Ужо сёньня, 27 кастрычніка

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР’Е:


Хмарна, але ўдзень прагляне сонейка: 4 – 6 °С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


У офісе АБСЭ ў Менску адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя прадстаўніцы АБСЭ па свабодзе СМІ Дуні Міятавіч.

У Нацыянальным мастацкім музэі адкрыецца выстава “Барыс Забораў. Жывапіс. Малюнак. Скульптура”. У экспазыцыі прадстаўленыя 37 твораў з прыватных і музэйных калекцыяў Францыі, Галяндыі, Вялікай Брытаніі і Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


Астрахань, Расея: сустрэча прэзыдэнтаў Расеі, Азэрбайджану і Армэніі.

Кіеў: прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін возьме ўдзел у працы ўкраінска-расейскага эканамічнага форуму.

Кіеў: эўракамісар у пытаньнях гандлю Карэл дэ Гюхт наведае Ўкраіну.

Варшава: кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў наведае з рабочым візытам Польшчу.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


1873 – амэрыканец Джозэф Глідэн запатэнтаваў калючы дрот.

1939 – літоўскія войскі ўвайшлі ў Вільню, якую СССР перадаў Літве.

1962 – карыбскі крызіс: выведны самалёт ЗША зьбіты над Кубай савецкай зэнітнай ракетай; пілёт, маёр Рудалф Андэрсан загінуў. Лічыцца, што “чорная субота”, 27 кастрычніка 1962, – гэта дзень, калі сьвет быў бліжэй за ўсё да глябальнай ядзернай вайны.

1991 – Вярхоўны Савет Туркмэністану абвясьціў незалежнасьць краіны.

Нарадзіліся

1469 – Эразм Ратэрдамскі, нідэрляндзкі гуманіст (пам. 12.7.1536).

1728 – Джэймз Кук, брытанскі першаадкрывальнік і навігатар (пам. 14.2.1779).

1890 – Віктар Шутовіч, беларускі каталіцкі сьвятар, прыхільнік беларусізацыі касьцёлу (пам. 1.3.1960).

Памёр

1430 – Вітаўт, вялікі князь літоўскі (нар. ~1350).

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень незалежнасьці Туркмэністану.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША: Беларусь абмяжоўвае рэлігійную свабоду”

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Шчасьце палягае галоўным чынам у тым, каб мірыцца з сваім лёсам і быць задаволеным сваім становішчам – Эразм Ратэрдамскі