“Трэба павучыцца ў Лукашэнкі, як падмануць глябальны крызіс”

Слухачы абмяркоўваюць заявы кіраўніка краіны наконт падвышэньня заробкаў і пэнсій; разважаюць пра тое, як будуць разьвівацца адносіны паміж Эўразьвязам і беларускімі ўладамі. Ці можна лічыць адэкватнай матэрыяльную дапамогу, якую аказала дзяржава сваякам ахвяраў аварыі на пінскай фабрыцы?

Наш слухач выказаўся наконт падвышэньня заробкаў і пэнсій у Беларусі ў крызіснай сытуацыі:

«У дзяржавах Эўразьвязу крызіс прымусіў зьніжаць заробкі, пэнсіі ў шматлікіх дзяржавах, у тым ліку ў Літве, Латвіі, Румыніі, Баўгарыі, Грэцыі і інш. А ў нас Лукашэнка паабяцаў да канца году падвысіць у сярэднім да 500 даляраў, маючы адмоўны балянс гандлю і затавараныя склады.

Дык, можа, дзяржавам Эўразьвязу трэба павучыцца ў Лукашэнкі, як можна падмануць глябальны крызіс пры дапамозе друкарскага станка?»


Барыс Жаліба
Эканаміст Барыс Жаліба пракамэнтаваў званок слухача:

«Сусьветны крызіс патроху ўжо заканчваецца. У нас падвышэньне заробкаў не ад таго, што ў нас эканоміка аднавілася, а прычына палітычная.

Ня вельмі й кіруюцца эканамічнымі заканамернасьцямі. Нам гэта ўжо адгукаецца ростам цэн і пагрозай дэвальвацыі. Яна будзе, чакаецца, і ўкладчыкі цяпер пазбаўляюцца рублёвых укладаў і пераводзяць іх у валюту.

Дзяржава ў нас уплывовая і можа падвысіць заробкі загадам. У рынкавых эканоміках такога няма. Паводле загаду там гэтага зрабіць немагчыма».

Наша слухачка патэлефанавала на «Свабоду», каб выказаць свае меркаваньні наконт стасункаў паміж Эўропай і беларускімі ўладамі:

«Апошнім часам усё часьцей гучыць пытаньне з боку апазыцыі: чаму Заходняя Эўропа так дзіўна сябе паводзіць у дачыненьні да беларускай улады? Заходняя Эўропа перасьледуе свае інтарэсы.

Яна, вядома, не Кітай, але таксама перанаселеная, нестае зямлі. Забылі, што такое сапраўдны лес, а не лесапаркавая паласа. А тут, па мерках Эўропы, вялікая тэрыторыя з насельніцтвам, якое вымірае і дэградуе. Навошта Эўропе кітайскі анкляў пад бокам?

Вось і вырашае яна свае тэрытарыяльныя праблемы, пакуль кітайцы з мусульманамі гуртам і ўраздроб усё не разабралі. А нашым кіраўнікам усё па барабане, яны сваіх нашчадкаў ужо на вякі забясьпечылі і на любым кантынэнце».


Аляксандар Мілінкевіч
Палітык Аляксандар Мілінкевіч камэнтуе званок слухачкі:

«Ня думаю, што для Эўропы так важна выкупіць Беларусь разам з насельніцтвам. Для Эўропы важна на сваіх межах мець краіны стабільныя, прадказальныя, дэмакратычныя, каб зь імі можна было супрацоўнічаць, мець пэрспэктывы.

Для эўрапейскіх палітыкаў таксама вельмі важная беларуская незалежнасьць. Я ня думаю, што калі б мы зараз абвясьцілі пра прыватызацыю нашай зямлі, то зьехалася б шмат капіталістаў і пачалі б выкупляць нашы землі.

У гэтым небясьпекі няма. Небясьпека ўнутры нашай краіны, таму што тая магчымасьць супрацоўніцтва з Эўразьвязам, якую прапаноўвалі 2 гады таму, у значнай ступені страчана.

Я застаюся прыхільнікам таго, што трэба распачынаць з Эўропай супрацоўніцтва і палітычнае, і эканамічнае. Нам патрэбная мадэрнізацыя. Безь яе наша эканоміка ня вытрымае, калі ня будзе расейскіх датацыяў. Таму трэба пераходзіць да супрацоўніцтва з Эўропай».

Людзі абмяркоўваюць нядаўнюю аварыю на пінскай мэблевай фабрыцы, у выніку якой загінулі тры чалавекі, а 19 — трапілі ў рэанімацыю. Слухачы абураліся, што афіцыйныя СМІ падавалі інфармацыю пра аварыю як другасную, а ўлады не адрэагавалі на яе своечасова. Цяпер слухачы выказваюцца наконт памеру матэрыяльнай дапамогі ахвярам трагедыі:

«У вячэрнім эфіры „Свабоды“ пачуў наконт гэтых 10-мільённых кампэнсацый ад дзяржавы. Што мяне вельмі ўражвае? Калі загіне 12 чалавек, то можна правесьці аднаму кандыдату ў прэзыдэнты выбарчую кампанію — гэта прыкладна 35 тысяч даляраў. Сорамна гэта ўсё. Што такое 10 мільёнаў, якія дае дзяржава? Ну, сям’я набудзе два мяккія вугалкі, якія каштуюць па 5 мільёнаў. Цьфу! — вось што каштуе чалавечае жыцьцё ў Беларусі! Сорам! Ганьба гэтай уладзе!»

А вось званок нашага сталага слухача:

«Свабодаўцы, толькі што слухаў па радыё, як ваенны трыбунал у Іраку прыгаварыў Азіза да сьмяротнага пакараньня праз павешаньне. Гітлераўская мера, ня трэба гэтага, гэта варварства на сёньняшні дзень».

Наш слухач Анатоль Якаўлеў зь Віцебску прысьвяціў верш гадавіне масавага расстрэлу беларускай інтэлігенцыі ў кастрычніку 1937 году.

Кастрычнік трыццаць сёмага жахлівы
Чорны воран крыламі накрыў,
Разьлілася кроў на творчай ніве,
Сталін пекла на зямлі стварыў.

Гонар наш пісьменьніку, паэту.
Веліч, талент роднай Беларусі
Уночы расстралялі зь пісталету,
Край бацькоўскі патануў у скрусе.

Ганьба вам, паплечнікі Герода,
Ганьба вам, праклятыя сэксоты,
Горш чумы вы сталі для народа,
Творцы бальшавіцкага прыгнёту.

За злачынствы атрымалі плату,
Як Іуда, здрадзіўшы Ісуса,
Сьмерць нясьлі сучасныя Пілаты,
Подлыя злачынцы з НКУСу.

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.