"Тата казаў, што здарэньні былі і раней"

Выбух 25 кастрычніка ў цэху драўнянастружкавых пліт (ДСП) канцэрну "Пінскдрэў" забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. Нацыянальная жалоба не абвешчана. "Свабода" працягвае цыкл рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем'яў ахвяраў пінскай трагедыі.

Квашалі Алеко Юр’евіч (1962-2010)


Грузінскія прозьвішча і імя Алеко Юр’евіча Квашалі тлумачацца проста: ягоны бацька па нацыянальнасьці грузін. Служыў у Пінску і пазнаёміўся тут з будучай маці Алеко, Кацярынай Прыходзька. Маладыя зьехалі ў Грузію, але там сумеснае жыцьцё маладой сям’і не было ўдалым, і праз тры гады жанчына з сынам прыехалі ў Беларусь. Кацярына Мікалаеўна кажа, што ў яе сына было вельмі разьвіта пачуцьцё справядлівасьці, ён мог заступіцца нават за незнаёмага чалавека, калі яго пакрыўдзілі.

«Сын быў вельмі адказным. І яшчэ, калі некага будуць крыўдзіць, ён ня пройдзе міма. У маладосьці езьдзіў на працу на ровары, а на аўтобусе не хацеў. Казаў, што зь яго характарам ня вытрымае, калі каго пакрыўдзяць. Гэта і цяпер выявілася. Ён, як кажуць, калі выскачыў з цэху, дык сказаў: «У нас яшчэ што, а вось што там адбываецца!».

Удава Алеко Квашалі

Жонка Людміла кажа, што яны з мужам вельмі кахалі і адчувалі адно аднаго. Жанчына настаўнічае непадалёк ад «Пінскдрэва» і 25-га кастрычніка, калі здарыўся выбух, адразу адчула нядобрае.

«Калі ён у першую зьмену, мы з працы заўсёды вяртаемся разам. І вось я сяджу ў школе, на сваім працоўным месцы. А гэта здарылася ў 13 гадзін 03 хвіліны, здаецца. Тут задрыжэла шкло, і я зразумела, што нешта адбылося. Усе са школы выбеглі на вуліцу паглядзець, адкуль ідзе дым. Я пайшла з ўсімі і адразу набрала яго нумар — а ён недасяжны. І я зразумела, што зь ім здарылася няшчасьце. Я схапіла свае рэчы і пабегла на завод (плача).
У інтэрнэце ёсьць відэа з прахадной, дык абгарэлы мужчына, які там стаіць, гэта мой муж.
Як бегла, ня памятаю, але прыбегла вельмі хутка, яшчэ нават машын хуткай дапамогі не было. Дабегла, бачу — стаяць яны там, каля прахадной. Я бегаю, шукаю і быццам ня бачу. А ён стаяў ад мяне літаральна два мэтры і мяне паклікаў: „Люда!“ А я яго не пазнала, ён быў увесь абгарэлы. Твар быў цёмны, валасы абгарэлі. Мы зь ім пастаялі хвіліну і разам на хуткай дамапозе паехалі ў рэанімацыю. У інтэрнэце ёсьць відэа з прахадной, дык абгарэлы мужчына, які там стаіць, гэта мой муж. Але апошні раз я бачыла яго ўжо перад адпраўкай у апёкавы цэнтар у Менск. З трубкамі, без прытомнасьці. І гэта ўсё».

Зводны брат Сяргей Прыходзька згадвае, што ў дзяцінстве Алеко заўсёды абараняў яго як малодшага і працягваў апекавацца ім, нават калі ён ужо стаў дарослым. Каўказкія гены старэйшага браты выяўляліся ў ягонай імгненнай запальчывасьці, але вельмі хутка брат адходзіў і зноў быў добры, дрэннага ніколі і нікому не рабіў.

«У яго было вельмі разьвіта пачуцьцё сяброўства. І сябры ў яго захоўваліся. Бо ён ні з кім не сварыўся, і таму сябры заставаліся тыя самыя».

Дзеці Алеко Квашалі ганарацца тым, што іх родны дом дзякуючы тату быў самым гасьцінным. Дачка Каця .

«Мы кожны Новы год ішлі дамоў, бо тата нас чакаў і зьбіраў. Мы нават ня думалі, што можна недзе Новы год сустракаць зь сябрамі, ня дома. Тата, мама, уся наша сям’я. А потым прыходзілі нашы сябры, і мы былі ўсе разам за адным сталом».



На «Пінскдрэве» Алеко Юр’евіч рабіў прэсаўшчыком пліт. Гэта вельмі цяжкая праца, да таго ж шкодная — даводзілася дыхаць паветрам, брудным ад пылу і фармаліну. На ўгаворы зьмяніць працу на больш лёгкую Алеко казаў, што трэба працаваць дзеля сям’і. Ведаў Алеко Квашалі і пра тое, што кожны дзень рызыкуе ня толькі здароўем, але і жыцьцём. «Тата казаў, што раней у іх там ужо былі здарэньні, але што цяпер пра гэта згадваць…», — казалі сваякі Алеко Квашалі.