Новая перадача сэрыі "Дом літаратара". Эфір 9 кастрычніка
ЛІТПАДЗЕЯ
ЮРАСЬ ЗАЛОСКА: “СУСТРЭЧЫ З БЫКАВЫМ – ГЭТА АДЗІНЫ ШАНЕЦ, ЯКІ Я МЕЎ У ЖУРНАЛІСЦКІМ ЖЫЦЬЦІ"
У выдавецтве “Медысонт” выйшла кніжка “Праўда як рэлігія”. Яе аўтар – былы журналіст, а цяпер доктар філязофіі і праваслаўны сьвятар Юрась Залоска. Пад вокладкай ягонай кнігі, на якой стаіць грыф “Кнігарня пісьменьніка”, сабраныя інтэрвію, дыялёгі і гутаркі з Васілём Быкавым, а таксама зацемкі, развагі з нагоды і дзёньнікавыя запісы аўтара, зробленыя пад час сустрэч з народным пісьменьнікам. Зь Юрасём Залоскам гаворыць Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Калі адбылася ваша першая журналісцкая сустрэча з Васілём Быкавым, вам было ўсяго 23 гады. Вам не было страшна задаваць пытаньні чалавеку, які ўжо быў ці ня самым вядомым і аўтарытэтным у краіне? Ці не было ў вас унутранай перасьцярогі наконт таго, як народны пісьменьнік успрыме пытаньні маладога журналіста?”
Юрась Залоска: “Творчага страху не было, можа быць, быў страх псыхалягічны, зьвязаны з тым, што гэта была першая сустрэча. Але я быў гатовы да гэтай сустрэчы. Недзе з 88-89 году я пачаў сачыць за публіцыстыкай Васіля Быкава, не мастацкімі творамі, а менавіта публіцыстыкай. Быкаў тады стаў народным дэпутатам Саюзу, займеў усесаюзную трыбуну – газэты “Правда”, “Известия” – і друкаваўся там. Я зьвярнуў увагу на ягоныя артыкулы, інтэрвію – яны былі такія канцэптуальныя, сацыялягічныя, сацыяпалітычныя, і ў мяне назапасіўся добры архіў гэтай публіцыстыкі. І калі я пачаў працаваў у “ЛіМе” ў студзені 91-га, дык праз год, калі асвойтаўся ў прафэсіі, адчуў гатоўнасьць пагутарыць з Васілём Уладзімеравічам”.
Аксак: “Вы памятаеце тую сустрэчу?”
Залоска: “Я памятаю яе, як сёньня. Гэта быў студзень 92-га. Калі з блаславеньня галоўнага рэдактара “ЛіМу” Міколы Гіля я патэлефанаваў да Васіля Ўладзімеравіча, дык ён папрасіў падрыхтавацца да інтэрвію і прынесьці пытаньні ў пісьмовым выглядзе. Я адказаў, што заўтра магу іх прынесьці. Назаўтра я ператэлефанаваў і прывёз на Танкавую машынапіс пытаньняў. Сустрэча была вельмі кароткай. Мы павіталіся, я паказаў пытаньні, Васіль Уладзімеравіч іх узяў і сказаў: “Чакайце. Я калі падрыхтую адказы, вам патэлефаную і вы зможаце іх забраць”.
Аксак: “А калі вы прыйшлі да Быкава з дыктафонам?”
Залоска: “Прайшоў час, гады тры. Здарыліся прэзыдэнцкія выбары 94-га, затым здарыўся рэфэрэндум 95-га, адбылася крыза і нашага руху адраджэнскага, і ідэі нацыянальнай, і таго, у што мы верылі, і я адчуў унутраную патрэбнасьць пагутарыць з Быкавым на гэтыя тэмы. Але Васіль Уладзімеравіч зноў папрасіў пісьмовыя пытаньні. Я іх падрыхтаваў. Яны тычыліся чыста літаратуры, якраз часопіс “Крыніца” рыхтаваў постаць Быкава і трэба было зрабіць зь ім інтэрвію. Я паехаў на кватэру, аддаў пытаньні, а затым уключыў дыктафон і пачаў пытацца пра палітыку, пра тое, што здарылася, і хоць мы пра гэта не дамаўляліся, Васіль Уладзімеравіч пачаў адказваць”.
Аксак: “А калі адбылася ваша апошняя сустрэча з Быкавым?”
Залоска: “Яна адбылася ў чэрвені 95-га, калі я вазіў на подпіс ягоныя адказы для “Крыніцы”, ужо зьнятыя са стужкі. Ён якраз сьпяшаўся на лецішча, але я тады адчуў, што вось гэта апошні мой шанец размовы з гэтым чалавекам, болей гэтага шанцу ня будзе, і трэба пытацца. Таму я пачаў настойліва, але ў меру культурна задаваць пытаньні пра яго гарадзенскі пэрыяд, пра эвалюцыю поглядаў, пра тое, як ён пачынаў. І Быкава гэта захапіла. Ён не паехаў на лецішча і мы доўга гаварылі тады”.
