Нафта праз "Адэсу — Броды" цячэ марудна

Пробнае прапампоўваньне нафты ў авэрсным рэжыме праз нафтаправод "Адэса — Броды" з тэхнічных прычын ідзе марудна. У Беларусі разьлічваюць, што гэты працэс можа заняць каля тыдня.

Пробнае прапампоўваньне нафты праз "Адэсу — Броды" для Мазырскага НПЗ пачалося 20 лістапада, паведамілі Інтэрфаксу ў Беларускай нафтавай кампаніі.

Паводле кампаніі "Транснафта", на 21 лістапада на Мазырскі НПЗ перапампавана 15 тысяч тон нафты.

"Занепакоенасць "Транснафты" выклікае той факт, што адна з дзьвюх паўднёвых галінаў трубаправода "Дружба" у цяперашні час працуе на мяжы (17,5 мільёна тон у год), бо іншая працуе ў рэвэрсе для перапампоўкі нафты на Мазырскі НПЗ.

"На такім рэжыме труба рэдка працуе. Гэта гранічны рэжым. Што будзе, калі трубаправод будзе рэгулярна так выкарыстоўвацца, цяжка прадказаць ", - сказаў прэс-сакратар кампаніі. Ён паведаміў, што па выніках прапампоўкі пробнай партыі па авэрсе Адэса-Броды і далей у рэвэрсе па "Дружбе" на Мазырскі НПЗ "Транснафта" свае засьцярогі накіруе на адрас беларускіх і ўкраінскіх партнэраў, а таксама грузаатрымальнікаў ў Цэнтральнай Эўропе. "Падчас такіх прапампоўваньняў вельмі вялікая нагрузка на адну трубу, і рэзэрву ніякага няма", - адзначыў прадстаўнік "Транснафты".

18 лістапада марскі нафтатэрмінал "Південний", разьмешчаны ў аднайменным украінскім марскім порце (Адэская вобласьць), пачаў разгрузку танкера з нафтай, прызначанай для авэрснага прапампоўваньня праз нафтаправод "Адэса — Броды". Паводле "Укртранснафты", аб'ём партыі, закупленай на ўмовах свопу, складае 80 тысяч тон.