Магілёў: Палац гімнастыкі, які ўзьвялі без рэфэрэндуму

Палац гімнастыкі

Сёньня ў Магілёве адкрылі Палац гімнастыкі. Яго ўзьвялі на месцы міні-рынку “Крыніца”, што ў мікрараёне Саломенка. На ім гандлявалі больш за паўтары сотні прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў. На працягу 2008 году яны намагаліся абараніць рынак ад разбурэньня. Сабралі 6 тысяч подпісаў супраць яго зносу.

19 лютага 2009 году зьбіраліся правесьці мясцовы рэфэрэндум, якім вызначыць, што больш патрэбна дзесяцітысячнаму спальнаму раёну -- рынак, школа, дзіцячыя садкі, ці спарткомплекс. Улада не дазволіла людзям выказацца. Суд, куды зьвярнуліся ініцыятары рэфэрэндуму, пастанавіў, што яны ня маюць права абскарджваць рашэньне ўлады, бо іх ініцыятыўная група юрыдычна не зарэгістраваная.

Пры канцы сьнежня 2008 году павільёны рынку дэмантавалі і перавезьлі ў новае месца за паўтра кілямэтры ад старога – на ўскраек мікрараёну. Праз два гады на рынку шмат павільёнаў выстаўленыя на продаж.

“Пакупнікоў няшмат. Расходы перавышаюць прыбыткі. Гандляваць ня выгадна. Мы тут як у лесе. Змаганьне за стары рынак мала хто цяпер згадвае ды й засталося тут старажылаў няшмат, асабліва тых хто памятае тое змаганьне,” - кажа адна з ініцыятарак рэфэрэндуму.

Што да Палацу гімнастыкі, то сёньня яго прымаў сам Аляксандар Лукашэнка. На пляцоўку перад спартовым збудаваньнем патрапіць маглі толькі тыя хто меў адмысловы пропуск.

Прылеглую да Палацу гімнастыкі тэрыторыю аўральна ўпарадкавалі. Прыбралі будаўнічыя агароджы. Драўляную прыбіральню пакінулі.

Рынак "Крыніца" Пакупнікоў няшмат.

Пляцоўку пад рынак рыхтавалі аўральна. Цяпер асфальт правальваецца

Так змагаліся за рынак у 2008 годзе