Аксак: “Але тая гутарка тады не была нідзе надрукаваная, так?”
Залоска: “Так, і здарылася гэта па розных прычынах. Я падрыхтаваў цягам лета 95-га другую кніжачку маіх гутарак з Быкавым, але выдавецтва, дзе я працаваў тады рэдактарам, пачало пабойвацца адпаведных зьменаў у краіне сацыяпалітычных і …”
Аксак: “Зразумела. А ці супалі вашы ўражаньні ад асабістых сустрэчаў з Васілём Быкавым з тым вобразам, які ў вас, магчыма, склаўся паводле ягоных твораў?”
Залоска: “Было поўнае супадзеньне вобразу і рэальнай асобы. Усё-ткі публіцыстыка – той жанр, у якім ён шчыра выказваўся, наўпрост. Проста зьмяніліся тэмы інтэрвію ў сувязі з нашым адраджэньнем першай паловы 90-х. Шэраг гэтых сустрэчаў, дыялёгаў, вусных і пісьмовых, - гэта адзіны шанец, той вялікі шанец, які я меў у сваім журналісцкім жыцьці, і ён рэалізаваўся ў выглядзе гэтых тэкстаў”.
Аксак: “У кнігу, апроч інтэрвію і дыялёгаў з народным пісьменьнікаў вы ўключылі і вашы асабістыя зацемкі і развагі з нагоды тых сустрэчаў і вытрымкі зь дзёньнікаў, а таксама запісы выступаў Быкава і ягоных адказаў на пытаньні чытачоў. Чаму вы так вырашылі скампанаваць кніжку?”
Залоска: “Чыста дыялёгі не даюць уяўленьня пра антураж, пра акалічнасьці сустрэчаў і думкі аўтара з нагоды. Апроч таго я тады заканчваў якраз журфак БДУ і тэмай маёй дыплёмнай працы была стылістыка публіцыстыкі Быкава. Некаторыя тэзісы зь яе трапілі тады ў дзёньнік, а цяпер увайшлі ў кніжку”.
Аксак: “А чаму так доўга не выдавалася гэтая кніжка?”
Залоска: “Напэўна, не ў пару было раней выдаваць. Нават і думкі пра гэта не было, хоць макет кнігі існаваў, але мая адсутнасьць на радзіме, вучоба, затым сьвятарства, асабліва ў пачатковы пэрыяд, не давалі адчуваньня, што трэба заняцца зноў Быкавым”.
Аксак: “Васіль Быкаў – той творца, які не ў пашане ў сёньняшняй улады. А ў вас як у праваслаўнага сьвятара няма тут нейкіх праблемаў з гэтым?
Залоска: “Існуе ўсё-ткі водападзел паміж сьвятарствам і творчым жыцьцём. Наша іерархія ня ўмешваецца ў творчае ці навуковае жыцьцё сьвятароў, калі гэтая дзейнасьць не скіраваная супраць інстытуту царквы, супраць хрысьціянства. Быкаў быў вельмі блізкі да хрысьціянства, ён без дэклярацый сваёй веры, сваёй царкоўнасьці, якой зьнешне мы ня бачылі, як асоба быў вельмі блізкі Эвангельлю”.
АЎТАР І ТВОР
АНАТОЛЬ ВЯРЦІНСКІ: "МНОГІЯ РАДКІ НІНЫ МАЦЯШ СТАЛІ ЗАПАВЕТАМ"
6 кастрычніка ў Белаазёрску на Берасьцейшчыне прайшлі паэтычныя чытаньні памяці паэткі і перакладчыцы Ніны Мацяш. Амаль трохгадзіннае паэтычна-музычнае дзейства пры паўнюткай залі ў мясцовым Палацы культуры яшчэ раз засьведчыла, зь якой пашанотай і любоўю ставяцца белаазёрцы да сваёй паэткі. "Бабіна лета ў Белаазёрску" (а менавіта такую назву мае сьвята) наведалі і сталічныя пісьменьнікі, сярод якіх быў паэт Анатоль Вярцінскі.
Міхась Скобла: "Спадар Анатоль, падобных аншлягаў на літаратурных сустрэчах я даўнавата ня бачыў. Госьці з Берасьця, зь Менску, зь Іванава, з Пружанаў, зь Беластоку. Ці чакалі вы сустрэчы з такім “Бабіным летам Ніны Мацяш”?"
