“Гандляра сьмерцю” выдалі Злучаным Штатам

Сёньня тайляндзскія ўлады выдалі грамадзяніна Расеі Віктара Буту Злучаным Штатам. З турмы Бангкоку ён быў дастаўлены ў аэрапорт тайскай сталіцы і адпраўлены ў ЗША. ЗША абвінавачваюць яго ў незаконным продажы зброі розным узброеным групоўкам, што дзейнічаюць у Паўднёвай Амэрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

Бут быў арыштаваны ў Бангкоку яшчэ ў сакавіку 2008 году. Агенты амэрыканскіх спэцслужбаў завабілі яго ў сталіцу Тайлянду, прыкінуўшыся прадстаўнікамі калюмбійскай экстрэмісцкай групоўкі FARC. Там Бут быў і арыштаваны.



Разбор справы цягнуўся 2 гады. Буту было выстаўлена некалькі абвінавачаньняў у незаконным гандлі зброяй. Расея рашуча супрацьдзейнічала выдачы свайго грамадзяніна ў ЗША, у Расеі 43-гадовага былога афіцэра Савецкай Арміі ні ў чым не абвінавачваюць.

Аднак на Захадзе, у ЗША ў прыватнасьці, на яго маецца тлустае дасье, галоўны пункт абвінавачаньня – пастаўкі зброі паўстанцам з FARC - толькі вяршыня айсбэргу. Хоць і аднаго гэтага абвінавачаньня хопіць на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Віктара Бута абвінавачваюць у пастаўках зброі і ў падсілкоўваньні крывавых канфліктаў у такіх краінах, як Сьера-Леонэ, Ангола, Руанда і Судан.

У друку зьяўляліся паведамленьні, што Бут быў датычны да паставак зброі “Аль-Каідзе” і Талібану. З лёгкай рукі былога міністра замежных справаў Вялікабрытаніі Пітэра Гэйна за Бутам замацавалася мянушка “гандляр сьмерцю”.

У справаздачы МЗС Вялікабрытаніі, зробленай у 2003 годзе, ён быў названы “цэнтрам павуціньня ценявых гандляроў зброяй і дыямэнтамі”.

Паводле абвінавачаньняў, паветраная флятылія Бута часта везла зброю абодвум варагуючым бакам шматлікіх канфліктаў. У справе Бута ёсьць і беларускі сьлед. У кнізе "Нашествие", якая выйшла ў Расеі ў 2005 годзе, сьцьвярджалася, што Бут прадаваў зброю ў афрыканскія краіны і празь Беларусь.

Сам Бут адкідае ўсе абвінавачаньні, паводле яго ён займаўся толькі транспартным бізнэсам. Ён нагадвае, што забясьпечваў перавозку гуманітарных грузаў у Руанду пасьля генацыду, экспэрты сьцьвярджаюць, што самалёты Бута вазілі амэрыканскія грузы ў Багдад, калі амэрыканцы яшчэ не пасьпелі наладзіць сыстэму паветраных паставак у Багдад.

Магчыма, дзякуючы мэдыям вобраз Віктара Бута быў значна дэманізаваны, менавіта ён стаў прататыпам героя галівудзкага баевіка “Збройны барон”, якога іграў Ніклас Кейдж.

Працэс над Бутам у ЗША можа адчыніць заслону над многімі таямніцамі міжнароднага гандлю зброяй, у тым ліку і ролю ў ім такіх краін, як Расея і Беларусь.