Суд ня стаў разглядаць скаргу маці пакаранага сьмерцю

Асуджаны на сьмерць Андрэй Жук у судовай залі.

Суд Ленінскага раёна Менску адмовіў маці пакаранага сьмерцю Андрэя Жука ў разглядзе скаргі на адмову даць зьвесткі пра месца пахаваньня сына.

Сьвятлана Жук, сын якой быў пакараны 18 сакавіка 2010 году, абскардзіла ў раённым судзе неправамернае, як яна лічыць, бязьдзеяньне дэпартамэнта выкананьня пакараньняў МУС, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк.

Паводле яго слоў, у пачатку верасьня жанчына атрымала з дэпартамэнта адказ на свой зварот у МУС, у якім прасіла паведаміць, дзе пахаваны яе пакараны сын. У такой інфармацыі ён было адмоўлена са спасылкай на палажэньне артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса: «Цела для пахаваньня не выдаецца, аб месцы пахаваньня не паведамляецца».

У звароце ў суд Ленінскага раёна Менску Сьвятлана Жук патрабавала прызнаць адмову неправамернай і абавязаць дэпартамент выкананьня пакараньняў МУС даць такія зьвесткі.

З суда яна атрымала пастанову пра адмову ў распачынаньні грамадзянскай справы па яе скарзе з прычыны непадведамаснасьці справы суду.

«На жаль, да парушэньня правоў Сьвятланы Жук на атрыманьне інфармацыі, свабоду ад бесчалавечага абыходжаньня, а менавіта так у адпаведнасьці зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах кваліфікуецца адмова даць зьвесткі пра месца пахаваньня сына, дабавілася яшчэ адно — парушэньне права, прадугледжанага пактам, на справядлівы суд», — заявіў Кісьляк. На яго думку, суд выкарыстаў працэсуальныя хітрасьці для таго, каб не разглядаць гэтую справу ў публічным судовым пасяджэньні.

Праваабаронца паведаміў, што Сьвятлана Жук мае намер зьвярнуцца са скаргай у Менскі абласны суд.

17 ліпеня 2009 году Менскі абласны суд прызнаў двух жыхароў Салігорскага раёна, Андрэя Жука і Івана Сарокіна, вінаватымі ў разбойным нападзе на супрацоўнікаў СВК «Бальшавік-Агра», якія перавозілі грошы для выплаты зарплаты работнікам сельгаспрадпрыемства, і іх забойстве 27 лютага 2009 году на аўтадарозе паблізу вёскі Крывічы.

За гэтыя злачынствы 25-гадовы Жук быў прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня — сьмяротнай кары, 26-гадовы Сарокін — да пажыцьцёвага зьняволеньня. Іх 24-гадовы саўдзельнік Уладзімер Мароз асуджаны на 13 гадоў пазбаўленьня волі.

27 кастрычніка 2009 году Вярхоўны суд пакінуў безь зьмяненьня прыгаворы ў дачыненьні да гэтых грамадзян. Маці Жука ў той жа дзень накіравала скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Як падкрэсьліў Кісьляк, у адпаведнасьці з правіламі працэдуры камітэта дзяржаве была накіравана просьба не прыводзіць у выкананьне сьмяротны прыгавор.