У эфіры "Званкі на Свабоду". Слухачы дзеляцца сваімі назіраньнямі за выбарчай кампаніяй, а таксама спрабуюць адказаць на пытаньні: ці мусяць патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта пагаджацца на тэледэбаты ў запісе?; ці сапраўды за Аляксандар Лукашэнку сабрана 600 000 подпісаў?
Слухач “Свабоды” лічыць, што на Ўсебеларускім сходзе павінны прысутнічаць усе патэнцыйныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта.
"Вось прачытаў у “Народнай Волі”, што 6-7-га будзе Усебеларускі сход. Лічу, што будзе справядліва, калі на гэтым сходзе будуць прысутнічаць усе патэнцыйныя кандыдаты на званьне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. І калі яны ня будуць туды запрошаныя, калі яны ня змогуць там прысутнічаць, тады гэты сход несапраўдны, бо пытаньні будуць вырашацца датычныя менавіта будучых кандыдатаў, кіраўнікоў краіны. І сёньня Лукашэнка ня мае такога даверу народу, што будзе ён кіраваць краінай. Пасьля гэтага сходу невядома, хто будзе, таму ўсе кандыдаты павінны прысутнічаць і выступіць на гэтым сходзе".
Экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін у 2006 годзе спрабаваў прайсьці на падобны сход і быў зьбіты і затрыманы спэцназаўцамі. Ён пракамэнтаваў званок слухача:
"Калі гэта, як заяўляе наша ўлада, ёсьць дыялёг з народам, справаздача перад народам і спроба разам з народам абмеркаваць нашу будучыню, то, вядома, тыя людзі, якія зьяўляюцца прадстаўнікамі народу, мусяць там быць у большай ступені нават, чым дэлегаты.
Дэлегаты часам абіраюцца ад невялікіх калектываў, дзе бывае літаральна пару тысяч чалавек. А тут ужо колькі ў чалавека подпісаў сабрана.
Калі ўзяць закон пра агульнарэспубліканскі сход, то там канкрэтна напісана, хто туды трапляе. Я калі туды пайшоў, то рабіў гэта строга ў адпаведнасьці з законам. Мне трэба было паказаць, што ўлады нават у такім выпадку груба топчуць закон, што ў нашай краіне — антызаконны ўрад.
Наколькі я ведаю, Някляеў ужо сабраў 30 000 подпісаў, каб вылучыцца на дэлегата сходу. У нармальнай краіне гэта лягічна, каб кандыдат распавёў на сходзе пра сваю праграму".
Наш слухач выказаўся наконт удзелу патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта ў тэледэбатах.
"Вось прайшла інфармацыя, што па БТ будуць паказваць тэледэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты, але чамусьці толькі ў запісе. Таму хачу сказаць, што ў нармальных краінах дэбаты ідуць у прамым эфіры. На тое яны і дэбаты. Больш за тое, любы ахвотны можа пазваніць у студыю і задаць пытаньне любому кандыдату. Гэта па-першае.
Па-другое, наколькі я зразумеў, наш правадыр не зьбіраецца ўдзельнічаць ні ў якіх дэбатах. Маўляў, я вам даў эфірны час, вы можаце спрачацца паміж сабой колькі заўгодна, а мяне не чапайце, я ў гэтыя гульні не гуляю, мне гэта не патрэбна. Для мяне асабіста пытаньне ўжо вырашана. Вы можаце спрачацца колькі ўлезе, а прэзыдэнтам усё адно буду я".
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька камэнтуе гэты званок:
"Складана пакуль гаварыць завершанымі фразамі. З аднаго боку, вядома, непрамыя тэледэбаты без удзелу Лукашэнкі не зьяўляюцца дыскусіяй паміж тымі, хто пры ўладзе, і тымі, хто прапануе альтэрнатыву.
Разам з тым, гэта можна разглядаць папросту як мажлівасьць выступу пад цэнзурай. Кожны мусіць вызначаць для сябе. Калі будзе такі фармат, то мы будзем рабіць поўны запіс і потым распаўсюджваць яго празь інтэрнэт".
Людзі абмяркоўваюць працэдуру збору подпісаў за таго ці іншага кандыдата. Наша слухачка падзялілася інфармацыяй аб тым, як выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс для збору подпісаў за дзейнага кіраўніка краіны.
"За ўвесь час ня бачыла, каб нехта ставіў подпіс у ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. А ўчора знаёмы паскардзіўся, што школу, дзе працуе ягоная жонка, абавязалі сабраць 400 подпісаў за "бацьку". Цяпер настаўнікі праз страх страціць месца будуць за ацэнку-хабар купляць подпісы ў бацькоў сваіх вучняў. Цікавая інфармацыя для міністра адукацыі. Хаця я ня ўпэўненая, што яго хвалюе неадукаванасьць нашых дзяцей".
Надзея зь Менску выказала крытычную заўвагу наконт асьвятленьня ў дзяржаўных СМІ інфармацыі аб тым, што Аляксандар Лукашэнка нібыта сабраў ужо 600 тысяч подпісаў.
"Наконт 600 тысячаў подпісаў, якія нібыта сабралі за кіраўніка, аналітыкі “Свабоды”, вы так часта паўтараеце гэтую лічбу і тым самым усьлед за дзяржаўнымі каналамі ўводзіце ў зман слухачоў і чытачоў. А гэта ж няпраўда, такога проста ня можа быць, каб 6 кастрычніка было 100 тысяч, а 7, калі ён вярнуўся з Турцыі, ужо 600 тысяч. Гэтыя подпісы яны ўзялі з паветра, ці, як варыянт, з кампутара, з папярэдніх выбарчых кампаніяў. Гэтак жа, як і Гайдукевіч сабраў 100 тысяч подпісаў і тут жа пайшоў здымацца”.
Даволі часта людзі тэлефануюць з рэгіёнаў і пытаюцца, чаму ў тым ці іншым горадзе няма зборшчыкаў подпісаў.
"12 верасьня я быў у горадзе Пінску, хацеў паглядзець, ці зьбіраюць там подпісы. Ніводнага пікету ня бачыў, абышоў і базар, і вакзал, і людныя месцы, спытаўся ў жыхароў. Яны сказалі, што падпісваліся толькі на прадпрыемствах, за Лукашэнку. Больш нікога няма. Трэба, каб нехта туды паехаў”.
Некаторыя патэнцыйныя кандыдаты ўжываюць тактыку збору подпісаў "ад дзьвярэй да дзьвярэй", іншыя зьбіраюць на вуліцы. На інфармацыйных сайтах патэнцыйных кандыдатаў пазначаныя нумары тэлефонаў, па якіх можна даведацца, дзе па-за межамі сталіцы і буйнога гораду можна паставіць свой подпіс за таго ці іншага кандыдата.
Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.