Супраць Байковай распачалі яшчэ некалькі крымінальных справаў

Як паведамляе газэта "Народная воля", на днях адвакат Сьвятланы Байковай накіраваў на імя генпракурора хадайніцтва аб прадаўжэньні месячнага тэрміну, адведзенага на вывучэньне крымінальнай справы, - тамоў шмат, некаторыя матэрыялы пад грыфам "Сакрэтна", капіяваць іх нельга.

24 кастрычніка канчаецца тэрмін утрыманьня Байковай пад хатнім арыштам. Пракурорскае начальства павінна альбо падоўжыць гэтую меру стрыманьня, або замяніць.

Як стала вядома "Народнай Волі" з вартых даверу крыніц, Камітэт дзяржбясьпекі распачаў у дачыненьні да Байковай яшчэ некалькі крымінальных спраў. Сьледзтва ўжо ідзе. Не выключана, што па зноў распачатых справах могуць абраць новую меру стрыманьня, і тады Байкова зноў можа апынуцца за кратамі. Адвакат Байковай ад камэнтароў з гэтай нагоды ўстрымліваецца.

Нагадаем, што Сьвятлану Байкову затрымалі ў канцы лютага. На сайце КДБ напісана: "Падчас правядзеньня сьледчых дзеяньняў, акрамя ўстаноўленых раней, выяўлены факты незаконных затрыманьняў, прыцягненьня ў якасьці абвінавачаных, заключэньня грамадзян пад варту, дапушчаныя С. Байковай ў 2006-2007 гадах. Інфармацыя па справе не падлягае шырокаму асьвятленьню ў СМІ ў інтарэсах забесьпячэньня тайны сьледзтва і выключэньня ўплыву на яго хаду".