"Лукашэнка прылятае на адкрыцьцё Палаца спорту, але не на месца аварыі"

Чаму Аляксандар Лукашэнка ня выказаў спачуваньня сем’ям ахвяраў выбуху і пажару на "Пінскдрэве"? На гэтае пытаньне “Свабоды” адказваюць жыхары Пінску.
Спадар: "Дзіўна выглядае такое маўчаньне. Ён павінен абавязкова рэагаваць на такія выпадкі. Для Пінску гэта сапраўды праблема. Але ж калі нешта здарыцца, напрыклад, у Францыі, тады гэта агучваецца вельмі голасна на БТ. А нашыя праблемы проста не заўважаюць. Робяць выгляд, што цішыня і спакой".

Спадарыня: "І сапраўды, ніводнага слова не было пра гэта з вуснаў кіраўніка краіны. І шкада, бо для гораду гэта сапраўды надзвычайнае здарэньне. Я сама асабіста бачыла пацярпелых. Але ўсе маўчаць. Гэта вельмі сумна".

Спадар: "Раз адмоўчваецца, значыць, прыкладаюцца намаганьні, каб замаўчаць гэтае здарэньне".

Спадарыня
: "Ведаеце, калі і кажуць пра гэты выпадак у мясцовых СМІ, то ўсё роўна кажуць няпраўду. На самой справе ахвяраў больш. Ня веру таму, што агучваюць чыноўнікі. Але яны абавязаныя найперш былі сказаць словы спачуваньня. Шкада, што гэтага не было зроблена".

Спадар: "Значыць, хавае кіраўнік краіны гэтую інфармацыю, магчыма, з-за выбараў. А рэакцыя абавязкова павінна была быць. Таму, раз маўчыць і кіраўнік краіны, то, значыць, не жадаюць людзям паведаміць дакладныя акалічнасьці".

Спадар
: "А мне падаецца, што кіраўнік краіны такім чынам дапамагае адміністрацыі заводу, закрывае вочы на хібы ў яго працы".

Спадар:
"Мне падаецца, што важна, каб прагучала нейкае спачуваньне. Гэта не па-чалавечы — такое маўчаньне. Як-ніяк, трэція суткі пасьля выбуху. Пара і жалобу аб'явіць, гэта сур'ёзны выпадак".

Спадарыня: "Я зьдзіўляюся, чаму Лукашэнка не прыляцеў сюды на верталёце. Магчыма, што ён лічыць важнейшым адкрыцьцё палацаў спорту, а што тут людзі загінулі, цэх зьнішчаны, то для яго гэта не істотна".

Спадар:
"Я ня ведаю, чаму ён у гэтым выпадку маўчыць. Але ў выніку складаецца ўражаньне, што ён дурны прэзыдэнт".