Рэгістрацыйны канвэер ЦВК. Зарэгістравалі дзясяцёх

Онлайн-рэпартаж з Палацу Рэспублікі, дзе сёньня праходзіць рэгістрацыя кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

13.35 Прыхільнікі кандыдатаў сустракаюць іх пасьля пасяджэньня ЦВК у жывым калідоры з кветкамі, сьцягамі, плякатамі.

Сабралася каля 100 чалавек. Яны выгукваюць прозьвішчы кандыдатаў, віншуюць. Кандыдаты выступаюць з кароткімі прамовамі, дзякуюць сваім прыхільнікам. Выступілі Саньнікаў і Раманчук. Някляеў зьвярнуўся да прысутных зь відэазваротам.



У людзей плякаты з назвамі гарадоў: Баранавічы, Жлобін, Полацак, Магілёў.

+ Разгарнуць фотарэпартаж ад палацу рэспублікі пасьля рэгістрацыі кандыдатаў









Рыгор Кастусёў
Яраслаў Раманчук
Алесь Міхалевіч
Андрэй Саньнікаў
Уладізімер Правальскі
Мікола Статкевіч
Яраслаў Раманчук
Васіль Лявонаў з рэгістрацыйным пасьведчаньнем Уладзімера Някляева
Андрэй Саньнікаў сустракае жонка Ірына Халіп


Відэасувязь з Уладзімерам Някляевым.


13.25
Кандыдаты правялі лёсаваньне эфірнага часу на БТ. Першым выступіць Рымашэўскі.

Дэбаты і выступы кандыдатаў будуць адбывацца ў жывым эфіры.

13.10
Зарэгістраваныя 10 кандыдатаў. ЦВК зацьвердзіў выбарчы бюлетэнь на галасаваньне 19 сьнежня і ўзяла дакумэнты на рэгістрацыю іх давераных асоб. Пазьней пройдзе лёсаваньне эфірнага часу.

+ Разгарнуць фотарэпартаж з паседжаньня па рэгістрацыі кандыдатаў




Севярынец не падаў рукі Ярмошынай.

Саньнікаў аб’явіў пад час выступу хвіліну маўчаньня па Віктару Ганчару.

Віктар Цярэшчанка
Дзьмітрый Вус
Пасьведчаньне Аляксандра Лукашэнкі ў руках Аляксандра Радзькова.
Рыгор Кастусёў і Алесь Міхалевіч
Віктар Цярэшчанка і Рыгор Кастусёў.


Някляеў і Рымашэўскі
прадставілі сваіх фінансавых прадстаўнікоў, якія будуць кіраваць іх выбарчымі фондамі.

Павал Севярынец паставіў на стол перад сабой бел-чырвона-белы сьцяжок.


13.08
У Дзьмітрыя Вуса знайшлі памылку ў дэклярацыі аб даходах, але палічылі яе неістотнай і зарэгістравалі яго кандыдатам. Вус нагадаў пра свой зварот да Лукашэнкі аб тым, што трэба ўнесьці зьмены ў Выбарчы кодэкс, каб кандыдаты мелі права вылучаць сябраў у выбарчыя камісіі з правам падліку галасоў.



13.03
У Цярэшчанкі «знайшлі» незадэкляраваную машыну, якая 19 гадоў знаходзіцца ва ўгоне, але палічылі гэта неістотнай памылкай і зарэгістравалі. Цярэшчанка сказаў у сваім выступе: «Мы выбіраем не асобу, а будучыню Беларусі» і заклікаў калег па выбарах да спакойнай і ўзаемапаважнай кампаніі.



12.57
Зарэгістравалі і Міколу Статкевіча. Спадар Статкевіч заявіў: «Далейшае разьвіцьцё краіны немагчымае без дэмакратыі і свабодных выбараў, але, на жаль, цяпер адбываецца іх імітацыя».



12.53
Андрэя Саньнікава зарэгістравалі аднагалосна.

Саньнікаў заявіў аб датычнасьці беларускага кіраўніцтва да зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі і заклікаў ўшанаваць памяць іх хвілінай маўчаньня. Усе памаўчалі.

Паводле Саньнікава, у Беларусі цяпер ёсьць шанец на перамены: «І я абяцаю, што зраблю ўсё, каб у новым годзе Беларусь стала свабоднай і дэмакратычнай».



12.50 Зарэгістравалі і Віталя Рымашэўскага. Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Севярынец не падаў рукі Ярмошынай і заявіў «Улада ў Беларусі прагніла і яе пара мяняць». Севярынец прамову скончыў словамі «Жыве Беларусь!»



