Каардынатара ініцыятыўнай групы Някляева адлічылі з ВНУ

У штаб кандыдата на прэзыдэнты Ўладзімера Някляева паступіла інфармацыя аб адлічэньні з унівэрсытэту студэнта 5 курсу Міжнароднага гуманітарнага эканамічнага інстытуту Ўладзімера Кумца, які каардынуе працу някляеўскай ініцыятыўнай групы па Ленінскім раёне Менску. Як сьведчыць гісторыя з гэтым студэнтам, сцэнар мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбараў у дачыненьні да навучэнцаў ВНУ паўтараецца: тыя ж заніжэньне адзнакаў, перапісваньне заліковак і, як вынік, адлічэньне.

Паводле Ўладзімера Кумца, у нядзелю яму патэлефанаваў яго выкладчык замежнай мовы і распавёў, што некалькіх калегаў-выкладчыкаў кіраўніцтва прымусіла зьмяніць дадзеныя ў ведамасьцях студэнтаў. У выніку адзнака Кумца па ангельскай «зьмянілася» з 9 на 3 балы. Пасьля чаго рэктар інстытуту Тацяна Алеева падпісала загад пра адлічэньне актывіста з інстытуту. Магчымасьці пераздаць прадмет Кумцу не далі, хоць гэта і звычайная практыка. Пра сам факт адлічэньня студэнт упершыню даведаўся ад выкладчыка.

Варта адзначыць, што Уладзімір Кумец быў адным з арганізатараў сустрэчы жыхароў Ленінскага раёну для вылучэньня Ўладзімера Някляева дэлегатам на Ўсебеларускі сход.