Усе на фронт!

Палітыкі — яны што тыя паэты, здараецца, прамовы ў іх нібы чамадан з падвойным дном. Дарагі сябра наш прылятаў-пацешыў, нагадаўшы, што мы разам мацуем “антыімпэрыялістычны фронт”. Але штось ніякавата зрабілася пасьля такога зухаўства. Як там атрымліваецца: ён на перадавой лініі, пад самым носам у Амэрыкі, мы за ім, а за намі яшчэ пэрсыдзкія сябры? Але ж хаўрус! Дакладней будзе назваць фронт гэты, згадзіцеся, бадай антыдэмакратычным, тут ужо ў кропку дакладна пацэліш. Застаецца пытаньне хіба з далёкімі пхэньянцамі, ці яны з намі, ці іх ня ўлічваюць? Бо антыімпэрыялістаў большых уявіць немагчыма, ніякія беларусы не дакажуць са сваёй антынатаўскай гаворкай!

Доўга будзем мы яшчэ ўнікаць і ў зухавыя словы аб нафце лацінаамэрыканскай, якой беларусам павінна хапіць, страшна нават падумаць, на дзьвесьце год! Варыянты адказаў: альбо спадар Уга прышле нам адразу чорны акіян, або ён зьбіраецца рабіць гэта цягам двух стагодзьдзяў? Але ў першым разе — куды мы столькі заліем “чорнага золата”? Апошні варыянт-здагадка — беларусам давядзецца амаль спыніць выкарыстаньне нафты і ашчаджаць яе да 2210 году. “Эканоміка ж павінна быць эканомнай”, залатыя словы сказаў калісьці наш дарагі Ільліч. Каюся, мая памылка: успрымаць у такіх заявах трэба прыгожыя вобразы, “палітычная паэзія” не цярпіць прадметнага разгляду. Лепей да яе ставіцца ірацыянальна, бо ў аптымістычных словах узгаданых можна ўявіць таксама іншае: што і праз дзьвесьце гадоў беларусы будуць існаваць, прычым з запасам нафты ад спадара Уга.

Можа ён там пазавіхаецца і на дзьвесьце бліжэйшых для нас з газам таксама вырашыць праблему? Было б нядрэнна, ня горш, чым з малочнымі рэкамі нафты. Тым больш эканоміка ў нас, як добра вядома, антыімпэрыялістычная. Чытаем у мясцовай газэце гутарку з дырэктарам хімічнага гіганту “Гродна Азот”, які самы буйны спажывец газу паміж Бугам, Нёманам, Дняпром і Дзьвіною. І чорным па белым ягоныя словы аб тым, што вытворчасьць можа быць рэнтабэльнай, пакуль газ для прадпрыемства максімум па 145 даляраў, а далей, кажа ён, яна робіцца стратнай. Прычым не хавае, што “Азот” атрымлівае газ сёньня па цане 210 даляраў”! Хаця добра вядома, што Беларусі Расея прадае яго таньней, як і тое, што ў наступным годзе цану падвысіць.

І што нам тады рабіць са сваім “Азотам”? Але калі існуюць такія зухавыя сябры, калі нафту заморскую пачалі вазіць, як малако, зь вёскі ў горад у якую “Малочную краіну”, то і з газам небезвыходна? Дырыжаблі прыдумаць, прыкладам, ці паветраную трубу, вунь жа двум фізыкам Нобэлеўскую выпісалі за незвычайна ценькі, але трывалы матэрыял! А мо й бліжэй знойдуцца ахвотныя ўмацоўваць наш агульны антыімпэрыялістычны фронт? Дарэчы, як паведамляе энцыкляпэдыя, іранскія нетры, напрыклад, “багатыя на нафту і прыродны газ”. Вось і карты ў рукі! Што праўда, гарадзенская дружба з нашым азіяцкім хаўрусьнікам нейк ня склеілася пакуль. Зьдзівілі аднойчы пасланцы далёкай краіны нечаканым візытам на наш мясакамбінат ды сваёй навацыяй — мясныя тушы, якія закупілі, павінны былі рухацца на гаках на выхад абавязкова згодна іхняй рэлігійнай традыцыі. Затым тушы апынуліся ў самалёце рэйсам на Тэгеран. І штосьці пасьля гэтага не чутно было іх больш: ці мяса не спадабалася, ці адмовіліся ўмацоўваць нашую эканоміку гэткім экстравагантным чынам. Падазраю, што й газ вазіць самалётамі стуль на “Азот” ня вельмі выгодна будзе, затое нагода лішні раз паказаць дулю імпэрыялістам.