Някляеў паабяцаў забясьпечыць ЦВК празрыстымі скрынямі

Уладзімер Някляеў

У панядзелак ініцыятыўная група Ўладзімера Някляева зьвярнулася да ўладаў суседніх краінаў —Украіны, Польшчы і Літвы — з просьбай забясьпечыць Беларусь празрыстымі скрынямі для галасаваньня.

Каля сталічнага ГУМу а 15-й гадзіне была выстаўлена адна празрыстая скрыня, і Ўладзімер Някляеў прадэманстраваў мінакам і журналістам яе перавагі, кінуўшы туды бюлетэнь:

«Вось я яго кінуў, і бачна, што я кінуў ня пачак бюлетэняў, склаўшы сотню, а што гэта адзін бюлетэнь, мой асабісты бюлетэнь, які я апусьціў за адпаведнага чалавека».


Спадар Някляеў распавёў, што правёў перамовы з парлямэнтамі суседніх краінаў, і яны паабяцалі дапамагчы з празрыстымі скрынямі.

Праваабаронца, сябра ініцыятыўнай групы Някляева Тацяна Процька:

«Такая празрыстая скрыня — гэта не флэшмобаўская зьява. У шмат якіх краінах сьвету скрыні празрыстыя. І якія скрыні рабіць, вырашае раённы выканкам. Ня трэба думаць, што ўсё робіць у нашай краіне Лукашэнка. Ёсьць шмат людзей, якія адказныя за тое, каб выбары былі справядлівыя, дэмакратычныя і празрыстыя. І сёньня мы зьвяртаемся да гэтых людзей: усё залежыць ад вас».


Кіраўнік аргкамітэту ініцыятывы «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін:

«14 дэмакратычных арганізацый аб’ядналіся дзеля таго, каб выбары ў Беларусі нарэшце маглі быць такія ж празрыстыя, як гэтая скрыня. Таму што важна, калі мы бачым, што бюлетэнь адзін укінуты, а ня пачак, колькі людзей насамрэч прагаласавала, за каго прагаласавала. І сёньня мы перакананыя: калі гэта будуць празрыстыя выбары, ня толькі скрыня, але і выбары ў цэлым, — перамога будзе за дэмакратычным кандыдатам».

Сяргей Калякін кідае свой бюлетэнь у празрыстую скрыню.

На імпрэзу былі запрошаныя і іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты. Мікола Статкевіч :

«Безумоўна, празрыстыя скрыні ня вырашаць праблему фальсыфікацыі. Але яны абцяжараць гэтую нялёгкую працу па фальсыфікацыі, калі салідныя людзі крадуцца да скрыняў папярэдняга галасаваньня і ўсё мяняюць. Прыйдзецца больш саромецца тым, хто ахоўвае гэтыя скрыні».

Спадар Статкевіч згадаў прызнаньне афіцэра міліцыі падпалкоўніка Казлова пра фальсыфікацыі на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Яго вельмі ўразіла, што сярод некалькіх тысячаў ахоўнікаў скрыні знайшоўся толькі адзін афіцэр, які заявіў пра гэта:

«Гэтая ўлада пазбаўляе людзей годнасьці, вось што самае страшнае. Яна прымушае мяняць годнасьць на кавалак хлеба. А потым, забраўшы годнасьць, забірае і гэты кавалак хлеба».


У панядзелак дэмакратычныя кандыдаты выступілі са зваротам да міжнароднай супольнасьці. Яго падпісалі Рыгор Кастусёў, Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч.

Уладзімер Някляеў: «Мы не настолькі наіўныя, каб лічыць, што гэтая скрыня цалкам забясьпечыць адсутнасьць фальсыфікацый. Таму мы напісалі зварот да Рады Эўропы, да АБСЭ, да парлямэнтаў краінаў Эўразьвязу, СНД, ЗША, у якім мы пералічваем усе ўмовы, неабходныя для правядзеньня гэтых свабодных і дэмакратычных выбараў».

Ініцыятыўная група Някляева перадала ў ЦВК скаргу на парушэньні выбарчага заканадаўства прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, прыклаўшы да яе стос дакумэнтаў і дыскі з відэазапісамі.

Уладзімер Някляеў дэпанструе адно з сфатаграфаных парушэньняў: ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі зьбірае подпісы на чыгуначным вакзале, забароненым для збору подпісаў.