“Калі будзе 5 кандыдатаў, то астатнія 25 працэнтаў можна падзяліць так, каб ніхто зь іх не атрымаў шмат”

Паўлюк Быкоўскі

Ці азначае сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыі Лідзіі Ярмошынай тое, што ўлада мяркуе прыпыніць «супэрлібэральны» падыход да выбарчай кампаніі і падысьці да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты дастаткова строга? Колькі кандыдатаў могуць быць зарэгістраваныя, і хто будзе адсеяны на гэтым этапе? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: У пытаньні рэгістрацыі патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ўлада мае некалькі дастаткова супярэчлівых матывацыяў. З аднаго боку, улада павінна паказаць, што яна ўсё ж кантралюе сытуацыю і кіруе працэсам, зь іншага — яна зацікаўленая, каб было як мага больш апазыцыйных кандыдатаў. Ці будзе нейкі адсеў на гэтай стадыі, і хто застанецца за бортам?

Быкоўскі: Адсеў будзе, і прэсавая канфэрэнцыя Ярмошынай паказвае, што адсеў будзе дастаткова заўважны. Урэшце, гэта першыя выбары ў гісторыі Беларусі, калі ў выбарчыя камісіі здавалі ксэракопіі падпісных лістоў. Тое што ўзьнікалі праблемы з «маляваньнем» подпісаў, і было спрэчнае пытаньне, ці сам выбаршчык паставіў свой подпіс, — гэта было на многіх ранейшых выбарах.

Але ўпершыню зьявіліся падпісныя аркушы, якія былі цалкам ксэракапіраваныя. Такога на маёй памяці не было…

Цыганкоў: Такога нахабства?
Шмат хто сапраўды быў перакананы, што галоўнае — прынесьці паперы, а ўлады са сваіх прычынаў зарэгіструюць усіх.


Быкоўскі: Такога нахабства. Бо, хутчэй за ўсё, шмат хто сапраўды быў перакананы, што галоўнае — прынесьці паперы, а ўлады са сваіх прычынаў зарэгіструюць усіх. Але выглядае, што кагосьці адсеюць.

Цыганкоў: Як з гэтага пункту гледжаньня ўлада будзе вырашаць другую сваю задачу — пакінуць як мага болей апазыцыйных кандыдатаў, каб ім было цяжка дамовіцца пра адзінага?

Быкоўскі: Кандыдатам і без улады будзе цяжка дамовіцца пра адзінага. Шмат хто ўклаў у збор подпісаў шмат сілаў і сродкаў. Цяпер каманды кандыдатаў, якія працавалі за грошы ці за ідэю, могуць «не зразумець» свайго кандыдата, які скажа, што мы цяпер здымаемся за іншага.

Акрамя таго, ЦВК адсее тых, у каго занадта яскравыя парушэньні, ня выключана, што ня хопіць подпісаў у тых ,у каго яны былі на мяжы неабходных ста тысячаў. У выніку акажацца, што ў нас ёсьць 5-7 кандыдатаў.

Калі Лукашэнка прызнаўся, што ён хоча, каб было 75 працэнтаў за яго, то астатнія 25 працэнтаў трэба «размазаць» паміж ягонымі канкурэнтамі. І калі будзе 5 альтэрнатыўных кандыдатаў, то гэтыя 25 працэнтаў можна падзяліць так, каб ніхто зь іх не атрымаў шмат. Тады ніхто зь іх ня можа сказаць, што за ім стаіць вялікая колькасьць выбаршчыкаў, і гэта ня будзе мець нэгатыўных наступстваў для рэжыму пасьля выбараў.