Беларусь плянуе датэрмінова выпусьціць эўрааблігацыі яшчэ на мільярд даляраў

Беларускія ўлады пачалі падрыхтоўку да другога выпуску эўрааблігацыяў. Яго могуць разьмясьціць у канцы гэтага году або на пачатку 2011 году.

Паводле пастановы Саўміну № 1542 ад 22 кастрычніка 2010 году сума выпуску эўрааблігацыяў з тэрмінам абарачэньня ня менш за 5 гадоў складзе 1 мільярд даляраў, паведамляе Afn.by

Кампанія White And Case LLP (ЗША) выступіць юрыдычным кансультантам па англійскім праве; Лёнданскі філіял Deutsche Bank AG — плацёжным агентам і агентам па лістынгу; Sterling Financial Print Ltd. — агенцтвам друку.

Арганізатарамі другога выпуску эўрааблігацыяў выступяць тыя ж банкі, якія бралі ўдзел у разьмяшчэньні дэбютнага выпуску эўрабондаў: лёнданскія філіялы BNP Paribas і Deutsche Bank AG, Royal Bank of Scotland PLC, ААТ "Ашчадбанк Расіі".

Дэбютны выпуск беларускіх эўрааблігацыяў быў праведзены двума траншамі ў жніўні гэтага году. У выніку яго Беларусь прыцягнула 1 мільярд даляраў.

Варта адзначыць, што першапачаткова беларускія ўлады плянавалі выйсьці на міжнародны рынак з другім выпускам эўрабондаў не раней за сярэдзіну 2011 году. Аднак праблемы з паступленьнем у краіну валютнай выручкі прымусілі значна прысьпешыць гэтыя пляны.