Уладзімер Барадач: "Ратую ня шкуру, а справу"

Уладзімер Барадач

Былы камандзір брыгады спэцназу Ўладзімер Барадач папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Сёньня ён даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.

Уладзімер Барадач: "Гэта не самамэта — узяць і ўратаваць сваю шкуру. Мэта — знайсьці спосабы, эфэктыўныя, нармальныя, добрыя, саюзьнікаў, паплечнікаў і закончыць гэтую справу".

Радыё Свабода: Якая сытуацыя з вашай просьбай палітычнага прытулку?

Барадач: "Працэдура даволі складаная. Ідзе праверка дакумэнтаў па ўсіх лініях ды структурах. Як правіла, гэта доўжыцца на працягу 3 месяцаў. Але тут сытуацыя такая, што ты заўсёды можаш зрабіць стоп, прыпыніць гэтую справу — у выпадку зьмены сытуацыі — і ехаць дадому".

Поўны тэкст інтэрвію Ўладзімера Барадача Радыё Свабода чытайце пазьней на нашым сайце

***

"Сябры мне паведамілі, што мая кватэра была адчыненая і ў ёй пакінулі рэчы, наяўнасьць якіх зьявілася б падставай для майго крымінальнага перасьледу і асуджэньня. Увесь час, што я знаходзіўся ў Заходняй Эўропе, я разважаў, ці трэба мне вяртацца дадому. Бо ў цяперашніх умовах пакідаць сваіх суайчыньнікаў — гэта як бегчы з поля бою", — заявіў Барадач у інтэрвію DW.

"Я актыўна працаваў у грамадзкай камісіі, якая займалася расьсьледаваньнем акалічнасьцяў зьнікненьня экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, я быў яго намесьнікам у Саюзе афіцэраў", — кажа Барадач.

"Я размаўляў на гэтую тэму (зьнікненьня Захаранкі — РС) з адным чалавекам, якога ў гэтым годзе забілі. Пра гэта ніхто ня ведае, яго прозьвішча назваць пакуль таксама не магу. Ён, як мы мяркуем, быў сьведкам апошніх хвілінаў Юрыя Захаранкі", — расказвае Барадач. "Па нашых зьвестках, Захаранка зазнаў неймаверныя, зьневажальныя допыты, якія доўжыліся некалькі сутак. Пасьля гэтага ў дачыненьні да яго былі ўжытыя псыхатропныя хімічныя сродкі. І ўсё гэта здымалася на відэа для справаздачы. Ад Юрыя Захаранкі дамагаліся прызнаньня ў падрыхтоўцы антыканстытуцыйнага перавароту, хацелі, каб ён паведаміў імёны кіраўніцтва і актыву Саюзу афіцэраў. Урэшце яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і расстралялі".

Барадач паабяцаў зьмясьціць на youtube сваю заяву з гэтай нагоды.

Былы камандзір 5-й асобнай брыгады спэцназу палкоўнік Уладзімер Барадач набыў шырокую вядомасьць у сярэдзіне 1990-х, стаўшы адным з ініцыятараў стварэньня Саюзу беларускіх афіцэраў. Пасьля звальненьня ў запас у 1993 годзе ён актыўна супрацоўнічаў з апазыцыйнымі дэпутатамі Вярхоўнага Cавету XIII скліканьня, забясьпечваў ахову лідэраў апазыцыі, удзельнічаў у акцыях пратэсту, яго арыштоўвалі ўлады.

Сёлета ў сакавіку ў Барадача, які ехаў у Бэрлін да сяброў купляць патрыманую іншамарку, у Берасьці на выезьдзе зь Беларусі былі канфіскаваныя 7 320 эўра. Пазьней Маскоўскі раённы суд Берасьця прызнаў Уладзімера Барадача вінаватым у “спробе незаконнага перамяшчэньня валюты празь мяжу” і пакінуў гэтыя грошы ў даход дзяржавы. Барадач напісаў заяву ў Генэральную пракуратуру пра спробу супрацоўнікаў мытні вымагчы ў яго хабар.

"Я раблю тую карысную справу, што спыню гэтых людзей. Беспакаранасьць ап'яняе іх. Ім баяцца даваць адпор, дык вось я за іх — павінен жа нехта быць першым", — сказаў тады Барадач у інтэрвію Эўрарадыё.