандыдатамі Рыгорам Кастусёвым ды Ўладзімерам Някляевым пажадаюць далёка ня ўсе аршанцы.

Зрэшты, нават запрасіць людзей — і то стала праблемай, працягвае Алесь Шутаў:
Аршанская тэлекампанія „Скіф“ адмовілася прыняць абвесткі пра сустрэчы з Кастусёвым і зь Някляевым.

«25 лістапада, сёньня, аршанская тэлекампанія „Скіф“ адмовілася прыняць абвесткі пра сустрэчы з Кастусёвым і зь Някляевым. Матывацыя — што трэба яшчэ нейкі пісьмовы дазвол з гарвыканкаму. Хаця сустрэчы ўзгодненыя з тэрытарыяльнай камісіяй і няма патрэбы ў нейкіх яшчэ дадатковых санкцыях, рашэньнях, пастановах. Тым ня менш мы сутыкнуліся з тым, што закон — не для ўсіх».

Каб паведаміць пра сустрэчы з кандыдатамі сваім землякам, аршанскія актывісты расклейваюць па горадзе аб’явы.

Тое самае плянуюць рабіць і ў Наваполацку, куды 29-га лістапада мае завітаць Рыгор Кастусёў. Але, як паведаміў старшыня наваполацкай суполкі Партыі БНФ Уладзімер Кунцэвіч, праблем пакуль не паўстала ні з памяшканьнем, ні з рэклямай.

Абвесткі пра сустрэчу на мясцовай тэлестудыі «Вэктар» узялі, а памяшканьне, дзе жыхары гораду змогуць сустрэцца з кандыдатам на прэзыдэнта, — гэта самая прэстыжная ў Наваполацку заля Палаца культуры прадпрыемства «Нафтан», якая ўмяшчае 600 гледачоў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Аўтапікет — знаходка гомельскіх актывістаў»

25 лістапада ў Гомелі выстаўлены першы агітацыйны пікет за апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты.

Аўтапікет ля мэдунівэрсытэту

На пляцоўцы ля новага ўнівэрмагу абвесткі пра сустрэчу Андрэя Саньнікава з выбарцамі 5 сьнежня ў Доме культуры «Фэстывальны» раздавала Галіна Баранава. Разам з саматужна вырабленымі абвесткамі актывістка раздавала й сінія стужачкі — гэта колер выбарчай кампаніі Саньнікава:

«Не хапае агітацыйных матэрыялаў. Самі на ксэраксе, хто можа, друкуем. Толькі ў панядзелак грошы паступілі Саньнікаву з камісіі, таму яшчэ не пасьпелі надрукаваць ніякіх матэрыялаў. Думаю, што гэта спэцыяльна зроблена. Мала часу застаецца для агітацыі. Гэта на руку ўладзе й афіцыйнаму кандыдату».

Галіна Баранава раздае абвесткі.
Рэдкія аб’явы.

У абласным цэнтры вызначана 9 месцаў для правядзеньня пікетаў і мітынгаў, але яны не выкарыстоўваюцца пакуль для агітацыйнай кампаніі.