У Грузіі арыштавалі беларусаў за наведваньне Абхазіі

Грамадзяне Беларусі, муж і жонка Сямён і Ірына Дзячок зь Берасьця, арыштаваныя грузінскай паліцыяй за "незаконнае знаходжаньне на акупаванай Расеяй тэрыторыі Абхазіі".

Аб гэтым БелаПАН паведаміў сябар сям'і Дзьмітрый Дардзюк.

Паводле ягоных слоў, іх арыштавалі пры спробе трапіць з Абхазіі ў Грузію.

"З 2 кастрычніка яны знаходзяцца ў грузінскай турме", — сказаў Дардзюк. Ён таксама паведаміў, што пра сытуацыю праінфармавана беларускае дыппрадстаўніцтва ў Грузіі.

Як распавёў агенцтву "Інтэрфакс" бацька Ірыны, Міхаіл Хатэнка, "Ірына і Сямён паехалі па сьвятых месцах. Былі ў Абхазіі, у Афонскім манастыры, пасьля чаго паехалі ў Грузію. У пашпарце ў іх былі штампы "Абхазія", і грузінскія памежнікі іх затрымалі".

Маладым людзям пагражае ў лепшым выпадку штраф.

Паводле слоў Міхаіла Хатэнкі, да гэтага часу ён ня змог зьвязацца з дачкой і зяцем, размаўляў толькі з адвакатам.

"Беларускія дыпляматы запэўнілі, што займаюцца гэтым пытаньнем. Паводле слоў прадстаўніка амбасады, іх могуць дэпартаваць бяз выплаты штрафу".

У Грузіі існуе закон аб акупаваных тэрыторыях. Грамадзянін любой краіны, які ўяжджае на тэрыторыю Грузіі праз акупаваныя тэрыторыі, лічыцца парушальнікам.

Падобны інцыдэнт меў месца летам 2009 году, калі грамадзянка Беларусі правяла ў грузінскай турме 50 дзён за незаконнае знаходжаньне на тэрыторыі Грузіі. Згодна з грузінскім заканадаўствам, такое правапарушэньне караецца турэмным зьняволеньнем на тэрмін ад трох да пяці гадоў або штрафам ад 3 да 5 тысяч даляраў.

Вызваліць жанчыну тады ўдалося толькі пасьля ўмяшаньня дыпляматаў, а неўзабаве пасьля інцыдэнту МЗС Беларусі "настойліва рэкамэндаваў" беларусам улічваць палажэньні грузінскага заканадаўства пры плянаваньні паездак у Абхазію і Паўднёвую Асэтыю.

"Уезд іншаземцаў у Абхазію і Паўднёвую Асэтыю дапускаецца выключна з напрамкаў Зугдзідзкага і Гарыйскага муніцыпалітэтаў. Пранікненьне ў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю з усіх іншых напрамкаў без спэцыяльнага дазволу грузінскіх улад забараняецца і караецца ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам Грузіі", — адзначалася тады ў паведамленьні прэс-службы МЗС.