Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
АПРАНАЙЦЕСЯ...
...цяплей і не забудзьце парасона. Тэмпэратура: 1 – 6 С.
НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:
У Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры творчая сустрэча з беларускім паэтам і празаікам Леанідам Галубовічам "Праўда мастацкая…" з нагоды 60-годзьдзя з дня нараджэньня. У праграме – прэзэнтацыя новай кнігі "Сыс і кулуары". Пачатак а 17.00.
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі (Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтар – пакой 110) адбудзецца прэзэнтацыя "Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца" (Менск, 2009). Гэта зборнік артыкулаў па беларусістыцы і багаслоўі ў гонар 80-годзьдзя з дня нараджэньня і 50-годзьдзя сьвятарства айца Аляксандра Надсана. Пачатак а 17.00.
Рэспубліканскі і Менскі абласныя саветы, першасная арганізацыя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вілейкі прэзэнтуюць мультымэдыйны дыск "Шляхамі Вілейшчыны". Прэзэнтацыя адбудзецца ў Менску па вул. Мясьнікова, 35 (уваход з вул. Берсана, зьлева ад крамы "Алеся"). Пачатак а 18.00.
ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:
У Страсбуры ў Эўрапейскім парлямэнце аб’яўляюць імя сёлетняга атрымальніка прэміі імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”.
Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў з двухдзённым рабочым візытам у Туркмэністане.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
У 1805 брытанскі флёт пад камандаваньнем віцэ-адмірала Гарацыё Нэльсана атрымаў перамогу над аб’яднанымі флётамі Францыі і Гішпаніі ў бітве пад Трафальгарам. У бітве загінуў сам Нэльсан, але перамога дала брытанцам абсалютную дамінацыю на моры на наступныя 100 гадоў.
У 1833 нарадзіўся Альфрэд Нобэль, швэдзкі хімік і інжынэр, вынаходнік дынаміту, фундатар Нобэлеўскай прэміі (пам. 1896).
У 1878 нарадзіўся Ўладзімер Пічэта, беларускі гісторык, першы рэктар БДУ.
У 1904 нарадзіўся ірляндзкі паэт Патрык Каванах (пам. 1967).
ЁСЬЦЬ НАГОДА:
Дзень Трафальгарскай бітвы ў Вялікабрытаніі.
МІНУС 365:
Год таму на сайце Свабоды: " Альбо – стрэс, альбо – сэкс".
ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ:
"Адчайныя справы патрабуюць адчайных захадаў".
"У мяне толькі адно вока, і я маю права быць сьляпым час ад часу. Я сапраўды ня бачу сыгналу [выходзіць зь бітвы]".
"Па-першае, вам трэба безумоўна выконваць загады і не імкнуцца думаць пра тое, слушныя яны ці не. Па-другое, вам трэба лічыць сваім ворагам кожнага, хто адзываецца дрэнна пра вашага караля. І па-трэцяе, вам трэба ненавідзець француза як чорта".
"Англія спадзяецца, што кожны выканае свой абавязак".
Гарацыё Нэльсан