Пакараньне Менскам

  • Аляксандар Лукашук
Фрагмэнт новай кнігі Аляксандра Лукашука “Прагулкі з Освальдам” – да гадавіны забойства прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі 22 лістапада 1963 году, якое ўчыніў Лі Гарві Освальд.

Освальд нарадзіўся 18 кастрычніка 1939 году ў Новым Арлеане (бацька памёр за два месяцы да яго нараджэньня) і меў двух старэйшых братоў. У 1955-м, пасьля канфліктаў у школе, кідае вучобу, далучаецца да сацыялістычнай лігі. Паступае на вайсковую службу ў марскую пяхоту, атрымлівае спэцыяльнасьць апэратара авіяцыйнай электронікі (радары). Служыць у Японіі, на Тайвані і Філіпінах. Здае тэст на прыцэльную стральбу ў катэгорыі снайпэр. Летам 1959-га дэмабілізуецца з базы ў Каліфорніі.

16 кастрычніка 1959 году ў пошуках сапраўднага марксізму празь Фінляндыю прыяжджае у СССР па пяцідзённай турыстычнай візе, пасяляецца ў маскоўскім гатэлі “Бэрлін” і заяўляе перакладчыцы Інтурысту, што ён – камуніст і хоча атрымаць савецкае грамадзянства. Праз два дні ў яго дзень народзінаў, які ён правёў зь перакладчыцай, пакінуў запіс у дзёньніку:

Мой 20-ты дзень народзінаў, ідзём на выставу раніцай, а пасьля абеду -- у маўзалей Леніна-Сталіна. Яна ўручае мне падарунак – кнігу “Ідыёт” Дастаеўскага.

21 кастрычніка Освальд атрымлівае паведамленьне, што ў грамадзянстве яму адмоўлена, віза сканчаецца, і ён мусіць пакінуць краіну да 20:00. За гадзіну да сканчэньня тэрміну ў ваньне ён рэжа вены на левай руцэ. Перакладчыца знаходзіць яго без прытомнасьці, “хуткая” адвозіць яго ў шпіталь. На наступны дзень ён робіць дзёньнікавы запіс:

Я ў маленькай палаце. Са мной 12 хворых. Палата цёмная, сьняданак дрэнны. Пасьля працяглага двухгадзіннага назіраньня за іншымі хворымі я прыходжу да высновы, што я ў палаце для вар’ятаў, і гэта мяне вельмі бянтэжыць.


Пасьля выпіскі, праз тыдзень яго перавозяць у гатэль “Мэтраполь”, у больш сьціплы нумар, пачынаюцца сустрэчы з прадстаўнікамі Інтурысту і АВІРу. У лісьце старэйшаму брату ён патлумачыць, чаму вырашыў застацца ў Савецкім Саюзе.

ЛГО - Робэрту Освальду
26.11.59

Дарагі Робэрт,

Я задам табе пытаньне, Робэрт: дзеля чаго ты падтрымліваеш амэрыканскі ўрад? Які ідэал на першым пляне? Не кажы “свабода”, бо свабода – гэта слова, якое ўсе народы выкарыстоўвалі ўвесь час. Спытай у мяне, і я адкажу, што змагаюся за камунізм. Гэтыя словы наводзяць цябе на думку пра рабоў ці несправядлівасьць, так з-за амэрыканскай прапаганды, ты кажаш пра перавагі. Ты думаеш я тут дзеля гэтага? Дзеля асабістых, матэрыяльных выгодаў? Шчасьце – не асабістая рэч, яго не складаюць маленькі дом, каб браць і атрымліваць. Шчасьце ў тым, каб браць удзел у барацьбе, дзе няма мяжы паміж асабістым сьветам і сьветам увогуле. Я ніколі не лічыў, што я атрымаю больш матэрыяльных перавагаў на гэтым этапе разьвіцьця Савецкага Саюзу, чым я мог бы мець у ЗША.

