Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі паменшыліся на 157 млн.даляраў

На 1 лістапада міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі, разьлічаныя па стандартах МВФ, паводле звестак Нацбанка, склалі 5 млрд. 827,8 млн. даляраў. За месяц яны паменшыліся на 157 млн. даляраў (на 2,6%).

Пры гэтым у параўнанні з пачаткам 2010 году золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР) павялічыліся на 175,3 млн. даляраў (3,1%).

У структуры ЗВР рэзэрвовыя актывы ў замежнай валюце склалі 3.064,50 млн. даляраў, зьнізіўшыся за кастрычнік на 407,70 млн. (11,7%). З пачатку года іх аб'ём вырас на 544,60 млн. даляраў (21,6%), паведамляе БелаПАН.

Асноўнымі крыніцамі павелічэньня міжнародных рэзэрвовых актываў з пачатку года сталі сродкі, што паступілі ад МВФ, ад продажу пакета акцый ААТ "Белтрансгаз", разьмяшчэньня Рэспублікай Беларусь эўрааблігацый на міжнародным рынку, а таксама апэрацый Нацбанка на ўнутраным рынку.

У прыватнасці, у лютым Беларусь атрымала 625 млн. даляраў за продаж пакета акцый ААТ "Белтрансгаз", у сакавіку — крэдыт МВФ на 670 млн. даляраў. У жніўні ў Беларусь паступіў 1 млрд. даляраў ЗША ад размяшчэння дэбютнага выпуску эўрабондаў.

Па планах Нацбанка, за 2010 год ЗВР павінны павялічыцца на 0,5—1,83 млрд. даляраў, гэта прадугледжана асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на гэты год.

Аднак незалежныя экспэрты прагназуюць пагаршэньне сытуацыі з ЗВР у сувязі з рашэньнямі ўрада павялічыць даходы насельніцтва.

Нагадаем, з 1 лістапада ў Беларусі тарыфная стаўка першага разраду павышана на 31%, мінімальны заробак — больш чым на 54%, пэнсіі — у сярэднім на 10%, памер бюджэту пражытачнага мінімуму і дзяржаўных дапамог — на 3,1%.

Павышэнне заробкаў выкліча рост попыту на імпартныя тавары і валюту — значыць, сытуацыя з золатавалютнымі рэзэрвамі пагоршыцца, тлумачаць экспэрты.