Каляровае сярэднявечча

Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.
Талін фотагенічны сярэднявяковы горад. Фатаграфіяў старога Таліна поўна. Інтэрнэт завешаны здымкамі гэтага сьпічастага горада. Тут рэкляма на ўсе густы (у асноўным па-ангельску), але фатаграфіяў-адкрыцьцяў няшмат, у асноўным “віды” ў шалёных колерах. Але ўсё ж ёсьць і прыгожыя творчыя здабыткі. Адзін з такіх прыемных здымкаў я тут экспаную.


Гэта фатаграфія аўтара з Латвіі Андрэя Грынёва “Талінскія вежы”. Тут якраз колерная фатаграфія. Яна добрая і па колеру, і па кампазыцыі, і, што істотна, па духу сярэднявечча, схопленага фатографам у характэрнай прыроднай сытуацыі. З гэтага месца здымкаў Таліна няшмат, і ўсе яны пераходныя. Адкрыцьцяў не заўважана. Тут жа, у гэтым фота, прыгожая мастацкая выява, прасякнутая духам гістарычнага існаваньня.

Удалых здымкаў у каляровай фатаграфіі ўвогуле вельмі няшмат па простай прычыне: шмат хто з тых, што цяпер фатаграфуе, не задумваюцца, што здымаюць на колерную аснову, ня маюць колернага бачаньня і ведаў, і здымаюць, фактычна, па прынцыпах чорна-белай фатаграфіі.

Істотна і тое, што сама колерная аснова вельмі абмяжоўвае мастацкія магчымасьці фатаграфіі. Балянсаваць колерную рэчаіснасьць пры здымцы, практычна, немагчыма. Гэтак жа цяжка адыйсьці ад колернага натуралізму, тым больш “сабраць”, “упісаць” кадр і г. д.

Фатографы, якія прафэсійна займаюцца колерам, ведаюць пэўныя правілы, якіх трэба прытрымлівацца (асабліва пры здымцы прыроды, архітэктуры і краявіду).

Адным з такіх правілаў зьяўляецца здымка пры адпаведнай колернай тэмпэратуры (якую трэба навучыцца вызначаць) і пры адпаведнай колернай сытуацыі, якую, дарэчы, можна прадбачыць, бо ёсьць тыповыя станы прыроды, якія паўтараюцца.

Тыповая (і вельмі прыгожая) колерная сытуацыя ўзьнікае на падыходзе дажджавой хмары (асабліва ў ветраны дзень, калі паветра празрыстае) і найбольш пры адыходзе хмары, калі выглядвае сонца і асьвятляе краявід ці архітэктуру на фоне хмарнай гушчыні.

На такое відовішча можна выпадкова натрапіць. Але трэба ведаць, што колерная сытуацыя тут зьмяняецца імгненна, часам цягам хвіліны-паўхвіліны. Таму фатограф, калі хоча нешта сфатаграфаваць выдатнае, павінен гэтакі стан прадбачыць і быць падрыхтаваным.

Мы ня ведаем, ці Андрэй Грынёў патрапіў выпадкова, ці прадбачліва падрыхтаваўся да рабленьня свайго колернага здымка, але тут скарыстана менавіта такое і тыповае, і выключнае колернае становішча. Гэта стоадсоткавы каляровы здымак, дзе гарманічна скарыстаныя і сьвятло, і колер, і выяўлены драматычны эфэкт. Трохі выпадае з балянсу залішне ядавітая зелень травянога газона перад вежамі, але ў цэлым яна не займае шмат месца і ня рэжа вока.

Кадр хораша пабудаваны ў кампазыцыйным сэнсе, падпарадкаваны ня толькі правільнай лінейнай пэрспэктыве, але й рытму сьвятла на вежах, дзе самая яркая кропка аказваецца ў канцы рытмічнай разгорткі.

Па эстэтычным адчуваньні і харастве гэта адзін зь лепшых колерных мастацкіх здымкаў старога Таліна, якія мне прыходзілася бачыць у апошні час.

(Фота Грынёва ёсьць у вольным Сеціве).