"Пры такіх выбарах уся ўлада зьверху да нізу нелегітымная"


Наша слухачка патэлефанавала на “Свабоду” пасьля таго, як прачытала ў "Народнай Волі" інтэрвію адстаўнога падпалкоўніка міліцыі, які стаў сьведкам фальсыфікацый падчас мінулых выбраў.

"Абурэньню не было мяжы пасьля таго, як я прачытала інтэрвію Мікалая Казлова, падпалкоўніка міліцыі ў запасе, журналістцы Марыі Эйсмант у газэце “Народная Воля”. Першы доказ таго, што папярэдняе галасаваньне служыць для глябальнай фальсыфікацыі выбараў усіх узроўняў. Выснова вельмі простая — уся ўлада зьверху да нізу нелегітымная ".

Гэты званок камэнтуе палітык Вінцук Вячорка:

"Фактаў сьведчаньняў пра фальсыфікацыі вельмі шмат. Ёсьць і відэапацьверджаньні. Напрыклад, падчас так званых мясцовых выбараў былі зробленыя такія здымкі ў мазырскай акруговай камісіі. У Менску, у Зялёным Лузе, дзе я балятаваўся. Мы атрымалі відавочныя пацьверджаньні таго, што рабіліся маніпуляцыі падчас вынаснога галасаваньня.

Я і Сяргей Калякін атрымалі дакладныя зьвесткі ад аднаго зь сябраў камісіі, колькі мы ў абсалютных лічбах атрымаем галасоў. І столькі менавіта нам і напісалі. Гэта было зафіксавана і міжнароднымі назіральнікамі.

Тут праблема не ў фармальным абскарджаньні (яго, натуральна, трэба рабіць), а праблема ў так званай унутранай легітымнасьці. Да таго моманту, пакуль людзі ў масе сваёй будуць лічыць, што ў нас усё адбывалася ў меру сумленна, да тае пары будзе існаваць так званая ўнутраная легітымнасьць.

Галоўнае, каб бальшыня грамадзтва ня толькі даведалася, але й пераканалася ў праўдзівасьці гэтых сьведчаньняў пра фальсыфікацыі.

Па-другое, трэба, каб усьлед за падпалкоўнікам Казловым дзясяткі, сотні і тысячы людзей, найперш гвалтоўна змабілізаваных у камісіі, пачалі кампанію такіх публічных прызнаньняў".

Наша слухачка з Бабруйску, якая назвалася Валянцінай, выказала сваё абурэньне:

"Я абурана адказам выбарчай камісіі Першамайскага раёну Бабруйску. Хацела я даведацца пра нумары тэлефонаў штабоў апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Яны мне адказалі, што ведаюць нумар і могуць дапамагчы толькі ў дачыненьні да кандыдата Лукашэнкі.

Пра нумары тэлефонаў іншых кандыдатаў яны нічога ня ведаюць. Сёньня на мітынгу каля крамы “Айсбэрг” некаторыя людзі пагражалі зборшчыцы подпісаў за Раманчука, што выклікаюць міліцыю, некаторыя папярэджвалі, што яе могуць забіць. Вось такія ў нас выбары. Толькі байкот гэтых выбараў! Альбо будзе ганьба нашай апазыцыі".


Званок камэнтуе палітык Анатоль Лябедзька:

"Сытуацыя брутальная, але не безнадзейная. Я скажу, што па Бабруйску наша ініцыятыўная група сабрала больш за 10 000 подпісаў. Гэта, нягледзячы на тую праўду, якую кажа жанчына, што зрабілі зялёнае сьвятло толькі для аднаго кандыдата — Аляксандра Лукашэнкі.


Але папросту трэба слухаць Радыё Свабода, трэба чытаць газэту "Народная Воля" — і ты будзеш ведаць, дзе знаходзіцца альтэрнатыва, як яе знайсьці, і што трэба зрабіць, каб яе падтрымаць".



На “Свабоду” патэлефанаваў жыхар вёскі Каўгары Аляксандар Карусевіч, бацька шматдзетнай маці.

"Маёй дачцэ як шматдзетнай маці ў Асіповічах далі кватэру, але не паведамілі, што гэта проста крывыя сьцены. Ужо шмат было камісіяў, якія пацьвердзілі, што нельга жыць у гэтых сьценах, яна ўжо чатыры разы зьвярталася ў адміністрацыю Лукашэнкі, але адтуль гуляюць у футбол назад у Асіповічы праз Магілёў. І як могуць, зьдзекуюцца зь яе.

Як Лукашэнка ідзе на выбары, кажа тыдні тры таму па тэлебачаньні, што асабіста сам будзе разглядаць гэтыя пытаньні. Калі вы, Аляксандар Рыгоравіч, маеце сорам і сумленьне, то прыяжджайце ў Асіповічы і вырашыце гэтае пытаньне. Колькі ж можна зьдзекавацца з маёй дачкі?!".

Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.