Лукашэнка і панк-культура

У сэрбскім друку візыт рэжысэра Эміра Кустурыцы ў Менск застаўся амаль без увагі, калі не лічыць кароткіх агенцыйных паведамленьняў. За іх рамкі выйшла хіба што нататка ў інтэрнэт-выданьні “E-novine”, зьмест якой мы прапануем вашай увазе.

Эмір Кустурыца выявіў, што любіць Беларусь: “Лукашэнка, мой праваслаўны люд”

У гэтыя дні ў Сэрбіі няма куды падзецца ад Эміра Нэмані Кустурыцы. У рамках рэклямы [сваёй новай біяграфічнай. - Рэд.] кнігі або і непазьбежнай самарэклямы гэты новаабвешчаны праваслаўны, які глядзіць на нас з усіх тэлеэкранаў, яшчэ не пасьпеў растлумачыць грамадзкасьці, што ягоны гурт “No Smoking Orchestra” – непасрэдны наступнік гурту “The Clash” і анархісцкіх ідэяў Монты Пайтана, як ужо на дзень пазьней або й раней у Менску, у Беларусі, ён выказвае захапленьне Аляксандру Лукашэнку, сказаўшы, што яму падабаецца ягоны стыль кіраваньня.

Як з запалам паведамляе агенцтва РИА Новости, пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, які ў сьнежні ўсяго толькі чацьвёрты раз будзе кандыдаваць на прэзыдэнта Беларусі, гітарыст гурту “No Smoking Orchestra” Нэманя Кустурыца сказаў, што “прэзыдэнт у гэтай краіне кіруе зь вялікай павагай і арыгінальным спосабам”, дадаўшы, што яму “падабаецца ягоны стыль кіраваньня”.

Кустурыца, які ўдзельнічае ў кінафэстывалі “Лістапад” у Менску, патлумачыў, што Лукашэнка мае падтрымку народу, бо не дазволіў замежным фактарам дэстабілізаваць Беларусь: “Сыстэма зьнішчэньня малых дзяржаваў, які іначай называецца шокавая тэрапія, існуе і сёньня. Гэта калі вялікія карпарацыі прыйдуць у нейкую малую краіну і літаральна яе праглынуць”.

У якасьці падзякі ўладальніку Мокрай Гары [сэрбская вёска, дзе Кустурыца мае ранчо. – Рэд.] за перадвыбарчую падтрымку, Аляксандар Лукашэнка ўручыў Кустурыцы прэмію за “захаваньне і разьвіцьцё духоўнай традыцыі ў кінэматаграфіі” і, вядома ж, адразу запрасіў яго зьняць фільм у Беларусі.

Вялікі кіназнаўца Лукашэнка падкрэсьліў, што Кустурыца “ня можа зьняць дрэнны фільм”, дадаўшы, што сваёй кінатворчасьцю ён “праславіў сябе і сваю краіну”. Таксама запрапанаваў яму магчымасьць падзяліцца сваім досьведам зь беларускімі рэжысэрамі. Невядома, ці запрапанаваў Лукашэнка Нэмані ў падарунак нейкую мокрую гару, аднак ад такога прыхільніка таленту на кіраўнічай пасадзе можна было б чакаць і гэтага.

РИА-Новости з гордасьцю нагадваюць, што таварыш Нэманя апошні раз наведаў Менск у 2008 годзе з бэндам “No Smoking Orchestra”, улюбёным панк-гуртом Аляксандра Лукашэнкі.