Чатыры паліцы слоўнікаў

Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Вы сказалі, што ведаеце мову лепш за пісьменьнікаў, якія нарадзіліся ў вёсцы. Верыцца зь цяжкасьцю. Мабыць, часта карыстаецеся слоўнікамі. Цікава, якімі? Можа, ёсьць нейкія недаступныя простым сьмяротным рэдкасьці? А ўвогуле, якое месца займаюць слоўнікі ў кабінэце пісьменьніка і ў ягоным жыцьці?

Ваш чытач Мікола Ш.



Ды ў вас, спадар Мікола, цэлы букет пытаньняў! Давайце па парадку.

І ў жыцьці, і ў маёй «вальеры» слоўнікі займаюць ганаровае месца. Азіраюся і ўдакладняю: у кабінэце яны гаспадараць на чатырох паліцах і асабліва не пакрываюцца пылам, бо гэта мая штодзённая чытанка. І — адна з улюбёных.

Што гэта за слоўнікі?

Шэсьць тамоў Тлумачальнага, што ад нараджэньня былі цёмна-зялёнымі, але так зачыталіся, што мусіў іх пераапрануць у новыя аклады.

Цэлую паліцу захапіў, ашчацініўшыся — нібы дзідамі — закладкамі, Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Калі наважваесься нешта пісаць пад крылом у Кліё, безь яго не абыдзесься. Бывала, мяне папракалі ў архаізацыі лексыкі, а бывала, наадварот, — у мадэрнізацыі мовы гістарычных твораў. Калі ласка, разгарніце першы том. Прыклады з дакумэнтаў XVII стагодзьдзя: аўтэнтык, адміністрацыя, акцыя, аўтар, афэктацыя… Эўропа!

Два зграбныя кармінавыя томікі слоўніка Вацлава Ластоўскага — памятка пра заняткі самвыдатам. Слоўнікі сынонімаў, іншаземных слоў, фразэалягічныя, нашай безэквівалентнай лексыкі (рэкамэндую тым, хто яшчэ сумняваецца ў багацьці мовы Купалы і Быкава)…

Дзясяткі закладак вытыркаюцца і з кнігі Паўла Сьцяцко «Культура мовы», якую цаню болей за некаторыя лексыконы і раю мець кожнаму, хто прафэсійна карыстаецца беларускім словам. Тое самае скажу пра «Расейска-беларускі слоўнік» С.Некрашэвіча і М.Байкова, што першы і апошні раз выйшаў у Менску ў 1928 годзе. Меркавалася яго перавыданьне ў 1995-м, ды адразу пасьля рэфэрэндуму тую выдавецкую пазыцыю скарацілі. Беларусафоб, які за гэтым стаяў, ведаў, што робіць.

Сёньня том Некрашэвіча й Байкова, на вялікі жаль, сапраўды рарытэт. Калі ўжо да яго дойдуць рукі ў незалежных выдаўцоў?

У нашых беларускіх шыротах нячаста сустракаецца таксама «Українька мова без табу» Лесі Ставіцкай. Да свайго такога слоўніка пакуль не дажылі, але — паколькі адсоткаў 80 лексыкі ў нас агульныя — зазірнуць карысна і ў суседзкі.

Ёсьць і яшчэ адзін даволі рэдкі слоўнік — А.Флегон. За пределами русских словарей. (Дополнительные слова и значения с цитатами Ленина, Хрущева, Сталина, Баркова, Пушкина, Лермонтова, Есенина, Маяковского, Солженицына, Вознесенского и др.) London, 1973. Я называю гэтае выданьне шпіёнскім. Не таму, што сам — шпіён (ня быў, хоць у дзяцінстве і марыў), а з той прычыны, што трапіў слоўнік да мяне надзвычай пакручастым шляхам і ў адным з папярэдніх сваіх жыцьцяў яўна належаў сапраўднаму шпегу.

Зараз пра пісьменьнікаў зь вёскі. Здаецца, я ня быў дурнавата-катэгарычным і ўжыў слова «некаторыя». Ну хто насьмеліцца сьцьвярджаць, што валодае моваю лепей за «вяскоўца» Барадуліна? Або, да прыкладу, за Барыса Пятровіча?

Ды праблема існуе. Ведаю пару-тройку народжаных у сялянскіх хатах калегаў, якія з гэтае нагоды перакананыя, што ўсмакталі мову з матчыным малаком і могуць звысоку пазіраць на «дзяцей асфальту». У нас у навакольлі, маўляў, казалі так — і кропка. Такі сабе комплекс паўнавартаснасьці.

Мова — гэта філязофія. Але ж філязофія народу, а ня толькі роднае вёскі.

Нехта зазначыў (ці, можа, я сам прыдумаў?), што любой мовай можна авалодаць за некалькі месяцаў, адно родную трэба вучыць усё жыцьцё. А Людвіг Вітгенштайн пісаў, што «межы маёй мовы азначаюць межы майго сьвету».

Мне хочацца параўнаць мову з музычным інструмэнтам (чамусьці найперш зь віялянчэляй), які трэба даглядаць, а таксама зноў і зноў настройваць, каб не фальшывіў.

Наастачу прыгадаю словы Альбэра Камю: «Што б ні здарылася, я ведаю, што ў мяне ёсьць Айчына — француская мова».

А ў мяне — беларуская.

УСЕ ТЭКСТЫ СЭРЫІ «ПАКУЛЬ ЛЯЦІЦЬ СТРАЛА»