Лекцыя аб свабодзе

Ганак альма матэр


На сайце Радыё Свабода паявіліся здымкі: гарадзенскага студэнта ў інвалідным вазку з вялікімі цяжкасьцямі ўзьнімаюць на руках на чацьверты паверх унівэрсытэту імя Янкі Купалы на экзамэн. І, о дзіва! Праз колькі часу ганак альма матэр зьмяніўся: на ім зрабілі ўезд для інвалідных вазкоў, парэнчы. Сапраўды, як жа так: вну, якая заяўляе аб супрацоўніцтве з эўрапейскімі унівэрсытэтамі, не зважае на некаторых сваіх уласных студэнтаў?! Што праўда, ганак быў толькі часткай “айсбэргу”, вонкавай, самае складанае, што ў будынку няма ліфту. Ну, але звонку стала лепей.

Кастрычнік — час, калі ва ўнівэрсытэце чытаюць лекцыі запрошаныя асобы, сёньня з Пэдунівэрсытэту віленскага, напрыклад. Па-ранейшаму кажуць, што намячаецца выступ зь лекцыяй перад студэнтамі самога А.Лукашэнкі. Такія мерапрыемствы нярэдка адкладаюцца, але некаторыя сайты паведамілі, што супрацоўнікаў папярэдзілі загадзя наконт мераў бясьпекі. Прычым прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі сустрэліся з кіраўнічымі кадрамі. Адзін з прысутных сказаў нам, што было чалавек дзьвесьце.

Самым цікавым сталася раздача анкеты, прызнаўся супрацоўнік. Трэба было адказаць, як вы ацэньваеце палітычнае і эканамічнае становішча РБ і гэтак далей. Праўда, прысутных папярэдзілі, што адзін радок анкеты надрукавалі з памылкай: “19 сьнежня ў РБ адбудуцца прызыдэнцкія выбары?” Маўляў, знак пытальніка зьявіўся выпадкова, а цікавіла канкрэтна — ці прыйдзе на выбары той, хто запаўняў анкету? У ёй былі надрукаваныя таксама 17 прозьвішчаў, зарэгістраваных напачатку Цэнтрвыбаркамам для збору подпісаў. Пытаньне: за каго з гэтых людзей вы гатовыя прагаласаваць?

Анкета, зразумела, была ананімнай. Але ў ёй патрабавалася пазначыць свой узрост і стаж працы, прычым запрошаны былі канкрэтныя людзі — не выкладчыкі ўвогуле, у каго свабодны ад лекцый час, а, напрыклад, загадчыкі кафэдраў, аддзелаў, іхнія намесьнікі. Хіба што разьлічваць на цалкам шчырыя адказы ў гэтым разе было б прагматычнай наіўнасьцю.


Зьмест альма матэр


Пакуль што, аднак, самай знамянальнай кастрычніцкай лекцыяй “у Янках”, як называе свой унівэрсытэт моладзь, стала лекцыя для студэнтаў, прачытаная Кшыштафам Занусі. Як сказаў мне адзін з выкладчыкаў, уручэньне славутаму рэжысэру мантыі доктара honoris causa і яго выступ стаўся нечаканасьцю для большасьці ва ўнівэрсытэце. Рада сабралася, прагаласавала, а неўзабаве прыехаў ён сам.

Чаму Кшыштаф Занусі? Напэўна таму, што ён вельмі адкрыты для кантактаў, супрацоўнічае з многімі вну і па-расейску ўмее, дарэчы. Ну, і лекцыю мае на гэты выпадак пра значэньне альма матэр. Мясцовая прэса паведаміла, што “у Янках” ён сказаў: “Унівэрсытэт вызваляў думку і даваў людзям шанец для творчага, свабоднага мысьленьня. Бяз гэтага не існавала б Эўропа і нашая эўрапейская цывілізацыя”.

Паколькі гарадзенскі унівэрсытэт хоча пашыраць кантакты з эўрапейскімі, яму патрэбныя людзі з-за нашай “жалезнай заслоны”, як К.Занусі. Вну, напрыклад, удзельнічае даўно ў праграме “Балтыйскі унівэрсытэт”, сярод асноўных мэтаў — вырашэньне праблемы “устойлівага разьвіцьця і дэмакратычных пераўтварэньняў у рэгіёне праз правядзеньне адукацыйных ініцыятываў”. Ці шмат зроблена ў гэтым сэнсе на Гарадзеншчыне? Хто адкажа?

Сваіх поглядаў Кшыштаф Занусі ніколі не хаваў. Вось адно з яго выказваньняў: “У прынцыпе, канечне, інтэлігенцыя не павінна актыўна рэагаваць на бягучыя палітычныя падзеі і тым болей ісьці на барыкады. Характэрнай рысай інтэлігенцыі зьяўляецца тое, што яна рэагуе на этычныя пытаньні. Яе сфэра дзеяньня — маральная. Напрыклад, польская інтэлігенцыя далучылася да руху пратэсту супраць камунізму не з эканамічных меркаваньняў: гэта быў бунт супраць наскрозь фальшывай ідэалёгіі”. Хіба што ў некаторых суседзяў палякаў такая ідэалёгія па-ранейшаму ў пашане. Між іншым, К.Занусі выказваўся ў падтрымку тых беларусаў, якія — за дэмакратычныя пераўтварэньні.

Дык ці чакаць у гарадзенскай альма матэр сталічнага лектара?