Адвакат Сідарэнка: “Становішча Башуры можа пагоршыцца”

Міхась Башура

У працэсе над актывістам «Гавары праўду» Міхасём Башурам — нечаканы перапынак з-за таго, што пракурор рыхтуе новае абвінавачаньне.

Сёньня ў Савецкім судзе Менску аднавіўся і адразу зноў спыніўся працэс над Міхасём Башурам, якога абвінавачваюць у паўторнай падробцы дакумэнтаў. Пракурор Галіна Корнева папрасіла ў суду перапынку да панядзелка, па яе словах, «для падрыхтоўкі да перавыстаўленьня абвінавачаньня». Узяць камэнтар у прадстаўніцы дзяржаўнага абвінавачаньня не атрымалася — Галіна Корнева адразу пакінула судовую залю. Адвакат Тамара Сідарэнка болей за 10 хвілін размаўляла зь Міхасём Башурам, пасьля чаго адказала на пытаньні журналістаў і сваякоў, якія яе чакалі. Першым пытаньнем было: што азначае гэты крок пракурора, і ці не прывядзе ён да пагаршэньня становішча Міхася Башуры? Паводле Тамары Сідарэнка, гэта найбольш верагодна:

«Гэта азначае, што альбо ў межах гэтага абвінавачаньня нейкія новыя абставіны будуць прад’яўлены, але неяк інакш іх сфармулююць, нешта дадатковае пазначаць, альбо гаворка вядзецца пра нейкі іншы артыкул, які гэтыя дзеяньні кваліфікуе. А артыкул, адпаведна, больш цяжкі. Паколькі толькі з гэтых прычын пракурор перавыстаўляе абвінавачаньне. Бо каб перайсьці да больш мяккага абвінавачаньня альбо ўвогуле ад яго адмовіцца, у пракурора для гэтага ёсьць судовыя спрэчкі».

Карэспандэнт: «Гэта значыць, што на першую частку артыкула 380-га абвінавачваньне ня можа перайсьці?»

Сідарэнка: «Так, мяркую што так».

Тамара Сідарэнка
Пакуль Міхася Башуру абвінавачвалі паводле 2-ой часткі 380-га артыкула, гэта паўторная падробка дакумэнтаў. Максымальная пакараньне, паводле гэтай часткі, — 5 гадоў абмежаваньня волі альбо 3 гады пазбаўленьня волі. Што да першай часткі 380-га артыкула, то яна ўводзіць адказнасьць за аднаразовую падробку дакумэнтаў. Максымальнае пакараньне за гэта — два гады абмежаваньня волі альбо арышт на 6 месяцаў.

Таксама журналісты спыталіся ў адваката Тамары Сідарэнка пра яе меркаваньне наконт таго, ці сапраўды падчас працэсу зьявіліся падставы мяняць абвінавачаньне?

«Вядома, зьявіліся. Бо, на мой погляд, выявілася слабасьць абвінавачаньня. Па-першае, не даказана, што Башура асабіста перадаваў гэтыя дакумэнты. Вось тут, дарэчы, і можа быць карэктыроўка. Прыкладам, што Башура нібыта перадаў жонцы дакумэнты, каб яна перадала далей. А пакуль абвінавачаньне адназначна сьцьвярджае, што падробленыя дакумэнты перадаваў у банк і ў выканкам сам Міхась Башура. А па-другое, высьвятляецца, што большы памер заробку ў даведцы, якую нібыта падрабіў Башура, ня быў патрэбны для таго, каб сям’і далі ільготны крэдыт на жытло. Меншы заробак для гэтага быў бы нават лепей.»

Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, яе падабаронны спакойна паставіўся да зьвесткі пра тое, што яму выставяць новае абвінавачаньне. «Ён па характары аптыміст», — сказала Тамара Сідарэнка пра Міхася Башуру.

Cуд над паэтам, актывістам «Гавары праўду» Міхасём Башурам пачаўся ў Савецкім судзе Менску 11 кастрычніка. З 6-га жніўня Міхася Башуру трымаюць пад вартай у розных беларускіх турмах, цяпер — у ізалятары на Валадарскага, у камэры, дзе на 26 вязьняў ёсьць толькі 13 ложкаў.