Міхась Башура выступіў з апошнім словам. Прысуд у 17.40

Міхась Башура ў судовай залі 18 кастрычніка.

Сёньня а 15 гадзіне ў Савецкім раённым судзе Менску працягнуўся судовы працэс у справе актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуры. Башура выступіў з апошнім словам, у якім зноў заявіў пра сваю невінаватасьць і прачытаў два свае вершы па-беларуску. Адзін зь іх быў напісаны ўжо за кратамі.

У кароткім апошнім слове Міхась Башура заявіў, што ня мае патрэбы нікога пераконваць, бо ўсе акалічнасьці справы напярэдадні добра выклала яго адвакат Тамара Сідарэнка. Ён паўтарыў, што ня лічыць сябе вінаватым, і папрасіў яго апраўдаць. Башура падкрэсьліў, што ён зрабіў памылку і што ў выніку ягоных дзеяньняў нікому не было нанесена ніякіх стратаў. Міхась таксама прачытаў два свае вершы па-беларуску, адзін зь якіх быў напісаны ўжо за кратамі.

Пасьля гэтага судзьдзя Кірыл Палулех пайшоў да абвяшчэньня прысуду ў дарадчы пакой. Як паведамілі, прысуд будзе абвешчаны ў 17.40.

Нагадаем, 18 кастрычніка пракурор Галіна Корнева запатрабавала 6 месяцаў арышту для Міхася Башуры, актывіста кампаніі «Гавары праўду», якога судзяць за паўторную падробку даведкі аб прыбытках. Паводле пракурора, віна актывіста ў судзе была цалкам даказаная, а тое, што ён не прызнае сябе вінаватым і кажа пра ненаўмысную памылку ў падліках, Галіна Корнева лічыць «спробай пазьбегнуць адказнасьці». «Неверагодна, каб пры заробку ў 87 тысяч рублёў на месяц чалавек пазначыў 686 тысяч і каб гэта была памылка, а не наўмыснае ўвядзеньне ў зман», — мяркуе пракурор.

Адвакат Тамара Сідарэнка папрасіла суд апраўдаць Міхася Башуру, бо лічыць, што ягоная віна не была даказаная.