Анатоль Вярцінскі: "У пэўным сэнсе, чакаў. Бо мне даводзілася езьдзіць да Ніны Мацяш у Белаазёрск і раней, езьдзіць у яе родную вёску Нівы (цяпер ускраіна Белаазёрска), і заўсёды даводзілася назіраць нешта падобнае. Прыяжджалі мы для ўдзелу ў літаратурных вечарынах, якія Ніна там ладзіла. А яна, апрача Берасьцейскага аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, кіравала там літаратурным аб’яднаньнем “Агмень”. Прыяжджалі з нагоды яе юбілеяў (50 і 60 гадоў). І тады ўжо я мог пераканацца, як ведаюць і любяць Ніну Мацяш яе землякі. Мнагалюднасьць, увага, павага, незвычайная пашанота да яе як асобы, паэткі, як проста блізкага, роднага чалавека. Хацеў бы назваць сябровак Ніны Язэпаўны, якія ладзяць гэтыя чытаньні: настаўніца Галіна Скарына, дырэктарка Белаазёрскай гарадзкой бібліятэкі Тамара Кузьняцова, выкладчыца Берасьцейскага ўнівэрсытэту Сьвятлана Варонік. Нізкі ім паклон за гэта!"
Скобла: "Вось ужо два гады мінула, як Ніна Мацяш адышла ў лепшы сьвет. Калісьці Ганна Ахматава заўважыла, што калі чалавек памірае, зьмяняюцца ягоныя партрэты. З улікам таго, што пры жыцьці паэтаў рэдка ацэньваюць аб’ектыўна, ці зьмянілася ў нашым грамадзтве разуменьне таго, кім была і ёсьць у беларускай літаратуры Ніна Мацяш?"
Вярцінскі: "Я да выказваньня Ахматавай дадаў бы яшчэ адно выслоўе: сьмерць – вялікі мастак, яна пачынае ствараць партрэт чалавека, які пакінуў гэты сьвет. Ствараць – вядома ж, мэтафара, вобраз. У дадзеным выпадку гэта праявілася само па сабе, натуральна, у чалавечым пляне. Гэта сьвята адзначалася тым, што многія радкі Ніны Мацяш, якія мы чыталі, ведалі і цытавалі як радкі-прызнаньні, радкі-споведзь, радкі-пропаведзь, гэтыя радкі для нас зрабіліся ўжо запаветам. “Ёсьць адзінае шчасьце – жыць,” – здаецца, больш ляканічна і моцна ня скажаш. Або – “жыцьцё даецца, каб радасьць з адчаем вучыліся мы прыміраць”. Пра постаць Ніны Мацяш у Белаазёрску глыбока і цікава гаварылі Алесь Разанаў, Генадзь Праневіч, Алесь Пашкевіч…"
Скобла: "Не давымотвайце мне сілы і не даводзьце да мяжы, дзе шлях мой на краю магілы ўпрэцца ў чорныя крыжы," – пісала Ніна Мацяш у сваёй апошняй прыжыцьцёвай кнізе. Мы з вамі былі на могілках у чыстым полі пад Белаазёрскам, дзе знайшла свой апошні спачынак паэтка. Там, на могілках, мне ўспомнілася, што і магіла Янкі Брыля ня ў Менску, а ў няблізкіх Калодзішчах... Чаму сёньняшняя беларуская ўлада і мёртвых пісьменьнікаў нібы баіцца?"
Вярцінскі: "Яна іх і сапраўды баіцца. Па той простай прычыне, што яны ўвасабляць сабой беларускасьць. А да беларускасьці наша ўлада вядома як ставіцца. Сынонімам да слова "патрыятызм" зьяўляецца слова “любоў”. Любоў да тых, хто любіць Радзіму, хто верыць у Радзіму, спадзяецца на яе лепшую будучыню. Памятаеш, у сьнежні 2008 году мы з табой былі сьведкамі таго, як улады не дазволілі грамадзянскую паніхіду падчас пахаваньня Ніны Мацяш. З павагі да сьветлай памяці Ніны Язэпаўны мы ня будзем цяпер гаварыць пра некаторыя дэталі. Зразумела, што Ніна Мацяш павінна была быць пахаваная на старых могілках Белаазёрску, там, дзе пахаваныя яе бацькі і сёстры. Шкада, што не хапіла мудрасьці тым, хто гэта вырашаў, хто за гэта адказваў".
Скобла: "Як вядома, Ніна Мацяш была ня толькі выдатнай паэткай і перакладчыцай, але і грамадзкай дзяячкай. Яна ў вельмі няпросты час узначальвала Берасьцейскае аддзяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Можа быць, калегам усё ж варта было яе паберагчы?"
