“Добра ставіўся да людзей і перажываў за працу”

Выбух 25 кастрычніка ў цэху ДВП канцэрну «Пінскдрэў» забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. Нацыянальная жалоба не абвешчана. «Свабода» працягвае цыкль рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем’яў ахвяраў пінскай трагедыі.




Аляксандар Шынкарук (1974-2010)


Намесьніка дырэктара заводу Аляксандра Шынкарука хавалі апошнім з 14-ці, ужо 3-га лістапада. У доме, які выходзіць на галоўную плошчу Пінску з помнікам Леніну, у цэнтры ёсьць адмысловы пакой з назвай «чырвоны куток». Там сярод кветак стаяла труна, побач сядзелі сваякі. У адкрытыя дзьверы пакоя са двара ішлі і ішлі людзі: зь вянкамі, кветкамі, каб проста пастаяць і ў думках разьвітацца. Аляксандру Шынкаруку было толькі 35 гадоў, празь месяц споўнілася б 36. Стрыечны брат Руслан, які пагадзіўся адысьці ў бок для кароткай размовы, распавядае.

«Што тут скажаш… Сваякі ўсе ў жалобе, для нас гэта вялікая страта. Сьмерць нейкая недарэчная, для ўсіх людзей, ня толькі для яго, для ўсіх. Але што зробіш? Чалавек ён быў адкрыты, добры працаўнік, нездарма столькі людзей прыйшло зь ім разьвітацца і ўчора, і сёньня».

У Аляксандра Шынкарука засталіся жонка і трое дзяцей, старэйшаму 12 гадоў, малодшаму — 2. Руслан кажа, што гэта была шчасьлівая сям’я.

«Сям’я была проста шчасьлівая. Усё ў іх было ў парадку. Радаваліся, што знайшлі адно аднаго. Што жывыя, што дзяцей гадуюць, а тут такая трагедыя. Зараз гэта ўсім будзе вельмі цяжка перажыць».

Аляксандар скончыў школу з срэбраным мэдалём, добра адвучыўся ў Беларускім тэхналягічным унівэрсытэце і заслужыў разьмеркаваньне ў родны Пінск, на адно са старэйшых прадпрыемстваў краіны, «Пінскдрэў». За крыху больш чым 10 гадоў працы прайшоў шлях ад майстра да намесьніка дырэктара па вытворчасьці. У чым сакрэт хуткага кар’ернага росту?

«Таму яго цанілі на заводзе і прасоўвалі. Пра гэта можа вам сказаць любы на прадпрыемстве. Што і да людзей добра ставіўся і за працу перажываў. Чаму паўсюль па заводзе і бегаў. Дзе якія непаладкі — там ён. Бо ва ўсё заглыбляўся, спрабаваў разабрацца».

У дзяцінстве Аляксандар навучаўся музыцы, граў на баяне. Музыкам ня стаў, але гэтыя заняткі пашырылі ягоныя інтарэсы. «Зь ім можна было паразмаўляць на любыя тэмы», — згадвае брата Руслан. Што да характару Аляксандра, то ён заўважна загартаваўся падчас службы ў войску. Там жа канчаткова выявілася і ягоная схільнасьць да тэхнікі. Аляксандар служыў у аўтабатальёне непадалёк ад Менску. Прыйшоў на завод ужо ня толькі добрым адмыслоўцам, але і загартаваным мужчынам. І потым займаўся спортам, гуляў у футбольнай камандзе. Добры фізычны стан, аднак, не ўратаваў, калі здарыўся выбух. Я спытаў пра афіцыйную прычыну сьмерці Аляксандра Шынкарука.

«У даведцы сказана пра вялікія апёкі і траўмы. Але дакладна могуць сказаць у Менскім апёкавым цэнтры, дзе ён памёр».