12.46 Без праблемаў зарэгістравалі і Яраслава Раманчука. У сваім выступе Раманчук зьвярнуўся да кіраўніцтва краіны з прапановай, каб усе прэтэндэнты ўзялі ўдзел ва Ўсебеларускім народным сходзе, каб мець магчымасьць прадставіць там свае праграмы. «На жаль, дэмакратычных выбраў у Беларусі няма», — рэзюмаваў ён, але падарыў Ярмошынай кніжку пра Парыж.



12.44 ЦВК знайшла ў Някляева недакладнасьці ў дэклярацыі — не ўказаў 20 акцыяў аднаго з банкрутаваных банкаў, В.Лявонаў патлумачыў, што ніякіх даходаў па акцыях Някляеў ня меў, а самі акцыі каштуюць 60 рублёў. Лазавік прапанаваў Някляева зарэгістраваць, Ярмошына прапанавала лічыць гэтую памылкай неістотнай і зарэгістраваць. Галасавалі «за» аднагалосна.

Васіль Лявонаў выказаў перакананьне, што наступным прэзыдэнтам у наступным годзе будзе Някляеў

12.32 Наступны на «канвэеры» ЦВК — Алесь Міхалевіч. Зарэгістравалі. Міхалевіч у адрозьненьне ад Кастусёва выступіў па-расейску, зазначыў пра пэўную дэмакратызацыю выбараў на гэтым этапе. «Але толькі дзень выбараў і падлік галасоў можа быць індыкатарам сапраўднай дэмакратычнасьці выбарчага працэсу. Міхалевіч павіншаваў кіраўніка сваёй ініцыятыўнай групы Юрася Меляшкевіча з нараджэньнем дачкі.



12.31 Лукашэнку зарэгістравалі другім. Аднагалосна. Пасьведчаньне забраў Радзькоў. Радзькоў ад імя Лукашэнкі падзякаваў сябрам ініцыятыўнай групы.

12.25 Першае пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты атрымаў Рыгор Кастусёў

Правальскаму адмовілі ў рэгістрацыі. Кастусёва зарэгістравалі аднагалосна. Цяпер ён выступае з прамовай пра ўмовы кампаніі.

«Кандыдаты пазбаўленыя магчымасьці агітацыі, паколькі ў краіне адсутнічае свабода слова, незалежная прэса мае перашкоды для распаўсюду, у краіне адсутнічае свабода слова».

Кастусёў таксама зьвяртае ўвагу на неўключэньне ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазыцыі.

«Пры такіх умовах кампанія ўжо ня можа лічыцца свабоднай»,— рэзюмаваў Кастусёў.




12.23 Ля Палаца Рэспублікі знаходзяцца некалькі дзясяткаў прыхільнікаў Уладзімера Някляева, Андрэя Саньнікава і Рыгора Кастусёва. Яны разгарнулі сымболіку кандыдатаў, сьцягі кампаній «Гавары праўду», «Эўрапейская Беларусь», а таксама бел-чырвона-белыя нацыянальныя сьцягі.

12.20 Правальскаму прапанавалі адмовіць у рэгістрацыі, але далі слова.

12.15 Лазавік прапанаваў прыняць пастанову ЦВК, што неабходную колькасьць подпісаў прадставілі Рыгор Кастусёў, Аляксандар Лукашэнка, Алесь Міхалевіч, Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Віктар Цярэшчанка і Дзьмітры Вус. Пастанова ўхваленая.

Прыступілі да разгляду пытаньня аб Правальскім. "Адзінае негатыўнае пытаньне па подпісах Правальскага«—пракамэнтавала Ярмошына.

12.10 Паводле Лазавіка, «кандыдацкі мінімум» у 100 тысяч даставерных подпісаў сабралі ўсе кандыдаты, апрача Правальскага. Пытаньне аб подпісах Правальскага вынесена ў парадак дня асобна.

12.05 Пачалося пасяджэньне ЦВК. Выступае сакратар камісіі Мікалай Лазавік. Ён расказвае пра памылкі пры зборы подпісаў, якія, паводле ягоных словаў, характэрныя для ўсіх кандыдатаў, за выключэньнем А.Лукашэнкі.

12.00 Васіль Лявонаў, які прадстаўляе Ўладзімера Някляева, сказаў журналістам, што лепшым падарункам для беларускага народа ад Аляксандра Лукашэнкі да Новага году стала б яго адмова ад удзелу ў выбарах. «І людзі б за гэта яго насілі на руках», — сказаў Васіль Лявонаў.

