Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: у ПАРЭ накіравалі "паклёп і дыскрэдытацыю"



18 лістапада ў Парыжы на паседжаньні Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі. У пасяджэньні возьмуць удзел прадстаўнікі беларускіх уладаў і апазыцыі.

На пасяджэньні выступіць дакладчык ПАРЭ па Беларусі Сініка Хурскайнэн, якая ў жніўні наведвала Беларусь з азнаямленчым візытам. Затым чакаецца дыскусія з удзелам старшыні камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савету Рэспублікі Беларусі Яўгена Сьмірнова, карэспандэнта дзяржаўнай "Народнай газэты" Андрэя Бабка, кандыдата ў прэзыдэнты, сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага і намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Аляксандрава.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік выказаў абурэньне на адрас праваабаронцаў, якія "перадалі ў ПАРЭ інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасьці і патрабаваньням заканадаўства".

"Гэта інфармацыя, якая стала ўжо прадметам абмеркаваньня ў ПАРЭ, і якая па сутнасьці дыскрэдытуе нашу выбарчую сыстэму, яна ня толькі ня мае юрыдычнай падставы, а зьяўляецца сапраўдным паклёпам на нашу выбарчую сыстэму".

Мікалай Лазавік прывёў прыклад. Паводле праваабаронцаў, назіральнікі не дапускаліся да праверкі подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты і гэтым самым іх правы абмяжоўваліся. Мікалай Лазавік заяўляе, што назіральнікі ў раённыя камісіі накіроўваюцца на пасяджэньні, а назіраньне за падрыхтоўкай матэрыялаў для пасяджэньняў ня ўключана ў пералік дзеяньняў назіральнікаў. Камэнтуючы гэта, праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў:

"Мы лічым, што ўключана, што артыкул 13-ы, які ўтрымлівае пералік правоў назіральнікаў, не зьяўляецца вычарпальным. Бо вычарпальным зьяўляецца тое, што назіральнік ня можа рабіць. Таму калі працэдура праверкі подпісаў прапісана ў выбарчым кодэксе, то мы мусім за ёй назіраць. Інакш мы ня можам пацьвердзіць, што гэтыя 10 кандыдатаў сабралі подпісы, і што некаторыя подпісы былі прызнаныя несапраўднымі па нейкіх прычынах. Мы вымушаны давяраць толькі таму, што кажуць камісіі, якія сфармаваныя вядома якім чынам. Мы паспрабавалі накіраваць назіральнікаў, іх не дапусьцілі, вось і ўсё. Якія праблемы?"

Спадар Стэфановіч адзначыў, што праваабаронцы ў сваіх справаздачах пісалі, што працэдура праверкі подпісаў "была цалкам закрытай і непразрыстай".

Нягледзячы на тое, што 18 лістапада ў Менску пройдзе рэгістрацыя, кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі вырашыў узяць удзел у пасяджэньні Паліткамітэту ПАРЭ ў Парыжы. Падчас дэбатаў ён выкажацца адносна сытуацыі ў Беларусі.

"Свабодных выбараў ужо ў Беларусі няма. Ужо сёньня ў камісіі ня ўключаны прадстаўнікі дэмакратычных колаў у сваёй большасьці, няма доступу да СМІ. Дзяржаўныя СМІ — манапалісты, і нават імёны кандыдатаў згадваюцца мімаходзь, магчыма, раз на тыдзень, і тое ня ўсіх. Зь іншага боку, я зьяўляюся прыхільнікам адкрытасьці Эўразьвязу да Беларусі. Я не прымаю канцэпцыю, што расейскія штыкі могуць прынесьці сюды дэмакратыю. Пазыцыя БХД тут найбольш узважаная, канструктыўная, не марыянэткавая".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG