Жадобін падпіша дамову аб супрацоўніцтве ў галіне абароны зь Літвой


Старшыня парлямэнцкага камітэту ў справе нацыянальнай бясьпекі і абароны Арвідас Анушаўскас сьцвярджае, што нягледзячы на ўзмацнелыя рознагалосьсі паміж Беларусьсю і Расіяй, Масква і далей застаецца бліжэйшым вайсковым партнэрам Менску.


Камэнтуючы візыт беларускага генэрал-лейтэнанта Юрыя Жадобіна ў Літву, ён падкрэсьліў, што зьмест ваеннага супрацоўніцтва Вільні і Менска не такое, якім магло б быць, калі б у Беларусі было больш дэмакратыі, паведамляе DELFI.

”Я думаю, ня варта пераацэньваць гэтыя рэчы (рознагалосьсі – DELFI). У вайсковай сфэры як было супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Расеяй, так і засталося, ніхто яго не зьмяніў. Абарона Беларусі ўсё ж зьвязана двухбаковымі пагадненьнямі з Расеяй, мы ж зьяўляемся сябрам НАТО”, – сказаў А.Анушаўскас агенцтву BNS.

Усе ж кіраўнік камітэта адзначыў, што Літве неабходна мець дачыненьні з суседзямі па ўсіх пытаньнях, асабліва тады, калі побач з Літвой праходзяць ваенныя вучэньні “зь вельмі цікавымі сцэнарамі”.

”Нам гэта вельмі цікава, важна. Без сумневаў, наўпроставае супрацоўніцтва дапамагае высьветліць актуальныя пытаньні”, – казаў ён і дадаў, што “тут такі згуртаванасьці, як паміж краінамі НАТО, ня будзе”.

Беларусь уваходзіць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпекі, створанай з ініцыятывы Масквы як адказ на НАТО.

У сераду ў Літве адбудзецца першы візыт міністра абароны Беларусі Юрыя Жадобіна.

Ю.Жадобін і кіраўнік Мінабароны Літвы Раса Юкнявічэне абмяркуюць пытаньні міжнароднай бясьпекі, пытаньні двухбаковага і рэгіянальнага супрацоўніцтва, удзел вайскоўцаў у міжнародных апэрацыях, інструмэнты ўзмацненьня ўзаемнага даверу. Пасьля сустрэчы міністры падпішуць пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры абароны.