Студэнты ЭГУ выказалі пратэст Далі Грыбаўскайце

Фота: D.Labutis (ELTA)

Студэнты ЭГУ на пікеце перад прэзыдэнтурай у Вільні выказалі пратэст супраць пазыцыі Далі Грыбаўскайце наконт таго, што перамога Лукашэнкі на выбарах забясьпечыць стабільнасьць і абмяжуе ўплыў Расеі.

У пятніцу апоўдні пяцёра маладзёнаў з плакатамі “Няўжо рэальная палітыка важнейшая за чалавечнасьць?”, “Ня дайце таварнаму дэфіцыту стаць дэфіцытам каштоўнасьцяў”, “Нам не патрэбная такая стабільнасьць” сабраліся на плошчы С.Даўкантаса перад будынкам прэзыдэнтуры.

Так студэнты адрэагавалі на апублікаваную ў чацьвер інфармацыю, у якой цытуюцца выказваньні Д.Грыбаўскайце з станоўчай ацэнкай А.Лукашэнкі, якога называюць апошнім дыктатарам Эўропы.

“Учора замежныя і адно літоўскае інфармацыйныя агенцтвы паведамілі, што прэзыдэнт Літвы падчас сустрэчы з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу выказала пажаданьне, каб А.Лукашэнка выйграў будучыя выбары. Мы як грамадзяне Беларусі зьдзіўленыя тым, што прэзыдэнт Літвы магла такое сказаць. Выглядае, што яна падтрымлівае цяперашняга прэзыдэнта Беларусі, нягледзячы на тое, што ён ня надта добра зарэкамэндаваў сябе ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Мы зьдзівіліся, чаму дэмакратычна абраны прэзыдэнт дэмакратычнай краіны кажа такія рэчы”, - заявіў журналістам адзін зь пікетоўцаў, студэнт паліталёгіі ЭГУ Яўген.

Паводле пікетоўца, А.Лукашэнка надалей застаецца ў Беларусі самым папулярным палітыкам., бо ён кантралюе бальшыню сродкаў масавай інфармацыі.

Міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс не камэнтуе інфармацыі пра нібыта выказаныя прэзыдэнтам за зачыненымі дзьвярмі меркаваньні.

“Скажу вельмі проста, бо і я маю такі досьвед. Тое, што гаворыцца за зачыненымі дзьвярмі, і тое, што не гаворыцца, а пасьля гаворыцца і трансьлюецца ў тым сэнсе, што гэта было сказана, усё гэта ня варта камэнтаваць. Гэта “плёткі””, - заявіў у пятніцу журналістам А.Ажубаліс.




Фота: D.Labutis (ELTA)