Вярцінскі: "Не рабіце мне скідак. Ні ў чым". Гэта словы Ніны Язэпаўны. Так што ня ведаю, ці ўдалося б яе "паберагчы". Я хацеў бы зьвярнуць увагу слухачоў "Свабоды" на надзвычай высокі аўтарытэт Ніны Мацяш на ўсёй Берасьцейшчыне – менавіта ў іпастасі кіраўніцы абласнога аддзяленьня СБП. Мог асабіста пераканацца ў гэтым падчас літаратурных сустрэчаў з украінскімі літаратарамі ў Берасьці, падчас выступаў ва ўнівэрсытэце, у абласной бібліятэцы. Калі паўстала пытаньне першага прысуджэньня Берасьцейскім аблвыканкамам прэміі імя Ўладзімера Калесьніка, то прэмія, дзякуючы высокаму маральнаму аўтарытэту Ніны Мацяш была прысуджана нашаму прадстаўніку, прадстаўніку Саюзу беларускіх пісьменьнікаў".
Скобла: "Хачу жыць марудна”, – успомніўся мне ваш радок. Вашыя частыя ад’езды на лецішча, у лес – гэта таксама спроба неяк запаволіць плынь жыцьця, знайсьці зацішны куток для творчасьці?"
Вярцінскі: "На лецішчы ў мяне ёсьць вельмі ўтульная мансарда – якраз на ўзроўні вяршыні яблыні, якая падыходзіць да самай хаты. Там добра думаецца і пішацца. Там я апошнім часам рыхтаваў зборнік вершаваных мініятураў – двухрадкоўяў, васьмірадкоўяў. Зборнік павінен днямі выйсьці ў выдавецтве "Галіяфы".
АНАТОЛЬ ВЯРЦІНСКІ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ
Пра гора
Беды бываюць большыя,
беды бываюць меншыя.
А гора таму найгоршае,
што яно – бязьмежнае.
Гора… Яно – як горы,
яно – як цёмныя нетры.
І мы перад ім – без апоры.
Быццам пыл на ветры.
Перад ягоным гмахам
мы толькі часьцінкі, пылінкі,
толькі травінкі, былінкі,
агорнутыя страхам.
Гаруем, братове, сяброве?
Гаруем, мае дзеці?
Ловім таго на слове,
хто кажа пра шчасьце на сьвеце?
Гаруем во, дачушка?
Ты ў школе чула часта,
што як для палёту птушка,
так створана ты для шчасьця.
Птушка напраўду лятае.
Чаму не лятаць, не сьпяваць ёй?!
А ты вось зноў у лякарні,
зноў у бальнічнай палаце.
Вязу я табе лекі,
вязу табе перадачу,
цяжкія мае павекі,
у душы сваёй плачу.
Зь бядою я б справіўся скора.
А тут жа штосьці няўцешнае.
А як адолееш гора,
калі яно бязьмежнае?..
Канстатацыя
Спадару Стэфану Эрыксану,
Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу
Каралеўства Швэцыя ў Беларусі
Ён – Паўнамоцны насамрэч.
Ведаў кароль, каму даручыць паўнамоцтвы.
Прынамсі, для гэткіх, як сёньня, сустрэч,
поўных прыязьні і салідарных эмоцый.
Ён – Надзвычайны сапраўды.
Ён – патрыёт свайго каралеўства.
І ён так засвоіў нашай мовы лады,
нібы пачынаў на ёй гаварыць з маленства.
Так, ён пасол, якіх мала бачыў сьвет.
Пасол Надзвычайны, незвычайны –
і як сын радзімы сваёй, як швэд,
і як беларушчыны сябра адчайны.
Рэпліка ў дыскусіі аб правапісе
Заснавальнікі нашай граматыкі
былі здольныя вельмі прагматыкі.
Скажу болей – яны былі геніі:
не выдумвалі, не мудрагелілі
(геніяльнае ўсё – простае).
А рашылі так бацькі хросныя:
як маўляецца, артыкулюецца,
якраз гэтак жа і чуецца.
А як чуецца, так і пішацца,
так на літаркі, гукі ніжацца.
А як пішацца, так і чытаецца,
так адно з адным тут сплятаецца:
Які гук, такая і літара –
непадзельныя, неразьлітыя.
Кажу псэўдарэфарматару:
"Не чапай маю артаграфію –
ці ня самую ўдалую,
ці ня самую дасканалую.
Яна ўзгоднена з Усявышнім.
Мы як чуем, так і пішам.
Так, як пішам, чытаем, – са згоды
свае роднае маці-прыроды.
* * *
Грэх пачувацца самотнікам-сіратой,
глядзець крыўдліва на сьвет права ці маю,
калі ёсьць Бог, нябесны Ойча твой
і Маці зямная ёсьць – прырода роднага краю.