Уручэньне Нобэлеўскай прэміі за мір упершыню можа быць адкладзена

Лю Сяобо з жонкай Ся

Упершыню за больш чым 70-гадовую гісторыю цырымонія ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру можа быць адкладзеная з-за ўпартых намаганьняў кітайскіх уладаў сарваць гэтае мерапрыемства. Тым часам амбасадары некалькіх краінаў, у тым ліку Расеі, Казахстану і Іраку, заявілі, што ня возьмуць удзелу ў цырымоніі ў Осла ў наступным месяцы.

Калі кітайскі пісьменьнік і дэмакратычны актывіст Лю Сяобо ў мінулым месяцы быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру, гэта выклікала разьюшаную рэакцыю Пэкіну, які разгарнуў шырокую кампанію – як у краіне, гэтак і за яе межамі – скіраваную на тое, каб сарваць цырымонію ўручэньня прэміі.

Выглядае, што намаганьні Пэкіну пачынаюць прыносіць пэўны плён, бо, хутчэй за ўсё, у наступным месяцы цырымонія ўручэньня прэміі ў Осла не адбудзецца. Ляўрэат прэміі застаецца за кратамі, а кітайскія ўлады наўрад ці дазволяць ягоным родным атрымаць прэмію за яго.

Паводле правілаў Нарвэскага нобэлеўскага камітэту, прэстыжны мэдаль ляўрэата прэміі міру, дыплём і грашовую прэмію памерам 1,4 млн. даляраў можа атрымаць толькі сам ляўрэат або ягоныя блізкія.

Лю, які адбывае 11-гадовы тэрмін за падрыўную дзейнасьць, застаецца ў турме, а ягоным блізкім, як паведамляецца, не даюць выехаць з Кітаю разам зь дзясяткам кітайскіх дысыдэнтаў і інтэлектуалаў, якія зьбіраліся паехаць у Осла.

Лю Ся, жонка ляўрэата, знаходзіцца пад хатнім арыштам. Сябры сям'і паведамілі агенцтву Associated Press, што за братамі Лю Сяобо вядзецца няспыннае сачэньне.

У тэлефонным інтэрвію 12 кастрычніка, пасьля якога сувязь зь ёй перапынілася, Лю Ся спасьпела сказаць: “Сяобо спадзяецца, што я паеду ў Нарвэгію і атрымаю прэмію за яго”.

На пытаньне журналіста, ці ўлады дазволяць ёй выехаць, яна са сьмехам адказала: “Думаю, гэта будзе вельмі цяжка”.

Гейр Люндэстад, сакратар Нарвэскага нобэлеўскага камітэту, заявіў, што ўрачыстая цырымонія ўсё роўна адбудзецца ў Осла 10 сьнежня, нават без прысутнасьці блізкіх ляўрэата.

На ёй будуць зачытаныя СМС-паведамленьні ад Лю і, магчыма, нейкія ягоныя ранейшыя тэксты.

Люндэстад паведаміў, што свой удзел у цырымоніі пацьвердзілі дыпляматы з 36 краінаў.

Аднак дыпляматы некалькіх краінаў, у тым ліку Кубы, Іраку, Казахстану, Марока і Расеі, адмовіліся ад удзелу ў цырымоніі пасьля таго, як Пэкін папрасіў аб гэтым іх урады.

Дыпляматычныя інтарэсы Беларусі ў Нарвэгіі прадстаўляе беларускі амбасадар у Стакгольме. Нарвэскі нобэлеўскі камітэт запрашае на цырымонію ўручэньня прэміі толькі дыпляматаў з рэзыдэнцыяй у нарвэскай сталіцы.

Гейр Люндэстад зазначыў, што Пэкін разгарнуў беспрэцэдэнтную кампанію, скіраваную на зрыў цырымоніі: “Я ня ведаю прыкладаў, каб нейкая краіна так актыўна і канкрэтна адгаворвала амбасадараў ад удзелу ў нобэлеўскай цырымоніі”.

Прадстаўнік расейскай амбасады ў Осла паведаміў агенцтву Associated Press, што ў часе цырымоніі амбасадар ня будзе ў Нарвэгіі.

Аднак рашэньне Масквы выклікала крытыку з боку расейскіх праваабаронцаў. Кіраўнік таварыства “Мэмарыял” Арсені Рагінскі нагадаў, што расейскія і кітайскія ўлады заяўлялі аб дасягненьні “глябальнага кансэнсусу ў галіне правоў чалавека”. Вэтэран праваабарончага руху Людміла Аляксеева сказала, што Расея хацела быць вялікай дзяржавай, а ў гэтым выпадку апынулася ў адной кампаніі з Паўночнай Карэяй, Іранам і Іракам.

Паводле афіцыйнага нобэлеўскага вэбсайту, апошні раз, калі Нобэлеўская прэмія не была ўручаная ляўрэату, быў у 1936 годзе, калі нямецкаму журналісту і пацыфісту Карлу фон Асецкі было забаронена выехаць з нацыстоўскай Нямеччыны.

У часы “халоднай вайны” улады камуністычных краінаў Усходняй Эўропы мелі больш “велікадушны” падыход да рашэньняў Нобэлеўскага камітэту прысудзіць прэмію міру дысыдэнтам.

Савецкага фізыка і праваабаронцу Андрэя Сахарава ня выпусьцілі з краіны ў 1975 годзе, але прэмію дазволілі атрымаць ягонай жонцы.

У 1983 годзе польскія ўлады дазволілі жонцы прафсаюзнага лідэра Леха Валэнсы атрымаць прэмію за яго.