Тут добрыя, цёплыя, жывыя людзі. Яны хочуць, каб усе народы жылі ў міры, але адначасна яны хацелі б бачыць свабоднымі эканамічна заняволеных людзей Захаду. Яны вераць у свае ідэалы і падтрымліваюць свой урад і краіну да канца.

Ты кажаш, што не выракаўся мяне, добра, я рады, але я скажу табе пра мае ўмовы. Я хачу, каб ты зразумеў, што я зараз скажу, і я не кажу гэта лёгка ці не падумаўшы, бо я, як ты ведаеш, служыў у войску і ведаю, што такое вайна.

1. Калі будзе вайна, я заб’ю любога амэрыканца, які надзене вайсковую форму дзеля абароны амэрыканскага ўраду – любога амэрыканца.

2. Унутрана я ня маю ніякага дачыненьня да ЗША.

3. Што я хачу і буду мець нармальнае, шчасьлівае і мірнае жыцьцё тут, у Савецкім Саюзе да канца свайго жыцьця.

4. Што мая маці й ты не зьяўляецеся аб’ектамі маёй любові, а толькі прыкладамі рабочых у ЗША.

Не спрабуй узгадаць, якім я быў, бо толькі цяпер я паказваю табе, які я. Я ня маю горычы ці нянавісьці, я прыехаў сюды, толькі каб знайсьці свабоду. Кажу праўду, я адчуваю, што нарэшце я са сваім народам.

У Маскве цяпер ідзе сьнег, і ўсё выглядае вельмі прыгожа. Я магу бачыць Крэмль і Красную плошчу і я толькі што павячэраў mjaso і kartofel, мясам і бульбай. Бачыш, расейцы ня так ужо й адрозьніваюцца ад цябе і мяне.

Лі.


У лісьце Освальд вылучае некалькі словаў, адно зь іх – заб’ю любога амэрыканца. Любы – гэта й брат. І ня толькі, канечне.

У апошні дзень году Освальд бярэ таксі, едзе ў амэрыканскую амбасаду, заяўляе пра адмову ад грамадзянства і здае пашпарт консулу Рычарду Снайдэру.

Незадоўга перад тым Снайдэру давялося мець справу з падобным выпадкам: адразу пасьля службы ў войску амэрыканец Пэтрулі прыехаў у Маскву як турыст, зьявіўся ў амбасадзе, каб здаць пашпарт, і заявіў, што адмаўляецца ад грамадзянства і застаецца ў СССР. Празь некалькі тыдняў назіраньняў савецкія ўлады запатрабавалі, каб амбасада вярнула яго ў ЗША: Пэтрулі быў псыхічна хворы.

Снайдэр пашпарт Освальда узяў, але грамадзянства не скасаваў – гэтая працэдура займала месяцы.

У наступныя дні Освальд дае некалькі інтэрвію амэрыканскім журналістам, але потым адмаўляецца ад кантактаў, сядзіць адзін у нумары, вучыць расейскую мову і чакае рашэньня.

4 студзеня 1960 году яго выклікаюць у АВІР, выдаюць дакумэнт для асобаў без грамадзянства. Супрацоўнік паведамляе, што месцам жыхарства вызначаны Менск.

Освальд запісвае ў дзёньніку:

Я пытаюся: гэта ў Сібіры? Ён сьмяецца.

Сталіца савецкай Беларусі не ўваходзіла ў сьпіс гарадоў, якія трымаў у памяці звычайны амэрыканец. Апроч Масквы і Ленінграда, ён ведаў Кіеў, Сталінград, магчыма, адрасы лэнд-лізу – вайсковыя парты Мурманск і Ўладзівасток.

Праз чатыры гады пытаньне пра Менск прагучала ў Вашынгтоне на пасяджэньні Прэзыдэнцкай Камісіі, якая расьсьледавала забойства Кенэдзі (“Камісія Ўорэна”).