11.57 Мікола Статкевіч ня зьдзіўлены, што не прыйшоў Лукашэнка: «Гэта яго справа».

11.55 Прыйшлі Рыгор Кастусёў і Алесь Міхалевіч. Апазыцыйныя кандыдаты ў фае падпісваюць супольны зварот у ЦВК з прапановай дазволіць назіральнікам знаходзіцца на ўчастках уначы падчас датэрміновага галасаваньня.

Рыгор Кастусёў разам з паплечнікамі

11.50 Да прыступак палаца прыйшлі некалькі дзясяткаў актывістаў з каманд апазыцыйных кандыдатаў. Яны разгарнулі шэсьць бел-чырвона-белых сьцягоў.


11.45 Аляксандар Радзькоў патлумачыў «Свабодзе», чаму не прыйшоў Лукашэнка

«Ён выконвае свае абавязкі прэзыдэнта і сустракаецца плянава з калектывамі і замежнымі гасьцямі ў Парку высокіх тэхналёгій. Гэта было заплянавана загадзя». На пытаньне, ці будзе Лукашэнка ўдзельнічаць у дэбатах Радзькоў адказаў: «Гэта будзе ягонае рашэньне».



Аляксандар Радзькоў

11.45 Яраслаў Раманчук прыйшоў зь кніжкай

Прадпрымальнік Дзьмітры Вус прайшоў у залю па ўрадавай тэлеграме. Яраслаў Раманчук прыйшоў зь кніжкай у руках, кажа: каб пачытаць, калі раптам будзе сумна. Павал Севярынец паведаміў, што ён заменіць на цырымоніі Віталя Рымашэўскага.

Яраслаў Раманчук

Дзьмітры Вус

11.36
Андрэй Саньнікаў прыйшоў разам з кіраўніком ініцыятыўнай групы Ўладзімерам Кобецам. На пасяджэньне ЦВК таксама прыбыў кіраўнік місіі назіральнікаў АБСЭ Герт Арэнс.

11.30 Першымі прыйшлі Правальскі і Цярэшчанка

Першым з кандыдатаў на паседжаньне ЦВК прыйшоў прадпрымальнік Уладзімер Правальскі, які паведаміў Свабодзе, што падаў 3 заявы са скаргамі «на перавышэньне паўнамоцтваў ЦВК», якая абвінаваціла Правальскага ў падробцы падпісных лістоў. Ён асабліва не разьлічвае на рэгістрацыю: «Прымаўка „Надзея памірае апошняй“, відаць, у маім выпадку не падыходзіць»,— сказаў Правальскі Свабодзе.

У залю прыйшоў таксама Віктар Цярэшчанка.


11.20
Таблічкі «Лукашэнка» ў залі нумар 7 Палаца Рэспублікі няма. Гэта сьведчыць пра тое, што ён праігнаруе рэгістрацыю.

Ня прыйдуць на паседжаньне таксама Віталь Рымашэўскі, які знаходзіцца ў Парыжы на паседжаньні Палітычнага камітэту ПАРЭ, і Ўладзімер Някляеў, які сустракаецца зь міністрам замежных спраў Польшчы Сікорскім.

11.05 На Кастрычніцкай плошчы, у пераходзе мэтро і ў самім Палацы Рэспублікі прысутнічае невялікая ахова ў цывільным.

11.00 У Палац Рэспублікі ўжо прыйшлі Аляксандар Радзькоў з ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, Васіль Лявонаў з каманды Някляева, Анатоль Паўлаў з ініцыятыўнай групы Раманчука.

На паседжаньне акрэдытаваныя 98 журналістаў беларускіх і замежных СМІ.

Лукашэнку заменіць Радзькоў?

Усе 11 патэнцыйных кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня запрошаныя на пасяджэньне Цэнтравыбаркаму, якое мае адбыцца ва ўрачыстых абставінах.

Ля сьценаў Палаца Рэспублікі кандыдатаў будуць чакаць актывісты іхніх ініцыятыўных груп і прыхільнікі.

ЦВК разгледзіць пытаньне аб рэгістрацыі кандыдатамі на прэзыдэнта 11 асоб. На гэта прэтэндуюць:

Рыгор Кастусёў, Аляксандар Лукашэнка, Алесь Міхалевіч, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Правальскі, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Віктар Цярэшчанка і Дзьмітры Вус.

Яны ідуць у прэзыдэнты