“Няма ў тэлевізары – няма ў палітыцы”

Сёньня адбудзецца паседжаньне Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў. На ім будуць разгледжаныя прапановы кіраўнікоў кампаніі “За справядлівыя выбары 2010”. Цэнтравыбаркам хоча таксама афіцыйна зацьвердзіць палажэньне аб індывідуальных выбарчых фондах прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Ня выключана, што ЦВК вернецца і да парадку правядзеньня тэледэбатаў кандыдатаў.

Інфармацыю пра тое, што 5 лістапада Цэнтравыбаркам будзе разглядаць прапановы апазыцыі, агучыла Лідзія Ярмошына на сваёй прэсавай канфэрэнцыі:

“Яны зьвярнуліся з падрыхтаванымі праектамі пастановаў Цэнтральнай камісіі, якія тычацца правядзеньня дадзенай выбарчай кампаніі. І гэтыя дакумэнты і будуць разгледжаны на паседжаньні ЦВК у пятніцу, 5-га лістапада”.

Сустаршыня кампаніі “За справядлівыя выбары 2010” Віктар Карняенка сказаў “Свабодзе”, што ў ЦВК накіраваны праекты шасьці пастановаў. Яны тычацца фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў, правядзеньня агітацыі і сустрэч кандыдатаў у прэзыдэнты з выбарцамі, парадку карыстаньня дзяржаўнымі мэдыямі. Таксама ёсьць прапановы што да падліку бюлетэняў, дзейнасьці назіральнікаў.

На думку спадара Карняенкі, самым важным ёсьць праект пастановы аб парадку падліку бюлетэняў:
Абавязкова патрэбна, каб агучвалася колькасьць галасоў за кожнага кандыдата і каб назіральнік гэта бачыў...


“Вельмі часта на практыцы адбывацца так: кожны сябра камісіі нешта лічыць, піша на паперцы, затым аддае старшыні камісіі. А старшыня вядзе падсумаваньне. Атрымліваецца, што ў такім фармаце камісія не працуе калегіяльна.

Абавязкова патрэбна, каб агучвалася колькасьць галасоў за кожнага кандыдата і каб назіральнік гэта бачыў. І наагул, каб было ўсё відаць. І толькі тады ўсё будзе, што называецца, правільна. Каб ніхто не парушаў правоў грамадзянаў на волевыяўленьне, дзеля гэтага мы і прапануем такую пастанову”.

Магчыма, сёньня ЦВК вернецца да пастановы аб правядзеньні тэледэбатаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Такая ініцыятыва, дарэчы, узьнікла ў журналісцкім асяродзьдзі. Менавіта журналісты казалі на прэсавай канфэрэнцыі, што дэбаты ў запісе шмат страцяць. Лідзія Ярмошына паабяцала пра гэта падумаць і вярнуцца да праблемы. Хаця яна кажа, што ад саміх кандыдатаў такіх прапановаў не было:

“Да нас зьвярнулася група грамадзянаў, сярод якіх пяць, калі ня болей, патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Яны просяць урэгуляваць некаторыя пытаньні. У тым ліку і аб забесьпячэньні сродкамі масавай інфармацыі для перадвыбарчай агітацыі. Дык вось, ніводзін кандыдат не заяўляе прэтэнзіі на тое, што дэбаты пройдуць у запісе. Значыць, будучых кандыдатаў гэтая норма задавальняе”.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч адназначна выказваецца за дэбаты ў наўпроставым эфіры:
Лепш, каб тэледэбаты ішлі ў наўпроставым эфіры, улічваючы тое, што ў нашай краіне даўно ўжо пануе цэнзура...


“Безумоўна лепш, каб тэледэбаты ішлі ў наўпроставым эфіры, улічваючы тое, што ў нашай краіне даўно ўжо пануе цэнзура ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, асабліва ў электронных. Нават існуе нефармальная забарона на згадваньне прозьвішчаў некаторых апазыцыйных беларускіх палітыкаў на беларускіх тэлеканалах. Мяне за апошнія сем год толькі днямі крышку аблаялі па ОНТ. Гэта нават зьдзівіла. Ня сам факт лаянкі, а згадваньне. Таму што разьлік відавочны: няма ў тэлевізары — няма ў палітыцы”.