Пытаньне было адрасавана дыплямату амэрыканскай амбасады ў Маскве Рычарду Снайдэру, які займаўся дакумэнтамі Освальда:

Кангрэсмэн Форд: Калі б вы ведалі, што Освальд быў у Менску, што б вы сказалі?

Снайдэр: Так яму і трэба.

Кангрэсмэн Форд: Чаму вы так кажаце?

Снайдэр: Вы ніколі не былі ў Менску. Гарады ў правінцыі ў Савецкім Саюзе знаходзяцца на вялікую прыступку ніжэй за сталіцу, а сталіца, паверце мне, на даволі вялікую прыступку ніжэй за любы амэрыканскі населены пункт. Адрозьненьне паміж буйнымі гарадамі і малымі і паміж малымі і вёскамі – гэта велізарны крок назад у часе. Жыць у Менску ці любым іншым правінцыйным горадзе ў Савецкім Саюзе – даволі змрочны досьвед для любога, хто жыў у нашым грамадзтве.

Кангрэсмэн Форд: Вы калі-небудзь былі ў Менску?

Снайдэр: Я правёў каля гадзіны ў Менску, гуляў паміж цягнікамі, аднойчы.


Кангрэсмэна, які пытаўся пра Менск, звалі Джэральд – празь дзесяць гадоў ён стане 38-м прэзыдэнтам ЗША, у гэтай якасьці паставіць свой подпіс пад Хэльсынскімі пагадненьнямі, якія дадуць новы імпульс савецкаму і пост-савецкаму дысыдэнцкаму руху (у Менску таксама зьявіцца свой “Хэльсынскі камітэт”).

Форд у Менску ніколі ня быў. А вось яго папярэднік у Белым доме сталіцу Беларусі адведаў. Рычард Ніксан з жонкай былі ў Менску ў чэрвені 1974-га, калі тут адзначалі 30-я ўгодкі вызваленьня Беларусі ад нямецкай акупацыі.

Яны прыляцелі з Крыму, дзе сустракаліся з Брэжневым, на адзін дзень. Пераначавалі ў рэзыдэнцыі ў Заслаўі, усклалі кветкі да помнікаў. Ніксан заўважна кульгаў – у яго абвастрыўся тромбафлебіт на левай назе, у Вашынгтоне даходзіў да кульмінацыі Ўотэргейцкі скандал, да ганебнай адстаўкі заставалася шэсьць тыдняў...

Ніксан быў на плошчы Перамогі, куды штодня хадзіў Освальд, але наўрад ці яму паказвалі дом па суседзтве, дзе жыў забойца амэрыканскага прэзыдэнта.

У 1960-м, калі выбаршчык Освальд жыў у Менску і не галасаваў, Ніксан прайграў прэзыдэнцкія выбары Джону Кенэдзі – усяго 0,1% галасоў. Калі б выйграў – у Освальда магла б быць іншая мішэнь.

Марына Освальд пазьней раскажа сьледчым, што муж сапраўды зьбіраўся пры выпадку забіць Ніксана. Такі выпадак надарыўся ў 1963-м, калі Ніксан меўся прыехаць у Далас. Освальд падрыхтаваў зброю і на пытаньне ўстрывожанай Марыны адказаў, што будзе дзейнічаць па абставінах. Яна ведала, што ён не жартуе, бо раней ужо спрабаваў забіць генэрала Ўолкера, аднаго зь лідэраў амэрыканскіх правых, абстраляў яго дом. Паліцыя вяла сьледзтва, але нікога не знайшла. У дзень прыезду Ніксана Марыне ўдалося са скандалам адгаварыць Освальда.

Менск стаў апошнім горадам за мяжой, які наведаў Ніксан-прэзыдэнт.

Кніга “Прагулкі з Освальдам” выйдзе ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды” на пачатку 2011 году. Каб атрымаць асобнік па пошце, прысылайце свае заяўкі на адрас E mail svaboda@rferl.org ці Менск 220005 п/с 111