Васіль Быкаў

Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

У папярэдніх сваіх разважаньнях я часта падкрэсьліваў важны прынцып у мастацтве фатаграфіі, які можна сфармуляваць так: усё ў адным. Гэта значыць адлюстраваньне самых характэрных і тыповых прыкметаў і сутнасьці зьявы ў адным фота. Такім было фота Рыгора Барадуліна, зробленае Сяргеем Шапранам, “Маці эмігрантаў” Даратэі Лянж (не экспанавалася), “Лукашызм, альбо цёмнае царства” невядомага аўтара, “Начны Манмартр” Брасаі і інш.



З усіх фатаграфіяў Васіля Быкава ёсьць адна, дзе ў абліччы гэтага вялікага чалавека адбіўся ўвесь ягоны лёс, відаць уся яго балесная, далёка схаваная душа, тая душа, якая ў людзей выяўляецца ня так ужо й часта, бо кожны яе беражэ.

Гэтая фатаграфія была надрукаваная ў газэце “Народная воля” ў дзень сьмерці Быкава. Відаць, тыя, хто яе зьмяшчалі на паласу разьвітаньня, разумелі тое самае, пра што я кажу.

Фота ёсьць удалай выдрукоўкай са здымка меншага маштабу. Аўтар не пазначаны. Але газэта стала нібы суаўтарам гэтага твору. Я перазьняў яго з газэты і пры мінімальнай тэхнічнай папраўцы зьмясьціў тады ў “Беларускіх ведамасьцях” і ў некаторых кніжках.

У працэсе выдруку я зразумеў, што нічога ня трэба правіць, нават слабыя адбіткі газэтных радкоў, што відаць на сьветлых месцах партрэта. Такая фатаграфія, якая ёсьць, – гэта ўжо фота-графічны твор з выкарыстаньнем сродкаў выразнасьці паліграфіі. Зерне, растар, графічны кантраст – тое, што ў іншым месцы выяўляецца як тэхнічны недахоп, – тут усё працуе на графічную выяву і вобраз пісьменьніка (тэхнічныя характарыстыкі ацэньваюцца як сродкі эстэтычнай выразнасьці). Выяўленча ўсё глядзіцца прыгожа. Графічны кантраст узмацніў успрыняцьце вобраза.

Зьвяртаю ўвагу на вочы Быкава – жывыя, разумныя і трагічна-балесныя. У гэтым позірку я чытаю ягоную “Доўгую дарогу дадому”, галоднае дзяцінства пад бальшавікамі, вайну ад Масквы да Бэрліну, барацьбу за творчае існаваньне сярод навалачы і здрады. Гэта погляд моцнага, адкрытага чалавека, які шмат перажыў, шмат разумее.

Пісьменьнік глядзіць проста ў аб’ектыў. А гэта стварае ўражаньне дыялёгу: “ён і мы”, “ён і я”. Прынцып партрэта, калі чалавек глядзіць у аб’ектыў, выклікае часам вельмі моцнае эмацыйнае ўражаньне. Вядома, не заўсёды, але бываюць моманты, калі ў позірку адбіваецца канцэнтрацыя духу і гісторыя душы. Партрэт Быкава якраз такі.

Графічная структура фота узмацняе, абагульняе і адначасна – аддаляе вобраз. Ён глядзіць на нас тут і нібы адтуль, здалёку, пасьля доўгай дарогі, чалавек, які прадбачыў нішчэньне нацыі і цёмны час. Сумленьне і гонар нашай вялікай беларускай літаратуры.

Гімн беларускі гучыць.
Гэта мы яго сьпяваем – Фронт.
Рэквіем па няволі.
Ода для прышласьці
Над магілай Быкава.

2003 г.