Глушакоў адмовіўся ад удзелу ў выбарах

Юры Глушакоў

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта ад Беларускай партыі "Зялёныя" Юрый Глушакоў спыніў удзел у выбарчай кампаніі.

Прызнаючы, што ягонаму штабу не ўдалося сабраць неабходную для вылучэньня колькасьць подпісаў, Глушакоў ня лічыць гэта паражэньнем.

"Падчас гэтай прэзыдэнцкай кампаніі Беларуская партыя "Зялёныя" ўзбагацілася калясальным палітычным вопытам і змагла прыцягнуць у свае шэрагі сотні новых прыхільнікаў. Мы — маладая партыя. Але мы змаглі ўвайсьці ў гэтую няпростую выбарчую кампанію і весьці яе на годным узроўні", — гаворыцца ў заяве, якую распаўсюдзіў выбарчы штаб Ю.Глушакова, перадае БелаПАН.

Пры гэтым Глушакоў падкрэсьлівае, што ягоная партыя "па-ранейшаму выступае за адзінства, але на прынцыповай аснове". Беларуская партыя "Зялёныя" гатовая падтрымаць таго з кандыдатаў, "хто палічыць для сябе прымальнымі пункты, сфармуляваныя з улікам думкі выбарцаў: адмова ад будаўніцтва беларускай АЭС; адмена кантрактнай сыстэмы і аднаўленьне ўсіх адмененых сацыяльных ільготаў, уключаючы чарнобыльскія; неадкладны пераход да парлямэнцкай рэспублікі з апорай на моцныя мясцовыя саветы; мараторый на прыватызацыю значных прадпрыемстваў; прыняцьце закону "Аб працоўных калектывах" (вытворчае самакіраваньне, якое ўключае ў сябе права калектыву браць удзел у вырашэньні пытаньняў аб разьмеркаваньні прыбытку)".

У заяве адзначаецца, што гэтая выбарчая кампанія "праходзіць як ніколі ў вельмі няпростых умовах". Ю.Глушакоў адзначае, што многія апазыцыйныя прэтэндэнты не змаглі дамовіцца аб магчымасьці выхаду на адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл.