Правальскі абскардзіў адмову ў рэгістрацыі

Уладзімер Правальскі

Віцебскі прадпрымальнік Уладзімір Правальскі абскардзіў у Вярхоўны суд адмову Цэнтравыбаркаму ў рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Як паведаміў агенцыі БелаПАН Правальскі, скарга на пастанову ЦВК пададзена ў Вярхоўны суд 19 лістапада. У той жа дзень ён атрымаў позву пра выклік у суд у якасці заяўніка 22 лістапада.

У сваёй скарзе Правальскі ўказвае на тое, што Цэнтральная выбарчая камісія не правярала адпаведнасць парадку вылучэння яго кандыдатам у прэзідэнты, што, на яго думку, зьяўляецца парушэньнем Выбарчага кодэксу.

Правальскі таксама інфармуе Вярхоўны суд, што яму ня выдалі пастанову ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі, нягледзячы на вусны зварот у прыёмную камісію.

На падставе артыкулу 68 Выбарчага кодэксу ён патрабуе адмяніць пастанову Цэнтравыбаркаму ад 18 лістапада.

Збор подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатаў у прэзідэнты праходзіў з 30 верасня да 29 кастрычніка. Ініцыятыўная група Правальскага аб’явіла пра здачу ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі 109 тысяч 338 подпісаў.

Аднак паводле інфармацыі Першамайскай раённай выбарчай камісіі Віцебску, вынікі праверкі, у тым ліку з прыцягненнем органаў унутраных спраў, пацьвердзілі несапраўднасць большасьці подпісаў, здадзеных у падтрымку Правальскага.

На пасяджэнні ЦВК 18 лістапада было заяўлена, што сапраўднымі прызнаныя толькі 118 подпісаў. У адказ Правальскі заявіў, што расцэньвае дзеянні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі як перавышэньне паўнамоцтваў і будзе іх абскарджваць.

Яго словы кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына пракамэнтавала наступным чынам: «Так, сапраўды, Астап Бендэр адпачывае».