Ульяна Анікееўна Якушава нарадзілася 29 лістападу 1926 году ў вёсцы Буды Горацкага раёну. Усё сваё жыцьцё аддала сельскай гаспадарцы. Працавала заатэхнікам-сэлекцыянэрам. Выгадавала траіх дзяцей.
Чатыры месяцы таму Ульяна Анікееўна пахавала свайго сына Пятра Маланачкіна. Ён быў ініцыятарам збору подпісаў супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі, кіраўніком антыядзернай групы. Маці дапамагала сыну і ягоным аднадумцам:
“Яна сабрала болей за дзьвесьце подпісаў, каб у Горацкім раёне не была пабудаваная атамная электрастанцыя. Калі мы зьбіралі подпісы за вуліцу Васіля Быкава ў Менску яна сабрала болей за сто подпісаў. Ульяна Анікееўна заўжды дапамагала зьбіраць подпісы ў палітычных кампаніях. Людзі ў гэтым узросьце часьцей кансэрватыўныя, але ж яна намагалася спрыяць, каб дэмакратычная супольнасьць у Горках магла заявіць пра сябе. Дапамагала заўсёды ў прасоўваньні дэмакратычных каштоўнасьцяў”, кажа горацкі журналіст Эдуард Брокараў.
Кіраўнік горацкай суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі Віктар Каралькоў сёньня праводзіў нябожчыцу ў апошні яе шлях.
“Мяне ўразіў выпадак падчас выбараў 2006 году. Калі мы заклікалі людзей удзельнічаць у актыўным байкоце. Пайсьці на участкі й вынесьці бюлетэні. Вось яна ўзяла й паклала бюлетэнь у торбу. Калі яна выходзіла яе на падлогу павалілі. Адбіралі торбу ў яе. Некалькі чалавек у васьмідзесяцігадовай жанчыны!. Яе давялося паваліць, каб адабраць бюлетэнь. Яна нічога нікому не абяцала. Яна проста пайшла й так зрабіла”.
Ульяна Якушава застанецца ў памяці людзей як чалавек, які не баяўся цяжкасьцяў, які да апошняга адстойваў праўду й справядлівасьць. Аб яе учынках згадвае Андрэй Юркоў:
“Трэба было па яе вуліцы пракласьці газ. Райвыканкам распачаў гэтую працу ды ўсё кінуў. Людзі брахалі на ўладу, але далей слоў справа ня ішла. Ульяна Анікееўна сабрала подпісы, арганізавала мітынгі. Райвыканкам тады хуценька газ праклаў, ды правёў ўпарадкаваньне. Калі ў 2008 годзе зьбірала подпісы за дэмакратычнага кандыдата ў парлямэнт і прынесла потым іх у райвыканкам завяраць дык тады зьбеглася ледзьве ня паўрайвыканкаму глядзець, што бабуля 82 гады прыйшла завяраць подпісы за дэмакратычнага кандыдата”.
Пахавалі Ульяну Якушаву сёньня на Аршанскіх могілках у Горках. Побач з сынам.