Някляеў настойвае на празрыстых урнах

Уладзімер Някляеў прапанаваў беларускім прадпрымальнікам дапамагчы з набыцьцём празрыстых урнаў для галасаваньня.

Лідэры кампаніі "Гавары праўду" — Уладзімер Някляеў, кампаніі "За справядлівыя выбары — 2010" — Сяргей Калякін, грамадзкай арганізацыі "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" — Віктар Гарбачоў, а таксама прадстаўнік каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менску Аляксандар Макаеў зьвярнуліся да бізнэсоўцаў і прадпрымальнікаў з просьбай забясьпечыць выбарчыя камісіі празрыстымі скрынямі для галасаваньня.

Ініцыятары акцыі заяўляюць, што выказваньні Лідзіі Ярмошынай пра тое, што дзяржава ня можа сабе дазволіць выдаткі на празрыстыя скрыні, — надуманыя, бо нашмат большыя сродкі ідуць на такія дзяржаўныя імпрэзы, як "Дажынкі", канцэрты "За Беларусь" і многія іншыя. А нежаданьне ЦВК забясьпечыць выбары празрыстымі скрынямі матываванае палітычна.

Заяўнікі паведамляюць, што іхнюю ініцыятыву ўжо падтрымалі каля дзесятка прадпрымальнікаў, якія пасьпелі за ўласныя сродкі вырабіць такія скрыні. Неўзабаве скрыні будуць перададзеныя ў выбарчыя камісіі.

З заклікам усталяваць на выбарчых участках празрыстыя ўрны для галасаваньня Някляеў выступіў яшчэ падчас збору подпісаў, але ў ЦВК адказалі, што на гэта няма сродкаў.