Пільнуйце скрыні і днём, і ноччу!

Левыя партыі прапаноўваюць кандыдатам у прэзыдэнты супрацоўніцтва на ўласнай плятформе сацыяльна-эканамічных і палітычных зьмен. Адначасна кампанія «За справядлівыя выбары» ініцыявала зварот удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі ў Цэнтравыбаркам з прапановай забясьпечыць кругласуткавае дзяжурства на шэрагу выбарчых участкаў па ўсёй Беларусі.

Прапанову дэмакратычным кандыдатам працаваць супольна на глебе плятформы левых партый лідэр «Справядлівага сьвету» Сяргей Калякін патлумачыў тым, што гэтыя партыі ня маюць свайго кандыдата на прэзыдэнта, але неабыякавыя да лёсу краіны. Сяргей Калякін падкрэсьліў, што беларускія левыя адкрытыя да супольнай працы і зь цяперашнімі ўладамі, але ня вераць у іх рэфармаваньне:

Сяргей Калякін
«У прынцыпе, калі і ўлада разгледзіць нашыя прапановы і пойдзе на глыбокую рэформу палітычнай сыстэмы, а адна з частак гэтай рэформы — гэта свабодныя і справядлівыя выбары, — то мы гатовыя і з уладай супрацоўнічаць. Але, на наш погляд, ніякага прагрэсу з пункту гледжаньня лібэралізацыі і празрыстасьці выбарчага працэсу не існуе».

Гэтымі днямі да кандыдатаў у прэзыдэнты часта зьвяртаюцца з прапановамі. Адзін зь іх, Яраслаў Раманчук, кажа, што атрымаў некалькі прапаноў наконт супольнай працы:

Яраслаў
«Найбольш актыўныя — прадпрымальнікі: ёсьць спатканьні з асацыяцыямі малога і сярэдняга бізнэсу. Ведаю іх прапановы, і яны даўно інтэграваныя ў маю кандыдацкую праграму. Запрасілі на свой сход нават індывідуальныя прадпрымальнікі. Я добра стаўлюся да такіх прапаноў, для таго каб адлюстроўваць патрэбы розных сацыяльных груп. Таму чым больш актыўнасьці ў людзей, тым лепш».

Акрамя таго, сёньня кампанія «За справядлівыя выбары» зьвярнулася ў Цэнтравыбаркам ад імя дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты з прапановай забясьпечыць кругласуткавае дзяжурства і кантроль за шэрагам выбарчых участкаў краіны.

Віктар Карняенка
Адзін з каардынатараў кампаніі Віктар Карняенка: «Мы добра ведаем, як адбываюцца фальсыфікацыі — ноччу. Гэта пацьвердзіў і падпалкоўнік Казлоў. Таму мы хочам прапанаваць уладам яшчэ адзін шанец: калі хочаце, каб на гэтыя выбары глядзелі па-іншаму, чым на мінулыя, то, калі ласка, забясьпечце такую магчымасьць. Але ж мы не летуценьнікі, ведаем, што не для таго ствараліся мэханізмы фальсыфікацыі, каб іх адразу паламаць. Ну што ж — будзем мець яшчэ адзін доказ таго, што ўлады не зьбіраюцца прынцыпова мяняць выбарчую сыстэму, якую стварылі».

Як паведаміў Віктар Карняенка, у выпадку, калі Цэнтравыбаркам прыме прапанову і дасьць дазвол на арганізацыю кругласуткавага назіраньня за выбарчымі ўчасткамі, кантроль будзе арганізаваны ў 250 месцах галасаваньня па ўсёй Беларусі.