Невядомая літаратура

Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».


Якім Вам бачыцца месца сучаснай беларускай літаратуры на радзіме і ў сьвеце?

Віктар Кіслы


Адважваюся сьцьвярджаць, што наша літаратура сёньня — адна з найцікавейшых у Эўропе. Думка не зусім мая. Пра гэта няраз пісалі ў рэдакцыйных прадмовах замежныя выданьня, якія аддавалі свае старонкі пісьменьнікам зь Беларусі. Прычым, гаворка ішла пра цікавасьць ня толькі і ня столькі з прычыны сытуацыі, у якой беларуская літаратура ствараецца, а з прычыны сапраўды эўрапейскага роўню найлепшых праяваў айчыннага прыгожага пісьменства.

Ды парадокс у тым, што Эўропа па-ранейшаму пра тое, аб чым мы гаворым, не здагадваецца або ў сілу старых стэрэатыпаў і ведаць ня хоча. Адзін знаёмы бэрлінец неяк прызнаўся, што для бальшыні ягоных суайчыньнікаў (і гэта з улікам колішняй ГДР) эўрапейскі сьвет усё адно канчаецца за Одэрам.

У 2004-м у Польшчы выйшла анталёгія сучаснага беларускага апавяданьня. Кніга называецца «Беларусь — краіна, аточаная высокімі гарамі». Такога твору ў зборніку няма, гэта значыць, мэтафарычна- іранічны назоў дало само выдавецтва. Калі Беларусь такая далёкая для палякаў, дык што ўжо казаць пра немцаў ці французаў! Ды мы з нашай літаратурай для іх — ня толькі за высокімі гарамі, а яшчэ й за глыбокімі марамі.

Але, можа, вінаватыя не адно забабоны й стэрэатыпы? Напэўна, амаль ува ўсіх дэмакратычных краінах кантынэнту існуюць структуры, якія займаюцца «прасоўваньнем» нацыянальных культураў і літаратур. Інстытут Гётэ, Славацкі, Швэдзкі, Польскі ect. Два апошнія, да прыкладу, разам з амбасадамі цягам аднаго месяца правялі ў Менску бліскучыя прэзэнтацыі беларускіх перакладаў раманаў ці не найбольш чытанага ў сёньняшняй Швэцыі празаіка Мікаэля Ніемі «Папулярная музыка зь Вітулы» і знакамітай полькі Вольгі Такарчук «Правек ды іншыя часы».

Камусьці, магчыма, мроіцца, што нешта кшталту Беларускага інстытуту створанае за гады незалежнасьці і ў нас. На пачатку 1990-х спадзяваньні на гэта даваў навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны, які ачольваў Адам Мальдзіс. Аднак зьмянілася ўлада, і пасьля некалькіх рэарганізацыяў цэнтар ціха кануў у Лету.

А, можа, функцыі будучага Беларускага інстытуту, пакуль ён народзіцца, бяруць на сябе амбасады РБ? Знаходзяць час і сродкі знаёміць краіны сваёй дысьлякацыі з роднай літаратурай, запрашаюць пісьменьнікаў, ладзяць сэмінары перакладчыкаў?.. Калі такая дзейнасьць і мае месца, яна адбываецца ў глухім падпольлі, зь якога аніякіх сыгналаў не далятае. Затое вядома шмат іншых прыкладаў, калі прадстаўнікі лукашэнкаўскіх дыпляматычных установаў альбо, на ўсялякі выпадак, на выступы нашых вядомых літаратараў за мяжой проста не зьяўляюцца, альбо прыходзяць, каб, сьціпла зьліўшыся з публікай напружана сядзець у кутку з умкнутым дыктафонам ці разгорнутым нататнікам.
Улада наогул любіць мёртвых геніяў, але лукашэнкаўская ня здатная і на гэта.

Другі, яшчэ больш сумны парадокс палягае ў тым, што сучасная беларуская літаратура ў выніку «культурнай палітыкі» цяперашняй улады ўсё больш ператвараецца ў terra incognita для саміх беларусаў. Дзяржаўныя тэлеканалы амаль дзесяць гадоў у лепшым разе маўчалі пра нобэлеўскага намінанта Васіля Быкава. Пасьля кастрыраваных сюжэтаў пра ягонае ўсенароднае пахаваньня маўчаньне працягваецца. Можа, яно прывядзе да ўрачыстага вылучэньня на Нобэля генэрала Чаргінца?

А калі вы апошні раз бачылі на экранах народных паэтаў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча?

Зрэшты, я пачынаю казаць рэчы вядомыя, відаць, кожнаму, хто не вядзе расьліннага існаваньня.

Улада наогул любіць мёртвых геніяў, але лукашэнкаўская ня здатная і на гэта. Днямі мы з Уладзімерам Някляевым у пытаньні вуліцы імя Васіля Быкава хадзілі на прыём да старшыні Менскага гарсавету. У прыёмны час заместа старшыні нас сустрэлі два падцягнутыя накачаныя памочнікі. Яны адразу прапанавалі напісаць абгрунтаваньне прапановы (за якую, як вы памятаеце, сабрана 100 тысяч подпісаў). Што пісаць? Хто такі Быкаў?

А, вяртаючыся да месца беларускага прыгожага пісьменства ў сьвеце, скажу, што толькі што ў Польшчы выйшаў раман Наталкі Бабінай «Рыбін горад», а ў Нямеччыне — «Сарока на шыбеніцы» Альгерда Бахарэвіча. І першую міжнародную Гданьскую паэтычную прэмію сёлета заваявалі мы.

Прэзыдэнт Беларускага ПЭН-клюбу Андрэй Хадановіч нядаўна сказаў, што нобэлеўскага ляўрэата мы атрымаем яшчэ пры нашым жыцьці. А я прадказваю, што ў гэтым стагодзьдзі ляўрэатаў будзе ня менш за два.


УСЕ ТЭКСТЫ СЭРЫІ «ПАКУЛЬ ЛЯЦІЦЬ СТРАЛА»