Калі не звальняюць, дык запалохваюць

Павялічваецца колькасьць актывістаў, якія пацярпелі ад улады за сваю грамадзкую дзейнасьць падчас выбарчай кампаніі. Некаторых звальняюць з працы, іншым пагражаюць звальненьнем. Пра такія выпадкі паведамляюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

ВІЦЕБШЧЫНА


"Дырэктар загадаў вас звольніць, каб у фірмы не было праблем"

Праз удзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі страціў працу Аляксандар Кузьняцоў, віцебскі каардынатар па зборы подпісаў за вылучэньне Рыгора Кастусёва.

Спадар Кузьняцоў працаваў кіроўцам у службе таксі “107”. Ён меркаваў, што будзе зьбіраць подпісы на пікеце ў падтрымку Рыгора Кастусёва ў непрацоўны час. Але здарылася інакш: у яго зламалася машына, і падчас вымушанага прастою, пакуль яе рамантавалі, актывіст часьцей выходзіў на пікет. Гэта не засталося незаўважаным, распавядае Аляксандар Кузьняцоў:

Аляксандар Кузьняцоў і Рыгор Кастусёў на пікеце ў Віцебску 12 кастрычніка

"Літаральна адразу пасьля таго, як я першы раз выйшаў на пікет, мне патэлефанавала старшая дыспэтчарка, якая замяшчае дырэктара, і сказала, што мной цікавіліся праваахоўныя органы і патрабавалі характарыстыку, які я работнік. Таксама сказала, каб я рамантаваў лепей машыну, а не стаяў у пікеце".

Аляксандар Кузьняцоў патлумачыў, што рамонтам займаюцца адмыслоўцы, і нагадаў: ёсьць сьведкі, што машына зламалася, бо гэта здарылася ў прысутнасьці кліентаў, для якіх давялося выклікаць іншую машыну. Дыспэтчарка, паводле ягоных словаў, заявіла, што мусіць параіцца з дырэктарам. І калі празь некалькі дзён Аляксандар Кузьняцоў выйшаў на працу, пытаньне ўжо было вырашана:

"Я патлумачыў усё дыспэтчарцы, яна сказала, што зьвяжацца з дырэктарам. Але іх фірме не патрэбныя праблемы праз тое, што я стаю ў пікеце не за цяперашняга кіраўніка краіны, і з праваахоўнымі органамі таксама праблемы не патрэбны. І, калі машына была адрамантавана, мы прайшлі камісію, і я як кіроўца быў дапушчаны да працы, дыспэтчарка мне тэлефануе ды кажа: “Дырэктар загадала вас звольніць, каб у фірмы не было праблем".

Аляксандар Кузьняцоў, бацька дваіх дзяцей, адно зь якіх — інвалід зь дзяцінства, застаўся бяз працы. Тым ня менш, учора ён ізноў выйшаў на пікет па зборы подпісаў разам з самім Рыгорам Кастусёвым, які на некалькі гадзінаў завітаў у Віцебск.

Зборшчыкаў запалохалі – і тыя зьніклі

Пра выпадкі, калі ў сяброў ініцыятыўных груп зьяўляюцца праблемы праз удзел у выбарах, распавядаюць і самі патэнцыйныя кандыдаты. У іх ліку і Сяргей Рыжоў, адзін зь віцебскіх прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах:

Сяргей Рыжоў
"У мэдычным, у тэхналягічным унівэрсытэтах студэнтаў выклікалі ў дэканат і казалі, што іх адлічаць, калі яны не напішуць заявы на выхад з маёй ініцыятыўнай групы і ня спыняць збор подпісаў. Больш за тое! Старшыня Варонаўскага сельсавету прыехаў позна ноччу ў цыганскую сям’ю, загадаў напісаць заявы, што яны выходзяць з маёй ініцыятыўнай групы, чымсьці іх запалохаў… І ў выніку цэлая сям’я зьнікла! Мы ня ведаем, дзе гэтыя людзі. Двойчы мы прыяжджалі на месца, дзе яны жылі, але сваякі кажуць, што яны зьехалі ў невядомым накірунку.

Сяргей Рыжоў кажа, што ён вельмі ўстрывожаны лёсам сям’і цыганоў, у якой былі сябры ягонай ініцыятыўнай групы. Кажа, што паводле гэтага факту ён накіраваў адпаведную заяву ў Цэнтравыбаркам. У перадвыбарнай праграме віцебскага патэнцыйнага кандыдата ёсьць адмысловы пункт пра неабходнасьць адраджэньня ў Беларусі цыганскай культуры, стварэньне цыганскіх культурна-адукацыйных цэнтраў, школ, музэяў і гэтак далей.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На Магілёўшчыне зафіксаваныя факты перасьледу бабруйскіх актывістаў стваранай “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”. Іх змушаюць адмовіцца ад збору подпісаў у падтрымку Віталя Рымашэўскага і выйсьці са складу заснавальнікаў партыі.

Перасьлед бабруйскіх актывістаў выбіваецца з агульнай спакойнай хады выбарчай кампаніі ў рэгіёне. Акрамя “хадэкаў” у Бабруйску больш нікога не чапаюць, адзначае ўдзельніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алеся Скопінцава

“Там большасьць людзей і заснавальнікі й цяпер яшчэ сябры ініцыятыўных груп, а гэта ўдвая непрыемна ўладзе. Да шэрагу сяброў БХД прыходзілі да хаты супрацоўнікі міністэрства юстыцыі, так яны прадстаўляліся, й запалохвалі іх. Мэта ў іх такая — запалохаць людзей, каб яны адмовіліся менавіта ад гэтай партыі”.
Ідэоляг дзяржпрадпрыемства змушае актывістку БХД падпісаць адмову ад партыі.

