Левыя ўсклалі кветкі да помніка Леніну ў Менску

Каля 50 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" 7 лістапада ўсклалі кветкі да помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

Агенцтва БелаПАН цытуе намесьнік старшыні партыі Аляксея Елісеева, які сказаў, што прадстаўнікі "Справядлівага сьвету" штогод 7 лістапада традыцыйна ўскладаюць кветкі да помніка Леніну.

"Сёньня дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Мы лічым гэту падзею важнай як для партыі, так і ўсёй гісторыі чалавецтва", — сказаў ён.

Паводле слоў Елісеева, у аснове рэвалюцыі ляжалі ідэі згуртаванасьці людзей і сацыяльнай справядлівасці. "У Беларусі гэтыя ідэі пакуль не рэалізаваныя, а наша партыя ставіць дасягненьне гэтых ідэй сваёй асноўнай задачай", — падкрэсьліў палітык.

Сёньня кветкі да помніка Леніну ўсклалі таксама прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі.

Беларуская партыя левых "Справядлівы сьвет" – адзіная сярод апазыцыйных партый Беларусі, якая адзначае гадавіну кастрычніцкага перавароту 1917 году. Астатнія апазыцыйныя партыі гадавіну рэвалюцыі не адзначаюць.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ сёньня праводзіць жалобную акцыю ўшанаваньня ахвяраў савецкага рэжыму ў Лошыцы.