Лаўроў і Лукашэнка не сустрэліся. Сварка працягваецца

Сяргей Лаўроў


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, які сёньня знаходзіўся ў Менску, не сустракаўся з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. Экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што высокі маскоўскі госьць ігнараваў размову з Лукашэнкам менш чым за месяц да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Некаторыя палітолягі называюць такія паводзіны Сяргея Лаўрова дэманстратыўнымі.

Калі сёньня міністр Сяргей Лаўроў са сваім калегам Мартынавым выйшлі да журналістаў, тых найперш цікавіла, чаму расейскі міністар не сустрэўся з кіраўніком Беларусі?

Сяргей Лаўроў сказаў, што сустрэча з Лукашэнкам у яго не плянавалася:

«Мы прыехалі ў Менск займацца канкрэтнай справай — правесьці сумеснае паседжаньне калегіяў двух міністэрстваў. Мы гэта зрабілі. Прынялі рашэньні, якія маюць практычнае, а ня нейкае там уяўнае значэньне для інтарэсаў дзьвюх нашых дзяржаваў у сфэры каардынацыі зьнешняй палітыкі. Пра нейкія іншыя мерапрыемствы, калі мы дамаўляліся пра паездку ў Менск, размова не заходзіла».

Раман Якаўлеўскі
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць: Лукашэнка ўжо ўчора ведаў, што Лаўроў зь ім сустракацца ня будзе. Менавіта гэта, на думку аглядальніка, і выклікала рэакцыю кіраўніка Беларусі, які 22 лістапада выступіў з рэзкай крытыкай падыходу Масквы да вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі. Кіраўнік Беларусі адмовіўся падпісваць дакумэнты аб рэгіянальнай расейскай вайсковай групоўцы ў Беларусі.

Якаўлеўскі: «Лукашэнка падкрэсьліў, што гэта найсур’ёзьнейшае пытаньне. І яго патрэбна разглядаць на паседжаньні так званага Вышэйшага дзяржсавету, кіраўніком якога ён па-ранейшаму фармальна зьяўляецца. Лукашэнку ўчора было вядома, што Лаўроў зь ім сустракацца ня будзе. І менавіта гэта выклікала такую моцную і нечаканую для многіх рэакцыю. Ён жа замахнуўся з крытыкай на вайсковую галіну. А гэта „сьвятая карова“ ў супрацоўніцтве дзьвюх краін».

Сяргей Маркаў
Дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расеі», дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сяргей Маркаў у размове са «Свабодай» сказаў, што адсутнасьць сустрэчы Лаўрова і Лукашэнкі ёсьць «сьведчаньнем крызісу ў беларуска-расейскіх дачыненьнях, які працягваецца»:

«Прычым, гэта крызіс не паміж краінамі і народамі, а паміж кіраўнікамі. Хто канкрэтна даў каманду не сустракацца, Мядзьведзеў альбо Лукашэнка, мне цяжка сказаць. Але вострыя выступы працягваюцца, пазыцыя тэлеканалаў крытычная. І гэта ўсе бачаць. І адсутнасьць сустрэчы — гэта яшчэ адна прыкмета таго, што крызіс не пераадолены».

Сёньня ж Сяргей Лаўроў назваў апошнія кантакты беларускага кіраўніцтва з прадстаўнікамі краінаў, якія ўваходзяць у Эўразьвяз, «натуральным працэсам ва ўмовах усясьветнай глябалізацыі». Ён таксама сказаў, што Расея ня мае намеру стрымліваць Беларусь у дачыненьнях з Захадам. Лаўроў падкрэсьліў:

«Мы падтрымліваем усе звароты Беларусі да далучэньня да самых розных мэханізмаў — ці гэта Рада Эўропы, ці гэта Паўночнае вымярэньне, ці гэта любыя іншыя шматбаковыя фарматы супрацоўніцтва».