“Трэба падпісвацца за ўсіх, хто знайшоў у сабе сьмеласьць балятавацца”



Ці аддалі свае подпісы за нейкага патэнцыйнага кандыдата жыхары Віцебску? Пра гэта карэспандэнтка Свабоды распытвала мінакоў на вуліцах абласнога цэнтру.

Карэспандэнтка: "Ці паставілі вы свой подпіс за вылучэньне кагосьці з патэнцыйных кандыдатаў? Калі так, то якімі крытэрамі ці патрабаваньнямі да яго вы кіраваліся?"

Спадар: “Мы даём подпісы за ўсіх, каб было болей кандыдатаў. У тым ліку, натуральна, і за Аляксандра Лукашэнку!”

Дзяўчына: “За Някляева Ўладзімера. Таму што мне падабаецца яго праграма. Гэта адукаваны чалавек, і тое, што ён прапануе для моладзі ў будучыні – мне даспадобы”.

Спадарыня: “Я падпісалася за чацьвярых кандыдатаў, ініцыятыўныя групы якіх да мяне дайшлі. І лічу, што трэба падпісвацца за ўсіх, хто знайшоў у сабе сьмеласьць балятавацца на пасаду прэзыдэнта на гэтых выбарах.”

Карэспандэнтка: “А вы падпісаліся за каго-небудзь?”

Хлопец: “Не, не падпісваўся я. А навошта? Мне і так добра жывецца, без гэтага ўсяго. Я ў палітыку ўвогуле ня лезу”.

Спадарыня: “А я падпісалася за ўсіх апазыцыйных кандыдатаў. Няхай ідуць! І я ўсё ж спадзяюся, што будзе нейкае палітычнае рашэньне, што палітычную волю нашы палітыкі праявяць, і напрыканцы збору подпісаў ці пасьля рэгістрацыі, можа, усе ж будзе адзіны кандыдат. Я дык дужа на гэта спадзяюся!”

Бабуля: “Сам казаў наш прэзыдэнт: “Дайце магчымасьць усім!” І за ўсіх, калі да мяне прыходзяць, я падпісваюся. Няхай будзе большы выбар!”

Спадар: “Я падпісаўся практычна за ўсіх, апрача аднаго – Лукашэнкі. Каб у людзей была магчымасьць з мноства кандыдатаў абраць аднаго, свайго. Мне больш за іншых падабаецца Саньнікаў. За тое, што ён раней быў ва ўрадзе і за тое, што ён пайшоў адтуль пасьля рэфэрэндуму – гэта характарызуе яго як сумленнага чыноўніка. Ягоны плюс – што ён мае досьвед працы ва ўрадзе і ў яго ёсьць скіраванасьць на інтэграцыю ў Эўразьвяз”.

Дзяўчына: “Я падпісалася за Віталя Рымашэўскага і за Яраслава Раманчука. А яшчэ за Рыгора Кастусёва. Магу, дарэчы, яшчэ і Саньнікава падтрымаць.Таму што мяне, можна сказаць, яго праграма задавальняе. Я ня супраць усіх! Але галоўнае, што я за Лукашэнку не падпісвалася. Гэта прынцыпова проста!”