Някляеў выгадна падаў сваё слабае месца, Лукашэнка эфір праігнараваў

Распачаўся маратон выступаў кандыдатаў на прэзыдэнта ў радыё- і тэлеэфіры. На сёньня былі прызначаныя радыёзвароты Ўладзімера Някляева і Аляксандра Лукашэнкі. Як скарысталіся сваім правам кандыдаты? Разважае Ўладзімер Глод. Зь ім гутарыць Алена Радкевіч.

Радкевіч: Сёлета, які ў часе мінулай прэзыдэнцкай кампаніі Аляксандар Лукашэнка не скарыстаўся сваім правам кандыдата на паўгадзінны выступ. Што можа азначаць гэтая дэманстратыўная адмова?

Глод: Асабіста ў мяне не было ніякага сумневу, што Лукашэнка не скарыстаецца сваім правам, і я бачу 2 прычыны. Па-першае, яму гэта абсалютна непатрэбна, ён увесь час і так прысутнічае і на тэлебачаньні, і на радыё, і ў дзяржаўных газэтах – што яму гэтыя 30 хвілінаў? Паводле маніторынгу, ён у 1250 разоў больш быў у мэдыях, чым усе астатнія кандыдаты разам узятыя. Але галоўнае, падаецца, тут псыхалягічны аспэкт: калі б ён выступаў сёньня, гэта азначала б, што ён такі ж самы, як і астатнія 9 кандыдатаў.

Радкевіч:
Зараз да выступу Ўладзімера Някляева.



Някляеў – адзін з самых харызматычных і эмацыйных кандыдатаў, таму чакалася, што ягоны выступ будзе крэатыўным і яркім. На мой погляд, ён апраўдаў чаканьні. Маё ўражаньне, што па ўзьдзеяньні гэта быў Аляксандар Лукашэнка 16-гадовай даўніны, толькі інтэлігентны і адукаваны. Якое ўражаньне ў вас?

Глод:
Вельмі падобнае. Найперш зьвярнулі на сябе ўвагу энэргія, напорыстасьць, упэўненасьць, артыстызм. Гэта і ня дзіўна: у свой час Някляеў працаваў на тэлебачаньні, і ён цудоўнае ведае магчымасьці, якія даюць такія выступы. Ён нават прапаноўваў зрабіць музычную адбіўку са сваіх песень, але яму адмовілі, таму, маўляў, што астатнія кандыдаты вершаў ня пішуць, і тады вы будзеце ў няроўных умовах.

Але, на мой погляд, і бяз музыкі, і бяз песень Някляеў вельмі ўдала скарыстаўся сваім выступам.

Радкевіч: Мы абмеркавалі форму выступу, а зараз давайце пяройдзем да зьместу.

Глод:
Някляеў разумеў сваё самае слабае месца: тое, што ён не палітык, а паэт і літаратар. Але ён з гэтага і пачаў, зьняўшы гэтыя папрокі і патлумачыўшы: "Я стварыў кампанію "Гавары праўду!", самую моцную ў Беларусі, яна не зьвязаная ні з уладай, ні з апазыцыяй, а разьлічаная на людзей" – на тых 200 тысяч, якія аддалі за яго подпісы. І згадаў свой рэйтынг – самы высокі ў параўнаньні зь іншымі супернікамі Лукашэнкі: 18 %.

Радкевіч:
Я зьвярнула ўвагу і на тое, што ён пазыцыянваў сябе, як апанэнт асабіста Аляксандру Лукшаэнку, а ня так, як кандыдаты, якія выступалі дагэтуль, што выказваліся супраць абстрактнай "улады", стараючыся не выглядаць занадта радыкальнымі.

Глод:
Так, гэта было выразна бачна: ён вельмі часта ўзгадваў прозьвішча Лукашэнкі і, здаецца, таксама знайшоў добры ход. Ён узяў галоўную тэзу кіраўніка дзяржавы, што, маўляў, у нас рай, у нас стабільнасьць, а калі так, пытаецца Някляеў, то чаму такія высокія цэны на ўсё: і на рэчы, і на харчы, і на кватэры? Чаму насельніцтва за час кіраваньня Лукашэнкі зьменшылася на паўмільёна? Ён добра разьбівае гэтыя тэзы, але я б зьвярнуў увагу і на пазытыўную частку ягонай праграмы: ён абяцае шмат чаго. Напрыклад, мацярынскі капітал, прычым – што добра павінна падзейнічаць на выбарцаў – казаў, што такі мацярынскі капітал ёсьць ва Ўкраіне, у Расеі, абяцаў яшчэ даваць грошы "дзецям вайны", як гэта робіцца ва Ўкраіне. Ён вельмі тэхналягічна слушна пабудаваў выступ: маўляў, Лукашэнка кажа, што рай у нас, а аказваецца – у нашых суседзяў, і трэба вучыцца ў суседзяў, а мы ж кажам, што мы наперадзе ўсёй плянэты. Ён умела закрануў балявыя кропкі.

І яшчэ: іншыя кандыдаты, калі прамаўлялі, таксама казалі пра падзел уладаў. Някляеў гэты падзел уладаў канкрэтызаваў. Сказаў: калі з вамі, ня дай Бог, нешта здарыцца, начальства вас няўзьлюбіць – ніякі суд вас не выратуе, а калі будзе сапраўдны падзел улады – суд выратуе. То бок, ён рабіў упор на жыцьцёвыя сытуацыі, і з майго пункту гледжаньня, гэта павінна прывабіць да яго выбарцаў.

Радкевіч:
Апроч гэтага, у ягоным выступе пастаянна гучаў рэфрэн: “Галасуйце за Някляева!” То бок, ён дэманстраваў сябе як кандыдат, які настроены перамагчы.

Глод:
Слушна, а пры гэтым яшчэ паўтараў: калі хочаце быць здаровымі – галасуйце за Някляева, багатымі – галасуйце за Някляева і г.д. Людзям гэта павінна спадабацца.