За дзень да канцэрту на сайце ансамбля зьявілася сьціслае паведамленьне: "Зь незалежных ад "Мазоўшэ" прычынаў плянаваны на 27 кастрычніка канцэрт у Палацы Рэспублікі ў Менску быў адменены. Афіцыйны ліст у гэтай справе паступіў у дырэкцыю ансамбля ад арганізатара "Лірыкатур". Тым часам у менскім прыватным унітарным прадпрыемстве па аказаньні паслугаў "Лірыкатур" спасылаюцца на тое, што яны былі толькі пасярэднікамі, да іх зьвярнуліся таму, што тут ёсьць знаўцы польскай мовы, а сапраўдным арганізатарам была фірма "Пламбір ТВ". Дырэктарка апошняй Марына Калесьнікава гэтак патлумачыла прычыны скасаваньня канцэрту:
"Вельмі нізкая рэалізацыя білетаў, прададзена было толькі дваццаць адсоткаў. Звычайна рэнтабэльнасьць разьлічваецца так, што трэба прадаць восемдзесят адсоткаў залі…"
Адзін з кіраўнікоў апазыцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут перакананы ў палітычнай падаплёцы скасаваньня канцэрту:
"Прадстаўнікі ансамбля папросту былі ўцягнутыя ў палітычную гульню. Беларускія ўлады вырашылі падмацаваць імідж пралукашэнкаўскага Саюзу палякаў. Фактычна "Мазоўшэ" была пастаўлена перад фактам. Іх запрасіла прыватная фірма выступіць, яны пагадзіліся, яны хацелі прыехаць у Беларусь. А калі прыйшлі афармляць візы, іх паставілі перад фактам: вы едзеце на запрашэньне Сямашкі (праўладнага СПБ), таму павінны зьмяніць у сваіх анкетах "запрашаючы бок" на СПБ, і тады вы атрымаеце бясплатныя візы".
Андрэй Пачобут удакладняе, што ў інтэрвію польскім СМІ прадстаўнікі "Мазоўшэ" паведамілі, што вырашыць гэтую сытуацыю яны хацелі такім чынам: каб білеты, якія атрымоўвае сам ансамбль для распаўсюду, былі перададзеныя цалкам незалежнаму Саюзу палякаў.
"Але ніхто з арганізатараў на кіраўніцтва нашага СПБ не выходзіў. І пасьля таго як сытуацыю апісала польская прэса, прадстаўнікі "Мазоўшэ" ў інтэрвію для Польскага прэсавага агенцтва назвалі ў якасьці прычыны таго, што яны адмаўляюцца ехаць, тое, што іх уцягваюць у палітычную падтрымку пралукашэнкаўскага Саюзу палякаў".
Андрэй Пачобут кажа: прадстаўнікі праўладнага Саюзу палякаў пацьвярджалі ў СМІ, што мелі дачыненьне да арганізацыі канцэрту "Мазоўшэ". Тым часам намесьнік старшыні гэтага саюзу Мечыслаў Лысы такія зьвесткі абвяргае:
"Па-першае, культура ніколі не была ў палітычным полі, гэта розныя рэчы. Я быў заўсёды за тое, каб яны прыехалі, але не атрымалася. Мы падтрымалі ініцыятыву, але мы не маглі арганізоўваць. Згодна са статутам мы займаемся культурай, адукацыяй. Мы б вельмі жадалі, каб яны прыехалі, але яны таксама жорсткія рамкі паставілі: давайце "пенёнжкі", а інакш не прыедзем. І білеты ня выкупленыя папросту. Мне многа гаварылі, і я толькі адчуваю папрок у свой адрас: а дзе вашыя палякі? Я наколькі разумею: апошняя плацёжка не прайшла, гэта значыцца — ім не паступілі "пенёнжкі", і яны не паехалі. Вось і ўсё".
Мечыслаў Лысы ня бачыць ніякай палітыкі ў тым, што канцэрт "Мазоўшэ" ў Палацы Рэспублікі не адбыўся:
"Абсалютна няма палітыкі, проста тут грашовыя справы. Няма палітыкі, хаця мне падаецца, што хтосьці хацеў бы падаць так, што тут палітычная справа".