Заснавальніцу БХД Сьвятлану Абрамчыкаву ня толькі наведвалі супрацоўнікі міністэрства юстыцыі. Яе, як яна сьцьвярджае, папярэдзіў ідэоляг Бабруйскага шыннага камбінату пра недапушчальнасьць сумяшчэньня апазыцыйнай дзейнасьці з працай на дзяржаўным прадпрыемстве.

“Ён хацеў, каб я падпісала адмову ад партыі. Ён даў зразумець, што кантракт у мяне скончыцца, і я застануся на вуліцы. Кантракт скончыцца ў сакавіку. Я нічога супрацьзаконнага не раблю. Гэта ж маё права, замацаванае ў канстытуцыі. Я проста не разумею сваёй віны. Ніхто ж мяне да гэтага не змушаў. Я проста сама хацела праявіць сваю ініцыятыву. Хацела падтрымаць Віталя Рымашэўскага”.

Таісія Кабанчук
Калі Сьвятлана Абрамчыкава ўпершыню ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі, то за плячыма яе каляжанкі, лідэркі бабруйскіх хадэкаў Таісіі Кабанчук такі досьвед багаты. За сваю грамадзкую дзейнасьць яе ўжо звальнялі з працы:

“Унутры краіны нічога не зьмянілася, таму не мяняюцца іх мэтады ўзьдзеяньня на людзей. Мы застаемся пад каўпаком Ярмошынай і Лукашэнкі. Што ён загадвае, тое й робіцца. Ніхто ніякімі законамі не кіруецца”.
Мы застаёмся пад каўпаком Ярмошынай і Лукашэнкі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Тэхніка бясьпекі” на выбарах

Уціск на рэчыцкага прадпрымальніка й грамадзкага актывіста Алега Шабетніка пачаўся адразу, як толькі ён далучыўся да кампаніі “Гавары праўду”. Гэта адчулася яшчэ болей, калі ён ачоліў у рэгіёне выбарчы штаб Уладзімера Някляева.

Нечакана пачаліся праверкі ягонага прыватнага гандлёва-вытворчага прадпрыемства “Аліда і К”. Прычым, ня толькі з боку традыцыйных кантралюючых органаў, але й міжраённай інспэкцыі працы.

15 верасьня галоўны дзяржаўны інспэктар Рэчыцкай міжраённай інспэкцыі працы пастанавіў прызнаць прыватнае прадпрыемства спадара Шабетніка вінаватым у парушэньні правілаў аховы працы і аштрафаваць дырэктара на 700 тысяч рублёў.

Цяпер спадар Шабетнік намагаецца абскардзіць гэтае рашэньне праз суд.

Апавядае гомельскі праваабаронца й юрыст Леанід Судаленка:

“Я дапамагаў Алегу Шабетніку рыхтаваць скаргу на пастанову Рэчыцкай міжраённай інспэкцыі. Інспэктары па працы зрабілі сваю выснову пра парушэньне заканадаўства толькі на падставе дакумэнтаў. Яны не выяжджалі правяраць гандлёвыя кропкі, ня ўзялі тлумачэньняў у самога дырэктара.

Па вялікім рахунку, як той гандляр у шапіку можа парушыць правілы аховы працы, калі ў яго няма ні мэханізмаў, ні мясарубак, ні іншых небясьпечных прыладаў?

З улікам таго, што Алег Шабетнік ачольвае ў рэгіёне групу Ўладзімера Някляева, аднаго зь незалежных кандыдатаў на прэзыдэнта, лічу, што гэта перасьлед за яго актыўную грамадзянскую пазыцыю”.
Крыві няма, нікога не забілі — усё нармальна.

У рэгіёне за Някляева зьбіраюць подпісы блізу 400 чалавек. Днямі на гомельскіх зборшчыкаў подпісаў, якія стаялі ў пікеце ля ўнівэрмагу, напаў маладзён — стукаў па стале, абражаў зборшчыкаў, штурхаў людзей, фатаграфаваў усіх на свой мабільны тэлефон.

Кастусь Жукоўскі, які ў той дзень зьбіраў подпісы ля ўнівэрмагу, апавёў, што міліцыю яны выклікалі мо з паўгадзіны:

“І то, прыехала спачатку ахова, а сапраўдныя міліцыянты прыехалі недзе праз паўтары гадзіны. Яны спачатку нас ушчувалі. Кажуць, крыві няма, нікога не забілі — усё нармальна”.

Валянцін Стэфановіч
Экспэрт "Свабоды", юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч адзначае, што некаторыя зьмены ў выбарчай кампаніі не павінны ўводзіць у зман.

"Улада на гэтым этапе нічога не губляе. Таму што найбольш важныя моманты выбарчага працэсу яна ўсё адно кантралюе. А гэтыя паслабленьні пры зборы подпісаў робяцца знарок. Бо так можна стварыць выгляд лібэралізацыі той часткі выбарчай кампаніі, якая датычыць арганізацыі збору подпісаў. Але ж, зноў-такі, скажу, што ўсе астатнія і найбольш важныя рэчы выбарчай кампаніі застаюцца пад кантролем. Мы выдатна разумеем, што збор подпісаў за вылучэньне Лукашэнкі адбываецца зусім па-іншаму і ў іншых месцах. Я маю на ўвазе прадпрыемствы, дзе збор подпісаў робяць пад прымусам з удзелам адміністрацыі. І такіх фактаў мы маем дастаткова багата".