Расея цягне Беларусь у "Паўночнае вымярэньне"

Сяргей Лаўроў

Расея разьлічвае на прыняцьце рашэньня аб наданьні Беларусі статусу назіральніка ў межах праграмы Эўразьвязу "Паўночнае вымярэньне". Пра гэта заявіў міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў 2 лістапада на міністэрскай сустрэчы ўдзельнікаў праекту ў Осла, паведамляе РІА Новости.

Такім крокам будзе фармальна пацьверджаны "дэ-факта высокі ўзровень далучанасьці Менску да практычнага супрацоўніцтва ў межах "Вымярэньня", дадаў Лаўроў.

Партнэрства ЭЗ "Паўночнае вымярэньне" заснавана ў 1997 годзе з ініцыятывы Фінляндыі. Яго ўдзельнікі — Нямеччына, Данія, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Польшча, Фінляндыя, Швэцыя, Эстонія і Расея. Ініцыятыва скіраваная на разьвіцьцё трансьмежавага супрацоўніцтва краін-удзельніц, заклікана садзейнічаць пераадоленьню спэцыфічных цяжкасьцяў рэгіянальнага разьвіцьця ў Паўночнай Эўропе.

Беларусь не ўваходзіць у праграму, але выступае партнэрам па разьвіцьці яе асобных кірункаў. Так, у лістападзе 2009 году краіна стала паўнапраўным удзельнікам праектаў партнэрства "Паўночнае вымярэньне" па транспарце і лягістыцы.